Тым і каштоўны...

№ 33 (799) 18.08.2007 - 24.08.2007 г

Пачатак новага канцэртнага сезона будзе адзначаны ІІ Міжнародным фестывалем Юрыя Башмета, які пройдзе 17 — 31 верасня і ахопіць Мінск, Віцебск, Маскву і Бон. Напярэдадні падзеі карэспандэнтка “К” сустрэлася з дырэктарам— мастацкім кіраўніком фестывалю Расціславам КРЫМЕРАМ.

 /i/content/pi/cult/126/555/Subsustrechy.jpg
— Расціслаў Алегавіч, першы такі фестываль прайшоў леташняй вясной і меў вялікі поспех. Тады вы неаднойчы падкрэслівалі, што ў яго аснову пакладзена ідэя сумеснага музіцыравання маладых і знаных майстроў — ідэя, на ваш погляд, нават больш прагрэсіўная за конкурсную. Сапраўды, да “Салістаў Масквы” далучалася група духавых Прэзідэнцкага аркестра Беларусі, а з самім гэтым аркестрам пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна ігралі прызнаныя замежныя салісты. Як будзе рэалізавана ідэя сумеснага музіцыравання сёлета?

— Так, мы і надалей развіваем і пашыраем ідэю, з якой пачыналі. Сёлета ў фестывалі ўдзельнічаюць ужо не адзін, а тры вядучыя аркестры нашай краіны, прычым усе яны выступаюць разам з сусветна прызнанымі замежнымі салістамі. Акрамя Прэзідэнцкага аркестра, гэта сімфанічны аркестр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь і, галоўнае, Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр. Дадам, што апошнім на адкрыцці фестывалю будзе кіраваць галоўны дырыжор Бетховенскага сімфанічнага аркестра горада Бона Раман Кофман. Ён спецыяльна прыедзе раней, каб не толькі стаць за пульт непасрэдна ў дзень канцэрта, а і прайсці з аркестрантамі ўвесь рэпетыцыйны перыяд.
Знаёмства з іншай дырыжорскай манерай і, тым больш, самімі творчымі прынцыпамі маэстра адкрывае для аркестра новыя магчымасці. Такія рэпетыцыі — гэта, па сутнасці, своеасаблівы майстар-клас для музыкантаў.

— Думкі пра майстар-класы, якія суправаджалі б гэты фестываль, выказваліся і летась.

— Сёлета яны будуць рэалізаваны, многія майстры рады падзяліцца сваім вопытам — і гэта трэба выкарыстоўваць, як кажуць, напоўніцу. Спадзяюся, што Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі паставіцца да гэтага з вялікай адказнасцю. Сапраўды, чаму б не павучыцца не толькі ўласна на канцэртах, але і падчас непасрэдных стасункаў?

— Тым больш, што на афішах — не толькі новыя імёны, але і “старыя”: тых музыкантаў, якія ўжо ўдзельнічалі ў фестывалі Юрыя Башмета. Не баіцеся, што падобнае фарміраванне фестывальных праграм можа быць расцэнена як “міжсабойчык”? Прывядзе да прыкрых паўтораў (маўляў, сёння — тое ж, што і ўчора), затармозіць фестываль, знізіць цікавасць да яго публікі…

— А вы лічыце, што ў рэпертуары мінулагодніх салістаў усяго па адным творы — на ўсе выпадкі жыцця? І што ўсе музыканты настолькі аднапланавыя, што паслухаць іх ігру ўсяго аднойчы — дастаткова? Наадварот, тым гэты фестываль і каштоўны, што ён плённа працягвае назапашанае, закладае свае ўласныя традыцыі. Увогуле, само слова “фестываль” можа быць “перакладзена” як “свята музыкі”. Галоўная яго думка — сустрэча сяброў, якія падтрымліваюць свае зносіны і па-за сцэнай. А са сцэны заўсёды чуваць, сябруюць паміж сабой выступоўцы ці не: тут немагчыма схаваць свае думкі і свой сапраўдны твар. Таму тое, што на цяперашні фестываль пагадзіліся прыехаць ранейшыя ўдзельнікі, — найлепшы паказчык, што ім тут спадабалася, што іх прыцягвае сама атмасфера нашага фестывалю, цёплы прыём публікі. Яны рады, што прыедуць, а мы — што зноў іх пачуем. Бо гэта найвыдатныя музыканты, кожнае іх выступленне адкрывае новыя вяршыні.
Заўважу, што акрамя скрыпачоў Гідона Крэмера, Віктара Траццякова, піяніста Васіля Лабанава, габаіста Аляксея Агрынчука, віяланчэлісткі Мары-Элізабет Хэкер, якія ўжо палюбіліся нашай публіцы, сёлета прыедуць Аліна Пагосткіна — лаўрэат самага, бадай, прэстыжнага сярод скрыпачоў Міжнароднага конкурсу імя Яна Сібеліуса ў Хельсінкі, знаная расійская піяністка Ксенія Башмет — дачка Юрыя Абрамавіча. Хочацца, каб назва — фестываль Юрыя Башмета — захоўвалася не толькі так, для большай “прыгажосці”, а каб над усім лунаў сам дух гэтага музыканта. Таму з Юрыем Башметам удакладняюцца імёны ўсіх удзельнікаў, ён ведае непасрэдна кожнага, хто прыязджае на наш фестываль.

