Прэзентацыя Караткевіча

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

Прэзентацыя кнігі Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” адбудзецца 24 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Эстоніі. Імпрэзу арганізуе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Эстоніі пры падтрымцы Міністэрства культуры нашай дзяржавы.

/i/content/pi/cult/314/5518/pic_8.jpgЯк адзначыла першы сакратар пасольства Наталля Садоўская, пра выдадзеную на беларускай, рускай, украінскай і англійскай мовах кнігу распавядуць прадстаўнікі Беларускага фонду культуры. Яны пазнаёмяць аўдыторыю з жыццёвым і творчым шляхам Караткевіча. Пад час прэзентацыі выступіць беларускі калектыў "Лёс" з Таліна, што дзейнічае ў аднайменным Беларускім таварыстве культуры.

У Таліне, дарэчы, знаходзяцца беларуская нядзельная школа і Грамадская бібліятэка беларускай літаратуры імя Караткевіча. Апошняя да юбілею класіка атрымала 2000 кніг на беларускай мове. Варта згадаць, што творы Уладзіміра Караткевіча раней былі перакладзены і на эстонскую.

Беларусы замежжа, падкрэслім, дэманструюць актыўную цікавасць да таго, што адбываецца ў нашай краіне: гэта пацвярджае сустрэча 12 сакавіка ў Рызе кіраўнікоў аб'яднанняў нашых землякоў у Еўропе. Яны правялі "круглы стол" "Беларусь - неад'емная частка Еўропы. Кансалідацыя беларусаў замежжа". На ім прысутнічалі прадстаўнікі суполак з Эстоніі, Расіі, Латвіі, Літвы і Украіны.