Венесуэла ў Магілёве

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

Пад час Дзён культуры Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Магілёве, што завяршыліся ўчора, першы сакратар Пасольства Венесуэлы ў Беларусі Херарда Эстрада і ўлады вобласці і горада абмеркавалі планы наконт супрацоўніцтва ў галіне культуры і адукацыі.

 

Намеснік першага сакратара Пасольства Валерыя Талкачова адзначыла ў гутарцы з карэспандэнтам "К", што візіт Херарда Эстрада ажыццявіўся з той жа мэтай, што і падобны да яго ў Гродна ў лістападзе мінулага года: каб больш даведацца пра культурнае жыццё рэгіёна, наладзіць творчыя сувязі, абмены. Багатая культурная праграма чакала жыхароў і гасцей Магілёва з 30 па 1 красавіка. Прычым два канцэрты паказалі публіцы і мясцовыя музыканты.

Адкрыццё Дзён культуры адбылося ў Музеі гісторыі Магілёва, дзе наведвальнікам была прадстаўлена выстаўка партрэтаў дзеячаў вызваленчага руху Венесуэлы "Галерэя герояў". Адным з самых яркіх мерапрыемстваў стаў канцэрт хору і аркестра Магілёўскай гарадской капэлы, кіраўніцтва якімі на час імпрэзы ўзяў на сябе Херарда Эстрада. Тут, а таксама на канцэрце калектываў Магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў, выконваліся творы лацінаамерыканскіх кампазітараў. У апошнім выступленні ўдзельнічалі ансамблі "Алі Прымера" ды "Іяланда Марэна" Лацінаамерыканскага культурнага цэнтра імя Сімона Балівара.

Два фільмы маладых венесуэльскіх рэжысёраў увайшлі ў праграму Дзён кіно Венесуэлы: "Урок" і "Брат".