Фестывалім і вяснуем!

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

27-я “Мінская вясна”, што адкрыецца ў сталічнай філармоніі 8 красавіка і з’яднае музыкантаў з дзесяці краін (Беларусь, Германія, Казахстан, Канада, Латвія, Літва, Малдова, Расія, Францыя і Японія), стане сапраўдным сімвалам аднаўлення сіл.

 

 Не пагнаўшыся за колькасцю канцэртаў, арганізатары паглыбілі канцэпцыйнасць праекта, спалучыўшы пад дахам гэтага фестывалю, вядомага яшчэ з 1980-х, два больш маладыя: "Дуэцісіма" і "Мандалінісіма".

А на прэс-канферэнцыі растлумачылі, што найвышэйшая ступень, выкарыстаная ў назвах фестывалю фартэпіянных дуэтаў і форуму мандаліністаў (а таксама гітарыстаў ды лютністаў), - частая з'ява ў музычнай тэрміналогіі, дзе без фарцісіма ды піянісіма папросту не абысціся. Ды і спалучэнне гэтых двух "-ісімаў" невыпадковае: лютня і падобныя да яе інструменты, на думку мастацкага кіраўніка Беларускай дзяржаўнай філармоніі Юрыя Гільдзюка, прывялі да з'яўлення клавесіна - папярэдніка раяля. А той будзе гучаць на цяперашняй "Мінскай вясне" асабліва часта. І не адно з-за дуэтаў, але і з нагоды 200-годдзя Ф.Ліста- кампазітара, дырыжора, а таксама геніяльнага піяніста, чые творы (а ён, вядома, пісаў іх найперш для сваіх уласных выступленняў) і па сёння застаюцца для выканаўцаў адным з галоўных іспытаў на прафесіяналізм.

Не забыты ні прэм'еры, ні беларуская музыка. Дарэчы, зусім нядаўна наш кампазітар Уладзімір Каральчук заваяваў Другую прэмію (Першая не прысуджалася) на прэстыжным Міжнародным конкурсе ў Японіі- за Санату для гітарна-мандаліннага аркестра. Цікава пачуць, ці не так?..