“Офіс” і “Паўлінкі”

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

У Міжнародны дзень тэатра ў пансіянаце “Тэатральны” Беларускага саюза тэатральных дзеячаў уручылі штогадовыя ўзнагароды.

 

 Пад час урачыстасцей міністр культуры Рэспублікі Беларусі Павел Латушка падкрэсліў ролю апякунскіх саветаў, якія цяпер змогуць ствараць арганізацыі культуры, адзначыўшы значную ролю спонсарскай дапамогі ў рэалізацыі новых тэатральных праектаў і фінансаванні гастролей. Міністр нагадаў, што ў хуткім часе запланавана і першае ўручэнне Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

Лаўрэатам "Хрустальнай Паўлінкі" стала артыстка Беларускага рэспубліканскага тэтара юнага гледача Вера Кавалерава. Прыз "Хрустальны анёл" сёлета - у руках артыста Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Уладзіміра Грамовіча. За вялікі ўнёсак у развіццё тэатральнага мастацтва "Хрустальнай зоркай" уганараваны артыст Тэатра-студыі кінаакцёра Пётр Юрчанкоў. Дзве ўзнагароды апынуліся ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага: "Хрустальная кветка" за самы яркі дэбют- у артыста Руслана Чарнецкага, а прыз "Натхненне" - у дырэктара ўстановы Эдуарда Герасімовіча.

 Гэтымі ж днямі Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з Беларускім фондам культуры падвёў вынікі Рэспубліканскага конкурсу мастакоў тэатраў на саісканне прэміі імя І.Ушакова. Пераможцай гэтага года стала мастачка Алена Ігруша за сцэнаграфію да "Офіса" купалаўцаў, а ганаровую грамату БФК і магчымасць правесці персанальную выстаўку ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры атрымаў мастак Уладзімір Пазняк за сцэнаграфію да пастаноўкі Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра "Казка дзікага лесу".

 Старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах UNESCO Уладзімір Шчасны на ўрачыстасцях у музеі ўручыў дыплом міжнароднай арганізацыі за прапаганду беларускага тэатральнага мастацтва ў СМІ. Яго лаўрэатам стала журналістка Беларускага радыё Наталля Баўкалава.