Французскія “Гарызонты”

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

Выстаўка фотаздымкаў пейзажаў пад назвай “Гарызонты” адкрылася днямі ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”. Яе аўтар — прафесійны фотамастак з Францыі Антуан Ганен.

Экспазіцыя чорна-белых здымкаў прыроды і архітэктуры Францыі працуе ў рамках Дзён франкафоніі ў Беларусі. Яе арганізавала Пасольства Французскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

Выстаўка дэманструе тэхналагічныя будынкі буйных прадпрыемстваў еўрапейскай краіны на фоне мясцовых краявідаў. Прагматызм і рамантыка, зручнасць і імкненне вылучыцца, гармонія сучаснай архітэктуры з прасторай - фотамастак адлюстроўвае самыя лепшыя якасці гэтых будынкаў праз прызму ўласных назіранняў, эксперыментаў з кампазіцыяй і святлом.

Усе гэтыя фотаработы ўваходзяць у альбом "Гарызонты", які змяшчае здымкі, што былі створаны Антуанам Ганенам цягам васьмі гадоў. Прэзентацыя альбома і выстаўка адбыліся ў шматлікіх краінах свету. У галерэі "Універсітэт культуры" творы мастака будуць экспанавацца да 26 сакавіка.