Знакаміты расійскі танцоўшчык, а цяпер пастаноўшчык Мікіта Далгушын карпатліва перанёс на нашу сцэну самую, бадай, старадаўнюю харэаграфічную версію гэтага балета, што захавалася на сёння. Але гэта не тая прэм'ера, што адбылася ў Парыжы ў 1832 годзе (пастаноўка Ф.Тальёні для сваёй дачкі Марыі на музыку Ж.-М. Шнейцхофера папросту была згублена, бо ў тыя часы не існавала ні відэазапісу, ні іншых сродкаў захавання харэаграфічнага тэксту). Гэта - пастаноўка дацкага харэографа А.Бурнанвіля, што была зроблена чатырма гадамі пазней, ужо з музыкай Х.Левенсхольда, і далей пастаянна падтрымлівалася і тыражавалася, дайшоўшы ў 1975 годзе да Ленінграда, дзе ў ёй удзельнічаў і наш расійскі госць, выконваючы партыю Джэймса, які закахаўся ў дух паветра - чароўную Сільфіду.
Мікіта Далгушын застаўся вельмі ўзрушаны новым абліччам тэатра і нашай балетнай трупай, з якой яму ўжо даводзілася працаваць больш як дзесяцігоддзе таму:
- У тэатры цяпер - такая прыгажосць, якая ўжо сама па сабе абавязвае. Трупа "амаладзілася", яна адчувае творчы голад, артысты хочуць спазнаць штосьці новае. Гэта не можа не радаваць! Сёння ў балеце пачаўся гэткі спартыўны бум, адчувальны ва ўсім свеце, а хочацца ж і рамантыкі, і філасофскай змястоўнасці! Усё гэта і дае цяперашняя "Сільфіда", напоеная дыханнем, суперажываннем, тонкімі чалавечымі эмоцыямі.
Увогуле, на думку М.Далгушына, балетную класіку трэба "пераглядаць", аднаўляючы пастаноўкі, кожныя пяць - дзесяць гадоў. Бо адна і тая ж харэаграфія можа несці ў сабе розныя канцэпцыі, актуальныя для таго або іншага часу, - гэтыя канцэпцыі і патрабуюць перагляду. Невыпадкова ў нашым тэатры наспелі планы па аднаўленні "Жызэлі" - вядома, з М.Далгушыным, у якога літаральна ўлюбіліся ўсе артысты. Яны амаль у адзін голас казалі, якая творчая атмасфера панавала на рэпетыцыях, але гэта было зразумела і без слоў: і па бляску ў вачах, і па тым, як, нават не дачакаўшыся заканчэння размовы, многія з іх пабеглі на сцэну - рыхтавацца.
Фота Юрыя ІВАНОВА