Наталля БАНДАРЧУК, заслужаная артыстка Расіі:

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

“Я закахалася ў Беларусь!”

/i/content/pi/cult/316/5551/6-1.jpg

Чаму свае прэм'еры рэжысёр "апрабоўвае" ў Мінску?

Заслужаная артыстка Расіі Наталля БАНДАРЧУК з задавальненнем наведвае Мінск пры кожным зручным выпадку, часта з'яўляецца госцяй Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад". Сёлета яна пабывала ў нас са сваёй новай стужкай. Гісторыка-біяграфічную карціну "Гогаль. Бліжэйшы" яна асабіста прэзентавала ў нашай сталіцы наступным днём пасля маскоўскай прэм'еры. Паездка Наталлі Бандарчук з новым фільмам уключала гэтым разам і паказ у Магілёве. У паўзе паміж мерапрыемствамі прэзентацыйнага тура Наталля Сяргееўна адказала на некалькі пытанняў карэспандэнта "К".

- Наталля Сяргееўна, "Гогаль. Бліжэйшы" - ваша другая стужка аб вялікіх рускіх пісьменніках ХІХ стагоддзя. Чаму такая ўвага менавіта да гэтага перыяду?

- Таму што фільмы аб іх здымаюць вельмі рэдка. Спачатку я планавала рабіць карціну аб Лермантаве, але, з фінансавых прычын, давялося заняцца Гогалем, аб чым зусім не шкадую. Гісторыя Мікалая Васільевіча, яго раскаянне - усё гэта вельмі кранае. Назва ж стужкі ўзнікла ад таго, што мастацтвазнаўцы ўпэўнены: для карціны Іванава "З'яўленне Хрыста народу" пазіраваў сам Гогаль. У спецыяльнай літаратуры гэтага персанажа называюць "Бліжэйшы да Хрыста". Мне падалося тое вельмі сімвалічным. Гэта стужка аб вельмі таленавітым чалавеку, які раптам зразумеў, што народжаныя ім вобразы нясуць у свет ліха, і вырашыў ачысціцца, пачаў весці праведнае жыццё. Дарэчы, я ў сямнаццаць гадоў сама сыграла ролю Каробачкі ў студэнцкай тэатральнай пастаноўцы, якую ладзіў Сяргей Ніканенка. Памятаю і тое, як Наташа Варлей распавядала пасля здымак у "Віі", як ёй цяжка было. Адказнасць мастака перад створанымі вобразамі- вельмі важнае для мяне паняцце.

- У вашай стужцы - вельмі цікавы акцёрскі ансамбль...

- Так, у ролі Гогаля здымаўся выдатны тэатральны акцёр Яўгеній Радзько. Аляксандру Смірнову-Расэт, у якую пісьменнік быў закаханы, увасобіла Анастасія Заваратнюк. І яна выдатна справілася з роляй гэтай прыгажуні, бо паўстае перад гледачом зусім не такая, як у шматлікіх тэлешоу. За свой выбар Яўгенія Радзько я тым больш рада, паколькі за межамі Масквы мала хто ведае гэтага цудоўнага тэатральнага артыста. Пасля маскоўскай прэм'еры да мяне падышла жанчына, спецыяліст па літаратуры, і сказала: "Я разумею, Гогаль быў менш прыгожым за Яўгенія Радзько, але я закахалася менавіта ў такога Гогаля". Мяне прыемна ўразілі гэтыя словы, бо я заўсёды намагаюся, каб паміж гледачом і экранам існавалі цёплыя сардэчныя пачуцці.

- Дзе праходзілі здымкі?

 - Часткова карціну здымалі на студыі імя Даўжэнкі ў Кіеве, але былі выезды і на месцы падзей, у тым ліку ў Расіі і Італіі. Напрыклад - у манастыры ў Опцінскай пустыні. Дазвол на здымкі там атрымаць вельмі цяжка. Мы звярнуліся з пісьмовай просьбай да тагачаснага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія ІІ, і, прызнаюся, зусім нечакана для нас яна была задаволена. Знятыя там кадры - безумоўна, лепшыя ў стужцы.

