Закон паўтораў: рух па спіралі ці …

№ 29 (795) 21.07.2007 - 27.07.2007 г

На працягу 16 гадоў існавання мастацкая траекторыя “Славянскага базару ў Віцебску” некалькі разоў мянялася. І дыктаваліся гэтыя змены, найперш, тымі соцыякультурнымі ўмовамі, у якіх ён існаваў.

 /i/content/pi/cult/125/551/P.S.Fest.jpg
Спачатку гэты буйны фестываль, як і мае быць, ішоў па экстэнсіўным шляху развіцця, ахопліваючы ўсё новыя віды мастацтваў. З дасягненнем колькаснай мяжы, натуральна, наступіў перыяд інтэнсіўнага паглыблення ва ўжо назапашаныя рэзервы. Адначасова ішлі працэсы скарачэння залішніх, на думку арганізатараў, “тэрыторый” (чытай — асобных фестывальных праектаў, у тым ліку традыцыйных, як гэта было з колішнім начным джаз-клубам).
На пэўным этапе фестываль прыйшоў да сапраўднай філасофскай канцэптуальнасці. Яна выяўлялася не толькі ў адметнай сцэнаграфіі Зіновія Марголіна, дзе кожная дэталь мела сэнсавае значэнне і цягнула за сабой бясконцы ланцужок асацыяцый, але і, што было асабліва відавочна, у багатай выбітнымі рэжысёрскімі працамі тэатральнай праграме, калі ў Віцебск прыязджалі нашумелыя “Атэла” Э.Някрошуса, “Скрыпка Ротшыльда” К.Гінкаса, калі ўшанаванне памяці Марка Шагала ператваралася ў небывалае сінтэтычнае дзеянне на даху Гарадской ратушы, падпарадкаванае законам шагалаўскай эстэтыкі. Паралельна “паглыбленню”, у адпаведнасці з летнім настроем, назіраліся “ўсплывы на паверхню”, гэткае “аблягчэнне” тэматыкі, імкненне да забаўляльнасці. Шукаючы гармонію паміж свядомай працай душы і яе бессвядомым адпачынкам, калі “працуюць” хіба вочы ды вушы, фестываль прыйшоў да сёлетняга іх спалучэння, якое можна было б пазначыць назвай: 


“Перачытай!”

Сапраўды, розныя варыянты “перачытвання” — песень, літаратурных сюжэтаў, фестывальных ідэй — сталі сёлета лейтматывам “Славянскага базару ў Віцебску”. Гэта і балетная “Анна Карэніна”, і “пераспяванне” Якавам Навуменкам “залатых песень” былых дзесяцігоддзяў, і з’яўленне “Верасоў — 2007”, і зварот да купалаўска-коласаўскай тэмы ў гала-канцэрце Дня культуры Беларусі, і збіранне былых і будучых удзельнікаў “Еўрабачання” ў адным канцэрце, і музычна-кіношнае пераасэнсаванне “Дзюймовачкі”, і выкананне славянскіх шлягераў у другі конкурсны дзень, і пераказы біяграфій (у кіно — Пушкіна, у літоўскім спектаклі “Майстар-клас” — Марыі Калас), і джазавыя кампазіцыі з рэпертуару сусветна вядомых аркестраў, і прысвячэнне аднаго з канцэртаў Луі Армстронгу, і фільм-опера “Запарожац за Дунаем” паводле ўкраінскай нацыянальнай класікі, і камедыя Р.Куні “Занадта жанаты таксіст-2”, вырашаная як “аўтарскія варыяцыі” драматурга на сваю ж раней распрацаваную тэму, і “мадуляцыя” Пятра Ялфімава ад рока да сучаснага раманса ўласнага сачынення, і ансамблевыя “экскурсіі” арт-групы “Хор Турэцкага” па оперных старонках, і архітэктурнае аднаўленне Духаўскога кругліка, што непадалёк ад Амфітэатра, і шмат што іншае.Увогуле, “перачытванне” — як і кругазварот у прыродзе ці цыклічнасць у разгортванні разнастайных гістарычных працэсаў — адзін з асноўных, універсальна бяспройгрышных законаў існавання ўсяго і ўся. Гэта той “позірк назад”, які адрознівае мастацтва ад звычайнага побыту. Састарэлую рэч, якую ўспрымаюць усяго толькі як побытавую прыладу, выкідаюць без шкадавання. Старую ж дэталь даўніны, на якую глядзяць як на мастацкі твор ці гістарычную каштоўнасць, з любоўю зберагаюць. Ці аднаўляюць. Разгледзім варыянты. 


