Ад дэбютаў да легенд

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

Вясна асаблівым чынам расквеціла Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр: на мінулым тыдні ў ягонай зале сабраліся каля 700 прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, каб разам павіншаваць пераможцаў ІІІ Рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года-2010”.

Яго заснавальнікамі з'яўляюцца Беларускі саюз жанчын, Міністэрства інфармацыі і Міністэрства працы і сацыяльнай аховы краіны.

Як зазначыла старшыня дадзенай грамадскай арганізацыі, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня Праўлення ААТ "АСБ Беларусбанк", старшыня журы конкурсу "Жанчына года-2010" Надзея Ермакова, радуе, што сёння ў дачыненні да чароўных жанчын "гаворка ідзе не толькі пра знешнюю прыгажосць, але і пра вялікія заслугі перад грамадствам".

На прэс-канферэнцыі было падкрэслена, што сёлета значна павялічылася колькасць удзельніц, таму давялося пашырыць першапачатковы спіс намінацый. У выніку ў фінал трапілі 62 прадстаўніцы з усіх абласцей краіны (на дзесяць больш, чым у мінулым годзе), якія і змагаліся за званне лепшай па дзесяці пазіцыях.

Зрэшты, у сугуччы з аб'яўленым Годам прадпрымальнасці, была вызначана намінацыя "За паспяховы дэбют у бізнесе".

Сярод лаўрэатаў ганаровай прэміі адзначана нямала прадстаўніц сферы культуры. У першай жа намінацыі конкурсу - "За лідарства і паспяховае кіраўніцтва" - перамагла дырэктар - мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага цырка, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Таццяна Бандарчук.

Крыштальную статуэтку пераможцы ў намінацыі "За ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне грамадства" атрымала кіраўнік фальклорнага калектыву "Гасцінец" Ракаўскага цэнтра культуры і адпачынку, кіраўнік хору Святога Дамініка Лізавета Пятроўская.

Напрыканцы ўрачыстай цырымоніі абвясцілі аб спецыяльным прызе "Жанчына-легенда". У ліку пяці выбітных сучасніц на сцэну была запрошана дырэктар - мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі", народная артыстка Беларусі, лаурэат Дзяржаўнай прэміі Валянціна Гаявая.

Была ўганаравана і дырэктар Магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў Людміла Мішчанка. Толькі за апошнія тры гады навучэнцы яе ўстановы атрымалі 32 узнагароды на міжнародных конкурсах, 46 - на рэспубліканскіх.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"