 - Ці ёсць жаданне зрабіць фільм па матывах сваёй творчасці, падзей, у якіх удзельнічалі?

 - У мінулым, юбілейным для мяне, годзе я зняла чатырохсерыйную дакументальную карціну "Сустрэчы на Салярысе" пра Андрэя Таркоўскага, стужкі "І вечнасцю напоўнена імгненне. Сяргей Бандарчук", "Сяргей Бандарчук. Пасляслоўе", а сёлета распачала здымкі фільма аб маці, Іне Уладзіміраўне Макаравай, якая, да слова, перадае прывітанне сваім прыхільнікам на Беларусі.

- Дарэчы, ці дапамагалі вам у жыцці гучныя імёны родных?

- З аднаго боку, дапамагалі, бо мае бацькі - людзі культуры. З самага нараджэння мяне акружалі добрыя кнігі з нашай вельмі багатай бібліятэкі. З іншага боку, было шмат перашэптванняў за спінай, напрыклад, тады, калі я абсалютна "аўтаномна" ад родных паступіла ў ВГИК. Дарэчы, на той момант мае бацькі ўжо былі ў разводзе... Калі здымалася ў "Салярысе", дык нехта нашэптваў Таркоўскаму, што, маўляў, ён здымае дачку кіраўніка, але той толькі смяяўся... Цяпер, калі майго бацькі даўно няма, я зразумела, якой ён быў трагічнай постаццю. Памятаю, як на Пятым З'ездзе Саюза кінематаграфістаў СССР ён прадказаў дзве рэчы, за што зведаў шквал крытыкі: разбурэнне краіны і неверагоднае падзенне ўзроўню культуры ў Расіі... Наогул, сапраўднаму мастаку заўсёды цяжка.

- Род Бандарчукоў працягвае сваю дзейнасць у кінамастацтве. На слыху стужкі вашага брата Фёдара. Як ставіцеся да ягонай творчасці?

- Фёдар - вельмі таленавіты чалавек, такі ж самы працаголік, як і наш бацька. Але ён - сучасны мастак. Памятаю, як глядзела яго першую карціну "Дзявятая рота" пра нашых салдат у Афганістане. Бачыла, як людзі плакалі пад час прагляду, я і сама плакала... Другі фільм - "Населены востраў" - мне не такі блізкі, бо не прылічаю сябе да прыхільнікаў фантастыкі братоў Стругацкіх: мне бліжэй творы Станіслава Лема і Айзека Азімава. У гэтым выпадку, больш за ўсё спадабаўся "фільм пра фільм", дзе паказваецца складаны працэс здымак "...Вострава". Што да экранізацый, дык яшчэ раз згадаю Андрэя Таркоўскага, які амаль перапісаў сюжэт аповесці Стругацкіх "Пікнік на ўзбочыне" і зняў свайго "Сталкера". Фёдар сутыкнуўся з тым, што яму давялося экранізаваць кнігу, напісаную ў савецкія часы. Нешта ў яго атрымалася, нешта - не. Але тое, што ён зрабіў,- неверагодна складана! Я карціну такога маштабу зняць не магу, а Фёдар - здолеў. Адзінае, чаго мне не хапіла ў той стужцы брата, - гумару. Што ж да задачы, якую Фёдар паставіў перад сабою цяпер - здымка фільма аб Сталінградзе, - то яна вельмі маштабная, але я ўпэўнена: брат з ёю справіцца, бо гены ў яго- бацькоўскія.

- Які фільм са сваім удзелам найбольш упадабалі?

- Нейкага пэўнага няма. Люблю "Салярыс", люблю "Зорку чароўнага шчасця", ролю Марыі Валконскай, якую ў ёй выканала. Дарэчы, як толькі прыехала ў Мінск, адразу пайшла на могілкі да Мікалая Яроменкі-малодшага, з якім здымалася разам у апошняй стужцы. Памянула і яго бацьку, Мікалая Яроменку-старэйшага. З ім таксама здымалася. Ён шмат працаваў з маім настаўнікам Сяргеем Апалінар'евічам Герасімавым... Увогуле, я ўдзельнічала больш чым у 50 фільмах. Звыш дзясятка ігравых стужак зняла як рэжысёр. Вельмі люблю працаваць з дакументальным матэрыялам. Да прыкладу, сёлета выпраўляюся на Горны Алтай, каб зняць аб ім карціну. Люблю падарожнічаць па некранутых цывілізацыяй мясцінах...

