З адчуваннем жыцця

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

Пасля спектакля “Вельмі простая гісторыя” Тэатра-студыі кінаакцёра 30 сакавіка гледачы не спяшаліся пакідаць залу. Шматлікія “Брава!” патаналі ў шчырых апладысментах нездарма: у гэты дзень адбыліся ўрачыстасці, прымеркаваныя да 30-годдзя трупы. І ўжо ніяк не скажаш, што гісторыя тэатра — вельмі простая. За гэтыя тры дзясяткі гадоў у ёй з’явіліся свае даты, нават вехі, свае “ўзлёты і расчараванні”, як казалі са сцэны ў той вечар. Урэшце, склалася свая лінія лёсу...

/i/content/pi/cult/316/5540/2-3.jpgІ вызначаюць яе тыя, хто стварае тэатр. "Галоўнае багацце Тэатра-студыі кінаакцёра - унікальны калектыў, сапраўдная садружнасць аднадумцаў, якія знаходзяцца ў пастаянным творчым пошуку і радуюць сваіх прыхільнікаў цікавымі прэм'ерамі", - так гаворыцца ў віншаванні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

Віншавальны адрас зачытаў на ўрачыстасці першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі беларускага Лідара Аляксандр Радзькоў. Таксама ён уручыў Ганаровыя граматы Адміністрацыі Прэзідэнта. Завяршаючы сваё выступленне, Аляксандр Радзькоў сказаў: "Жадаю ўсім вопытным, а таксама маладым творцам свядома вызначаць стратэгію далейшага паспяховага развіцця вашага тэатра, і тады кожны з вас - а вы гэта ўмееце! - будзе прыносіць нам радасць, шчасце, адчуванне жыцця".

 Пра ўнікальнасць з'явы мінскага Тэатра-студыі кінаакцёра на постсавецкай прасторы казаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. "Дзякуй вам за тое, што вы захавалі гэтую ўнікальнасць!" - падкрэсліў міністр. І дадаў: "Тут адчуваеш шчырасць, сапраўднае натхненне, той станоўчы зарад, які атрымлівае глядач... Пярэчачы Станіслаўскаму, у вашым тэатры можна сказаць: "Веру!". Пасля міністр уручыў калектыву ўзнагароды Міністэрства: знак "За значны ўклад у развіццё культуры Беларусі", Ганаровыя граматы, граматы... Таксама міністр выказаў упэўненасць: пасля рэканструкцыі кінастудыі тэатр/i/content/pi/cult/316/5540/2-4.jpg атрымае новае памяшканне - вялікае і прасторнае.

Ад імя членаў Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе намеснік яе Старшыні Святлана Сухавей перадала віншаванні калектыву з пажаданнямі плёну ў творчасці і новых вяршынь. У якасці старшыні Беларускай гільдыі кінаакцёраў яна падкрэсліла, што арганізацыя гэтая была заснавана якраз у сценах Тэатра-студыі. А як майстар сцэны пажадала роднаму калектыву найхутчэй сустрэцца ў новых сценах.

Пра тое, што сталіца ганарыцца Тэатрам-студыяй кінаакцёра, гаварылася ў віншаванні ад Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Узнагароды і падарункі ад імя Мінгарвыканкама і мэра горада Мікалая Ладуцькі ўручалі яго намеснік Міхаіл Ціцянкоў і начальнік упраўлення культуры Віталіна Рудзікава.

/i/content/pi/cult/316/5540/2-5.jpgк сведка гістарычных падзей на вечары выступіў рэжысёр Генадзь Палока: "Я, памятаю, якраз здымаў чарговую стужку ў Мінску, калі на дошцы аб'яў студыі пабачыў загад аб стварэнні тэатра". Ды і сёння майстар, прыехаўшы на агучку сваёй новай работы, зазначыў: "Каля 80-і працэнтаў акцёраў у ёй - беларусы, і многія з іх служаць у тэатры".

Да шматлікіх шчырых прызнанняў у глядацкай любові далучылася і сапраўдная дзея ад нашай газеты. Акрамя ганаровых грамат рэдакцыі і сувеніраў работы народных майстроў для артыстаў тэатра, разам са скульптарам Аляксандрам Фінскім мы заклалі пачатак будучага музея трупы. І першым экспанатам у ім маюць стаць адбіткі рук на фаянсе, што проста на сцэне скульптар здымаў з далоняў народнага артыста Беларусі, мастацкага кіраўніка тэатра і, па сумяшчальніцтве, вядучага вечара Аляксандра Яфрэмава, заслужаных артыстаў Беларусі Святланы Сухавей і Аляксандра Бяспалага. Фаянсавая пліта праз пару дзён будзе абпалена ў печы і, спадзяёмся, стане сімвалам будучай экспазіцыі.

...Святло пагасла, словы віншаванняў прамоўлены, кветкі ўручаны героям урачыстасці... А ўжо наступным днём - спектакль "13". Калі пераставіць лічбы - атрымаецца акурат 31. Таму - з трыццаць першым сцэнічным годам, кінаакцёры!

Фота Юрыя ІВАНОВА