Зменім плюс на мінус — і наадварот

Парушэнне ўстойлівых клішэ, змена былых прыярытэтаў уласцівы кожнаму балету Барыса Эйфмана. Так і ў “Анне Карэнінай”, сёлетні паказ якой на “Славянскім базары ў Віцебску” стаўся адной з мастацкіх дамінант фестывалю. Замест кантрасту пакутліва рамантычнай, псіхалагічна тонкай Анны і гэткага “чалавека-машыны” Карэніна, між якімі няма і не можа быць нічога агульнага, — пакуты абоіх. Экспрэсіўнасць Карэніна, які пры сведках намагаецца захоўваць спакой і, такім чынам, быццам жыве ў двух вымярэннях, узнёсла-дзіцячыя мары Анны і асабліва — яе змрочныя галюцынацыі (быццам выкліканыя ўжываннем псіхатропных рэчываў ці тых жа наркотыкаў), таксама звязаныя з пераходам у іншы стан (у балеце гэта зроблена візуальна: артыстка, звіваючыся ўсім целам, пралазіць пад крэслам — і апыняецца ў іншым свеце), — як усё гэта кантрастуе з заліхвацкай сцэнай скачак (мужчынскі кардэбалет заўзята галапуе вярхом на крэслах) і, галоўнае, жудаснай машынерыяй цягніка, які ў фінале геніяльна ўвасабляе структураваны балетны натоўп! Вядомы сюжэт становіцца гісторыяй пра трагічную супрацьлегласць індывідуальнага і масавага. А яшчэ — пра лёгкасць пераходу першага ў другі: у фінале першай дзеі бяскрыўдны цацачны цягнічок, што смешна-настальгічна ездзіць па дзіцячым пакоі вакол ног Анны, застаючыся для яе балючым напамінам пра сына, у фінале спектакля ператвараецца, бы двухаблічныя тэмы Шастаковіча ці Малера, у вобраз жорсткай, немінучай смерці. І як жа дакладна ўсё гэта не толькі не парушае, а — развівае ідэі Талстога! 

“Пераклад”
Зусім іншы варыянт атрымаўся пры трансфармацыі оперы ў, здавалася б, вельмі блізкі жанр фільма-оперы, як гэта адбылося з “Запарожцам за Дунаем”. Украінскія оперныя салісты былі, як заўсёды, на вышыні, але гэта не выратоўвала агульнага становішча. Бо ўласна ад оперы Сямёна Гулак-Арцямоўскага — выдатнага спевака і асабістага сябра Міхаіла Глінкі — засталося мала што. Так, опера, створаная яшчэ ў 1863 годзе не столькі кампазітарам, колькі выканаўцам, які шчодра “калекцыяніраваў” у яе музычным матэрыяле цытаты са свайго рэпертуару, не пазбаўлена хібаў. Яе рэдагавалі і раней, асабліва пры пастаноўцы 1951 года. Але зараз у ёй дасачынялі столькі, што ад арыгінала засталася хіба назва. Узнікла не толькі новая “завязка” (малады рэжысёр марыць зняць фільм-оперу, ды не мае напачатку грошай), але і новыя гістарычныя асобы (Кацярына ІІ і яе фаварыт Пацёмкін), і новыя музычныя нумары (прычым як па-за межамі ўласна опернага сюжэта, так і ўнутры яго — з гэткай жа стылізавана неспалучальнай музыкай). Няўжо такога цалкам разбуральнага стаўлення патрабуе нацыянальная класіка?

Спрошчваем ці ўскладняем?

Здаецца, менавіта паводле такой формулы ствараюцца многія “перачытанні” твораў для дзяцей. Ускладняюцца даганялкі-стралялкі — усё астатняе максімальна спрошчваецца.Насуперак гэтаму, расійскі музычны фільм “Дзюймовачка” Леаніда Нячаева стаўся філасофскай казкай пра пошукі ўласнага “Я”.
Можа, не зусім пераканаўча глядзеліся сцэны ў краіне эльфаў, але кожны віток падарожжа маленькай гераіні ўспрымаўся як яе спроба “прымерыць” на сябе жыццёвыя асновы тых, з кім ёй давялося сустрэцца.
Пры гэтым Жабяня стала дзіцячым варыянтам Абломава, Крот — Фауста, які дасягае ўсяго без “дапамогі” Мефістофеля, Жукі — таталітарнай сістэмы і г. д.
Мабыць, дзецям добрая палова тых “філасофій” засталася незразумелай, але ж вельмі актуальна, быццам “прысвячэнне” многім фестывальным праграмам, гучаў галоўны тэзіс фільма: кожны павінен быць самім сабой.
На жаль, у “дарослай” тэатральнай праграме “Славянскага базару ў Віцебску” даўно ўжо назіраецца супрацьлеглая тэндэнцыя — ад максімальнага спрошчвання ўсяго, пачынаючы з драматургічнай асновы, да таннай антрэпрызы, старых, даўно “заезджаных” пастановак. Не пазбегнуў гэтага і сёлетні фестываль. Не, я — не супраць камедый! Але — за іх адпаведнае ўвасабленне, за каскад бліскучай акцёрскай ігры, а не “прагаворванне” тэксту сабе пад нос, быццам уся трупа спазняецца на самалёт і па дарозе паўтарае свае ролі. 


