Лазер і бізнес “Славянскага...”

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

На пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама яго старшыня Аляксандр Косінец адзначыў, што сёлета ў “Славянскім базары ў Віцебску” прымуць удзел прадстаўнікі больш чым трыццаці дзяржаў.

 

 Галоўнай ідэяй юбілейнага, XX-га фестывалю стане тэматыка, звязаная з яго гісторыяй і дасягненнямі. Губернатар запатрабаваў, каб сёлета не толькі павялічыліся даходы ад фестывалю, але каб "Славянскі базар" выйшаў на поўную акупнасць. На правядзенне форуму ў 2011 годзе запланавана 13 607 млн. рублёў, у тым ліку 2892,5 млн. рублёў - з рэзервовага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 2639 млн. рублёў - з бюджэту Саюзнай дзяржавы, 300 млн. плануе выдаткаваць Міністэрства культуры краіны, пазабюджэтных сродкаў - 7775,5 млн. рублёў.

Дырэкцыя Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" цяпер актыўна працуе над праграмай фестывалю. Як паведаміў начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў, канцэрт адкрыцця збярэ сузор'е яркіх артыстаў і творчых калектываў. Сюрпрызам для яго гледачоў стане выступленне Мірэй Мацье, "пад заслону" ж канцэрта выступіць Дзідзье Маруані з гуртом "Space". Завершыцца ўрачыстасць лазерна-піратэхнічным шоу пад музыку апошняга.

 Паводле слоў Уладзіміра Цярэнцьева, сёлета запланавана 25 канцэртаў (у 2010 годзе іх было 19) у Летнім амфітэатры і на адкрытай канцэртнай пляцоўцы на плошчы Перамогі. Упершыню ў рамках фестывалю запланаваны канцэрт калектываў Віцебшчыны.

Дзень Беларусі на "Славянскім базары..." упершыню будзе праведзены комплексна, з паказам дасягненняў у розных сферах мастацтва, навукі, тэхнікі і вытворчасці. У гэты дзень на сцэне Коласаўскага тэатра яго калегі-купалаўцы пакажуць спектакль "Пінская шляхта". У Краязнаўчым і Мастацкім музеях Віцебска адкрыецца выстаўка "Зямля пад белымi крыламi", дзе будуць прадстаўлены работы сучасных беларускіх мастакоў.

Пад час фестывалю ў Віцебску, акрамя канцэртаў, пройдзе шэраг іншых мерапрыемстваў: Тыдзень еўрапейскага сучаснага мастацтва ў Беларусі, "Тэатральныя сустрэчы", "Кінапраграма-2011", будуць дзейнічаць кірмаш народных рамёстваў "Горад майстроў", кірмаш сувенірнай прадукцыі і прадукцыі прадпрыемстваў Віцебшчыны, адбудуцца святы "Беларуская кухня" і "Віцебскі лён", Міжнародны інвестыцыйны форум і Рэспубліканская выстаўка-кірмаш "Малы бізнес у фестывальным Віцебску" - усяго больш за 70 падзей. Як адзначыў Уладзімір Цярэнцьеў, да 1 ліпеня завершацца ўсе работы па падрыхтоўцы фестывальных аб'ектаў.

Алена АЛІМАВА Віцебск