— У адным з канцэртаў, дарэчы, саліраваць будзеце і вы. Слухачы ўжо летась маглі неаднаразова ацаніць вашу тонкую музычнасць, каларыстыку гуку, асабліва пры інтэрпрэтацыі Моцарта…

— Акрамя мяне, з беларускіх салістаў вы пачуеце таксама цудоўнага віяланчэліста Аляксея Кісялёва. Але справа не толькі ўласна ў выканаўцах. Адна з галоўных мэт фестывалю — падтрымаць як беларускіх музыкантаў, так і саму беларускую музыку, а значыць — беларускіх кампазітараў. У прыватнасці, у адным з канцэртаў у Вялікай зале Палаца Рэспублікі адбудзецца прэм’ера новага твора Галіны Гарэлавай. Выконваць яго будзе Дзяржаўны сімфанічны аркестр “Новая Расія”, саліраваць — сам Юрый Башмет. Гэты твор быў спецыяльна замоўлены Галіне Канстанцінаўне акурат да гэтага фестывалю.

— Цудоўна! Гэта нармальная сусветная практыка, калі фестываль ці творчы калектыў выступае заказчыкам новага твора. Але, трэба спадзявацца, выкананне не застанецца “аднаразавым” — твор зможа ўвайсці надалей у рэпертуар і нашых беларускіх музыкантаў.

— Да гонару фестывалю, на ім адбудзецца, падкрэслю, сусветная прэм’ера гэтага твора.

— Адметнасцю фестывалю з’яўляецца і тое, што ён адбываецца ажно ў чатырох гарадах і трох краінах: Беларусі, Расіі, Германіі. Ці распаўсюджана падобная практыка за мяжой?

— Гэта я сам прыдумаў: штосьці накшталт “дарогі вялікіх музыкантаў”, якая яднае Усход і Захад. Разам з тым, падобны вопыт (можа, хіба не ўласна фестывальны) быў распаўсюджаны і раней. І Святаслаў Рыхтар ездзіў так выступаць, і іншыя расійскія музыканты: з Масквы ў Еўропу, спыняючыся па дарозе ў розных гарадах.

Можна ўзгадаць, што і ў мінулыя стагоддзі ўсходнія маршруты еўрапейскіх музыкантаў пралягалі праз Беларусь.

— Само геаграфічнае становішча нашай краіны — у цэнтры Еўропы — да гэтага абавязвае. Вось мы і фарміруем зараз тую “дарогу”, каб у наступным годзе ахапіць яе цалкам: Масква — Віцебск — Мінск — Брэст — Варшава — Берлін — Бон — Брусель — Парыж — Лондан. А надалей, спадзяюся, прадумаем і зваротны шлях — вяртанне ў Маскву, але па іншым маршруце.

— Цікава, што ў розных гарадах праграмы не паўтараюцца, а дапаўняюць адна адну.

— У тым жа Летнім амфітэатры ў Віцебску пройдзе канцэрт “Класіка сустракае джаз”, дзе будуць іграць камерны ансамбль “Салісты Масквы” Юрыя Башмета, джаз-бэнд Ігара Бутмана і амерыканскі піяніст Ігар Рацэльсон. Гэта сумесны праект з тэлекампаніяй АНТ.

— Думаецца, “вандроўны фестываль” мог бы прывабіць і турыстаў, якія цікавяцца музыкай. Ці прадугледжана, што хтосьці з прадстаўнікоў Беларусі паедзе на канцэрт у тую ж Маскву?

— Так, беларускую дэлегацыю складуць прадстаўнікі Міністэрства культуры, Мінгарвыканкама, музычнай грамадскасці.

— А матэрыяльныя пытанні? Многія добрыя ідэі, здараецца, разбіваюцца аб побыт: фестываль — справа не танная.

— Хочацца выказаць вялікую падзяку Кіраўніку нашай дзяржавы Аляксандру Лукашэнку, Міністэрству культуры Беларусі, Мінгарвыканкаму за падтрымку. За навінамі сачыце на сайце: www.bashmet-festival.com.
Кошт квіткоў на мінскія канцэрты — ад 14 да 25 тысяч, а 78 працэнтаў фестывальнага бюджэту прыпадае на спонсарскую дапамогу.

— Але ж лічыцца, што знайсці спонсараў для высокага акадэмічнага мастацтва не проста складана, а практычна немагчыма.

— Для добрага прадукту, для добрых ідэй заўсёды можна знайсці людзей і кампаніі, якія будуць рады іх ажыццяўленню. Таму я хацеў бы выказаць словы шчырай удзячнасці афіцыйным спонсарам фестывалю — кампаніям “Белтэхэкспарт”, МТС, “Хэнэсі” і спонсарам, якімі сталі “Люфтганза”, JTI, “Гефест”.

— А вам самому, як канцэртуючаму музыканту, не шкада марнаваць час на арганізацыйныя пытанні?

— Гэты фестываль быў маёй ідэяй, таму я займаюся ім і зараз. Ён варты тых сіл і часу. Да таго ж, я ўдзельнічаў у самых розных конкурсах і фестывалях за мяжой, маю вопыт навучання не толькі ў нашай Акадэміі музыкі, але і ў Лондане, таму хацеў бы прыўнесці ў гэты фестываль усё лепшае са свайго вопыту.
Ёсць шмат тонкасцей, не вядомых звычайным арганізатарам. А калі ты з гэтым сутыкаешся як музыкант, калі бачыш недахопы і плюсы знутры, дык можаш стварыць на фестывалі ўмовы, у якіх хацеў бы як удзельнік апынуцца сам. У нас вельмі добрая выканальніцкая школа, а на ўзроўні падрыхтоўкі самых юных музыкантаў — увогуле цудоўная. Таму хочацца, каб гэты фестываль садзейнічаў далейшаму росквіту нацыянальнай музычнай культуры, яе ўваходжанню ў сусветную — на роўных.

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА