Падкасаўшы порткі, пабяжым за Захадам?

№ 33 (799) 18.08.2007 - 24.08.2007 г

Як усё, аказваецца, проста: паглядзеў радыкальнае кіно — і свет змяніўся ў лепшы бок. Пакажыце мне чалавека, які ўсур’ёз у гэта паверыць? Чаму ж мы, нябогі, да гэтага часу з задавальненнем глядзім “Брыльянтавую руку”, “Белыя росы”, “Семнаццаць імгненняў вясны” і з такой цяжкасцю “далучаемся” да перадавых сусветных кінаўзораў кустурыцаў ды фон трыераў?..

 /i/content/pi/cult/126/554/Socium2.jpg
Ці варта знаёміцца з новымі кінаплынямі і тымі пошукамі, што адбываюцца ў гэтым накірунку ў свеце? Безумоўна, варта, а мо і неабходна, калі ты лічыш сябе (ці жадаеш лічыць) прафесіяналам у свеце кіно. Кожны чалавек мае права чытаць “разумныя” кніжкі, глядзець “карысныя” фільмы… Але наколькі такі жанр, як радыкальнае кіно, павінен уваходзіць у наша жыццё?
І.Сукманаў падрабязна распавядае нам пра гуманістычны, “выпраўленчы” пафас падобных твораў. Але ж я асабіста не веру (і думаю, не адна я), што шляхам дэманстрацыі гледачам усёй агіды дзіцячай парнаграфіі (няхай нават у анімаваным выглядзе, што яшчэ больш цынічна!) можна спыніць рост гэтых злачынстваў. Не зусім разумею адраснасці падобных фільмаў. Хто, спытаем, мусіць іх глядзець? Людзі з “няўстойлівай” псіхікай — у якасці своеасаблівай тэрапіі? Ці, наадварот, падлеткі “крытычнага” ўзросту — у якасці прафілактыкі і своеасаблівай “прышчэпкі” ад грамадскіх заган?
На маё разуменне, радыкальнае кіно (як, зрэшты, і любыя радыкальныя меры) лагічнае і апраўданае толькі тады, калі ўсе іншыя сродкі ўздзеяння на чалавечую псіхіку выпрабаваны і вынікаў не прынеслі. Тады патрэбен “апошні шанец”. Але няўжо хто скажа, што наша грамадства ў сваёй “неўспрымальнасці” дайшло да такой поўнай “непрабівальнасці”? Няўжо нас ужо не кранаюць праблемы нашых родных і блізкіх, нашага існавання ў сучасным грамадстве, не выклікаюць эмоцый падзеі далёкай — і не вельмі — гісторыі?..
Разумею, што тыя мастацкія фільмы, якія здымаюцца сёння нашымі кінематаграфістамі, многія з пэўнай доляй іроніі называюць добрымі (у сэнсе — бяскрыўднымі) і нязлоснымі, якія пасля прагляду не выклікаюць якіх-кольвек “радыкальных” эмоцый. І, зразумела, на іх фоне надзвычай прывабна выглядае ўсялякага роду радыкальнае кіно — такое, якое дае імгненнаеўздзеянне на гледача, выклікаючы шок, страх, агіду ці якія-небудзь іншыя небудзённыя эмоцыі. Так што аўтары падобных стужак выступаюць своеасаблівымі “властителями дум”. Але вось з якой прычыны чалавечая, глядацкая псіхіка мусіць падвяргацца падобным выпрабаванням?.. Усё ж кіно, на маю думку, — від мастацтва, а не медыцынска-тэрапеўтычны псіхатропны сродак (хоць пэўны эфект эмацыянальна-псіхалагічнага ўздзеяння фільмаў на гледачоў ніхто не адмаўляе).
Разумею абурэнне кінаманаў, якія пафасна запытаюць у мяне: чым жа мы горшыя за Еўропу? Яна дэманструе падобныя стужкі, а мы што?..
Па-першае, адкажу, што далёка не паўсюль фільмы гэтага накірунку можна свабодным чынам паглядзець і паказаць іншым. І потым — гэта ўжо маё асабістае перакананне, — далёка не ўсё з таго, што “папулярна” ў Еўропе, варта слепа пераймаць і ўкараняць у наша жыццё.
Хтосьці скажа пра свабоду выбару? А ў каго яе адбіраюць? Але ж гэтая свабода ні ў якім разе не павінна абмяжоўваць свабоду іншых. Гэта як з наркаманіяй: легалізуючы свабодны продаж наркотыкаў, мы такім чынам адной рукой “захоўваем свабоду выбару” і аблягчаем жыццё невялікай сацыяльнай катэгорыі — наркаманам, але ж у гэты самы час другой рукой пазбаўляем свабоды выбару значна большую катэгорыю людзей — тых, хто ставіцца да наркотыкаў непрымальна і для каго суседства з сацыяльна небяспечнымі катэгорыямі насельніцтва з’яўляецца насамрэч праблемай. Гэтак сама выглядае сітуацыя і з радыкальным кіно: з аднаго боку, мы б’ём трывогу, што на псіхіку, асабліва дзіцячую, самым шкодным чынам уплываюць агрэсіўныя камп’ютэрныя “стралялкі” і схіляемся да таго, каб абмежаваць некантраляваны доступ да іх, закрываем свабодны доступ у эфір сцэн гвалту, парнаграфіі і іншых зверстваў, а з другога — прапануем ладзіць фестываль радыкальнага кіно, дзе ў адным месцы для масавага доступу збяром усе чалавечыя заганы і вычварэнствы. Дзе ж тут логіка?
Ёсць і яшчэ адна небяспека. “Раскручваючы” радыкальнае кіно, распавядаючы пра ягоную дзейснасць і большую эфектыўнасць паводле ўздзеяння на чалавечую псіхіку, чым тая ж сённяшняя прадукцыя “Беларусьфільма”, мы немінуча выклікаем цэлую хвалю перайманняў. Маладыя кінематаграфісты пачнуць здымаць "пад радыкалаў”, але, як часцей за ўсё гэта бывае, “копіі” акажуцца горшымі за арыгіналы. Пераняўшы знешнюю манеру і “прыкметы” радыкальнага кіно, ім наўрад ці ўдасца дасягнуць адпаведнай унутранай глыбіні і матываванасці. Найперш таму, што (пераканана!) любы жанр — і меладрама, і радыкальнае кіно — павінен арганічна выспець у тым грамадстве і ў той культуры, да якой ён збіраецца звяртацца. Гэты радыкалізм спрацуе толькі тады, калі ён моцна абапіраецца і вырастае з айчыннай, пазнавальнай “глебы”, з яе праблематыкі. Іначай ён будзе нагадваць пачварныя шпалеры, якія толькі і могуць, што раздражняць вока і правакаваць на неадэкватныя ўчынкі.
Безумоўна, знаёмства з падобнымі стужкамі павінна адбывацца — наўрад ці інфармацыйная самаізаляцыя ў дадзеным выпадку апраўдае сябе. Але ж сустрэчы гэтыя мусяць мець, на маю думку, характар закрытых праглядаў абанементнага тыпу, а зусім не фестываляў з гучнай рэкламай, прамоўшнам і ўзнагароджваннем лепшых па радыкальнасці ўздзеяння на чалавечую псіхіку.

Таццяна КОМАНАВА,
рэдактар аддзела кіно і тэатра газеты “Культура”