Паўтарэнне — маці вучэння

Але ж вось што цікава: калі паўсюль наступіла эра “рэміксаў”, “рымейкаў”, “кавер-версій” і ўсяго таго, што завецца варыянтным мысленнем, часам паўстае пытанне: а навошта ўсё гэта? “Што ж тут беларускага?” — спыталі расійскія журналісты ў Якава Навуменкі, калі ён прэзентаваў свой дыск “старых песень пра галоўнае”. Пры гэтым падобных пытанняў у дачыненні да самой расійскай эстрады не ўзнікае.
А між тым, кожны зварот нацыянальнай культуры да замежнага вопыту, імкненне зрабіць чужы матэрыял сваім прыводзяць, у рэшце рэшт, да яе ўзбагачэння (гэта як пераклад вершаў з адной мовы на другую, які вымушае вышукваць не “кальку”, а свае нацыянальныя адценні) і, у выніку, рухае нацыянальную культуру наперад — ужо самой “канкурэнцыяй” яе з тымі ўзорамі, што прайшлі выпрабаванне часам, тым “навучаннем”, што яна праходзіць, калі бярэ гэтыя “майстар-класы”. Можна, канешне, абвінаваціць таго ж Я.Навуменку, што ён не імкнуўся “рэвалюцыйна” пераасэнсаваць лірычныя песні, не перарабляў іх у “дыскатэку”, што пайшоў за слухачом. А можна і дадаць, што гэтым дыскам ён прадоўжыў… нацыянальныя традыцыі, выпусціўшы свой “навуменкаўскі сшытак” самых папулярных у звычайнай публікі песень — па аналогіі з колішнім “Полацкім сшыткам”, дзе сабрана музыка, не абавязкова створаная ў Беларусі, але ў свой час вельмі папулярная, запатрабаваная. Іншымі словамі, гэткі “хіт-парад”, зрэз слухацкіх густаў “сярэднестатыстычнай” беларускай глыбінкі. 


Соты раз у першы клас

Але ж паўтор паўтору — розніца.
Той, які не толькі нічога не дадае, але і становіцца куды горшым за ранейшыя спробы, выклікае асацыяцыі хіба з нафталінам і дрэнным густам. І гэта — таксама закон!Даследчыкі ледзь не ў адзін голас адзначаюць, як з цягам часу змяняецца наша ўспрыманне і ўвасабленне музычнай класікі: паскараюцца тэмпы, удасканальваюцца штрыхі. А відэаверсіі балетных нумароў пачатку стагоддзя ўвогуле нельга глядзець без усмешкі: маўляў, пастаяла балерына, ножку прыўзняла, адзін раз крутанулася — і гэта харэаграфія? А цяпер уявіце, што ўсё — наадварот, што прагляд той “балетнай аўтэнтыкі” выклікае ў вас адчуванне недасягальных тэхнічных вяршынь. Скажаце, немагчыма? А вось на эстрадзе часам — яшчэ як магчыма… 


Вяртанне да зыходнага пункта

Старшыня журы сёлетняга Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў Кім Брэйтбург неаднойчы дзяліўся ў інтэрв’ю сваімі заўвагамі наконт пачутага і ўбачанага. Насцярожыла адна думка, якую ён у розных варыянтах выказваў некалькі разоў: маўляў, галасы на конкурсе былі, а вось шоу — неставала. Што ж, нельга не пагадзіцца: цяперашні конкурс “Славянскага базару ў Віцебску”, нават у параўнанні з мінулагоднімі, быў куды больш стрыманы паводле відовішча і антуражу. Але сапраўдны конкурс і шоу — розныя рэчы.У першыя гады нашага фестывалю, калі закладаліся яго конкурсныя традыцыі, былі прыклады і супрацьлеглыя: спевакі, якім бракавала вакальных даных, імкнуліся да больш тэатралізаваных сродкаў выразнасці. Нарэшце, конкурс усталяваўся менавіта як творчае спаборніцтва спевакоў, а не шоу-нумароў. Мабыць, не трэба адмаўляцца ад назапашанага, вяртаючыся да зыходнага пункта? Бо на сённяшні дзень конкурс “Славянскага базару ў Віцебску” застаецца адным з нямногіх эстрадных спаборніцтваў, дзе цэняцца вакальныя сродкі выразнасці, а не іх адсутнасць — на карысць адно відовішчу. Іншая справа, што праграма магла б быць пашырана конкурсам не толькі выканаўцаў, але і тых шоу-нумароў, якія яны паказваюць. Чым не добрая ідэя? Бо, да ўсяго, гэта зрушыла б наперад усю нашу эстраду, прымусіўшы рыхтаваць відовішчныя ноу-хау не толькі раз на год да “Еўрабачання”, і, у рэшце рэшт, прывяло б да новых якасных вяршынь нашага мастацтва.

Надзея БУНЦЭВІЧ