Ладзіць форум лепей хорам

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

22 сакавіка ў канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі будуць падведзены вынікі ІІ Рэспубліканскага семінара-практыкума па харавых спевах, які доўжыўся больш за тыдзень.

Арганізатарам гэтага буйнога форуму выступіла Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі пры садзейнічанні Беларускага саюза музычных дзеячаў і фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры краіны. На семінарпрактыкум з'ехаліся ўдзельнікі і слухачы з усёй рэспублікі: кіраўнікі аматарскіх, дзіцячых, юначых хораў, хораў навучальных устаноў, а таксама выкладчыкі і навучэнцы сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў сферы культуры і мастацтва.

Праграма атрымалася больш чым насычанай: лекцыі, прысвечаныя гісторыі, тэорыі, методыцы выкладання харавога мастацтва, адкрытыя ўрокі, творчыя сустрэчы, а галоўнае - штодзённыя рэпетыцыі зводнага хору, на якіх развучваліся творы розных стыляў для далейшага канцэртнага выканання. Зводны хор склаўся ажно з сямі сталічных калектываў: да Акадэмічнага хору Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі далучыліся хоры навучальных устаноў.

Кіраўніком вялізнага харавога дзейства быў запрошаны заслужаны артыст Расіі, прафесар Уладзімір Семянюк - дырыжор і хормайстар Маскоўскага камернага хору, адзін з аднадумцаў і бліжэйшы памочнік мастацкага кіраўніка калектыву Уладзіміра Мініна, які, дарэчы, узначальваў першы такі семінар-практыкум тры гады таму.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"