- Ці можна навучыцца акцёрскаму таленту?

- Ведаеце, у мяне ёсць свой дзіцячы тэатр "Бэмбі". У ім іграюць дзеткі ад трох гадоў. Я бяру іх да сябе без аніякага "кастынгу". Іншая справа, што кожнаму з іх усё роўна даводзіцца працаваць над роляй, вучыць тэкст. У тэатры ёсць і дарослыя выканаўцы, прычым шмат з іх - тыя, хто пачынаў у мяне яшчэ дваццаць - дваццаць пяць гадоў таму. Яны выраслі, скончылі тэатральныя вучылішчы - і вярнуліся да мяне, і гэта вельмі прыемна. Як бачыце, тэатр зацягвае, дае магчымасці разгарнуць закладзены ў кожным чалавеку талент. Таксама як і ў балеце, музыцы, у драме трэба пачынаць як мага раней, і тады будзе плён. Хачу ўзгадаць паказальны выпадак. У адным са спектакляў ролю Зайца, за якім гоніцца Воўк, выконваў шасцігадовы Ванечка. І пасля рэплікі, дзе ягоны персанаж прасіў дапамогі, з глядзельнай залы на сцэну пачынае рвацца іншы хлопчык, каб дапамагчы "зайчыку"! Бацькі, дзякаваць богу, яго затрымалі, а наш Ванечка падышоў да мяне ў антракце і кажа: "Наталля Сяргееўна, я ў такіх умовах не магу працаваць". Я яму ў адказ: "Цярпі, Ванечка! Ты ж акцёр!" Цяпер гэты Ванечка- дарослы, скончыў Шчэпкінскае вучылішча і сыграў 29 роляў. "Бэмбі" - гэта тэатр, у якім дзеці іграюць для дзяцей. У мінулым годзе, дзякуючы падтрымцы чыгуначнікаў, мы атрымалі магчымасць ладзіць калядныя спектаклі проста на Кіеўскім вакзале ў Маскве. Для нас спецыяльна адгарадзілі частку залы чакання, і мы выступалі перад дзецьмі з няпоўных сем'яў, дзецьмі-інвалідамі. Тэатр лечыць людзей. Некалі адну з роляў у маёй пастаноўцы выконваў хлопчык з дыягназам "цэрэбральны параліч", і зала яму апладзіравала! Прайшлі гады, ён вырас і стаў псіхолагам, які цяпер займаецца рэабілітацыяй такіх самых дзяцей, як ён! Ці ж гэта не лепшае сведчанне цудоўнай сілы тэатра? Тэатр - таксама адпачынак для дзіцяці, магчымасць на некалькі гадзін апынуцца ў больш камфортнай за звычайную абстаноўцы. Дзіця можа быць двоечнікам, мець праблемы ў сям'і, а ў нас ён валодае неабмежаванымі магчымасцямі, каб раскрыць сваю фантазію і асобу. Таму не раздумвайце, аддавайце дзяцей у тэатр, няхай не прафесійны, хатні!

 - У свой час вы знялі дзве цудоўныя стужкі для дзяцей: "Дзяцінства Бэмбі" і "Юнацтва Бэмбі"...

- А я не адмаўляюся ад планаў здымак для дзяцей! Ёсць задума стварыць новую карціну з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій 3D-стэрэа. Калі зраблю, першым горадам, дзе пакажу яе пасля Масквы, будзе Мінск. Увогуле, я неверагодна люблю Беларусь! Я закаханая ў вашу краіну, дзе ўзараныя палі, ладныя дарогі з чыстымі ўзбочынамі, цудоўныя, сучасныя гарады... Упэўнена, што ў вас усё будзе добра!

Гутарыў Антон СІДАРЭНКА

 Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА