Янка Купала: гісторыя кахання

№ 29 (795) 21.07.2007 - 27.07.2007 г

“Ад вершаванага радка — да SМSкі” — менавіта так можна было б ахарактарызаваць той шлях, які літаральна за паўтара дзесяцігоддзя прайшла “народная лірыка”. Гэта раней юнакі і дзяўчаты, як знак увагі, пісалі і чыталі адно аднаму радкі з вершаў любімых паэтаў. Сёння ж у нашмат большым ужытку — звыклыя кароткія паведамленні на мабільнік. Непавага, адсутнасць пашаны да слова, што развілася ў будзённым жыцці (не выключаючы і брыдкаслоўе), шмат у чым звязана і з аслабленнем “культу слова” ў сучасным мастацтве.

 /i/content/pi/cult/125/550/Yanka Kupala.jpg
 Янка Купала.
Сёння ў драматычным тэатры рэжысёры ўсё часцей замест таго, каб выкшталцоўваць моўную партытуру спектакля, націскаюць на музычна-пластычную выразнасць пастаноўкі — маўляў, гэта выклікае ў гледачоў большае ўражанне. Я ўжо не кажу, што на айчынным радыё практычна знік такі папулярны яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму жанр, як радыёспектакль.
Між іншым, ён якраз на сённяшні дзень выглядае адной з перспектыўных і надзвычай сучасных форм укаранення ў масавую культуру твораў літаратурнага мастацтва. І гаворка не толькі пра тое, што, у адрозненне ад тэатра, да радыёспектакля можа далучыцца літаральна кожны, у каго паблізу маецца радыёкропка, — дастаткова толькі ўключыць радыёпрыёмнік і настроіцца на патрэбную хвалю. Менавіта сродкамі радыё магчыма, з аднаго боку, шырока папулярызаваць не толькі айчынную класіку, але і творы сучасных літаратараў (у тым ліку, да прыкладу, і маладых — арганізаваўшы своеасаблівы “інтэрактыў”, у якім свае меркаванні пра творчасць і канкрэтныя творы змогуць выказаць усе ахвотныя радыёслухачы). А з іншага — ствараць своеасаблівае “культурнае поле”, якое справакуе літаратараў на працу ў драматычным жанры, бо не сакрэт, што існуе шэраг таленавітых пісьменнікаў, якія не пішуць драматургічныя творы толькі таму, што “іх нідзе не паставяць”, у той час як досвед сусветнай гісторыі драматургіі паказвае: цэлы шэраг драматургаў ХХ стагоддзя прайшлі этап свайго творчага станаўлення і займелі сусветнае прызнанне менавіта дзякуючы сваім радыёп’есам.
І вось да юбілею нашага Песняра Янкі Купалы Першы Нацыянальны канал Беларускага радыё падрыхтаваў прэм’еру — радыёспектакль “Паэт і дзяўчына” Пётры Васючэнкі ў рэжысуры Рэнаты Патакі. Пабудаваны на аснове ўспамінаў галоўнай гераіні спектакля — Паўліны Мядзёлкі, рэжысёр распавядае нам пра асобу Паэта вачамі маладой дзяўчыны, пра прывабнасць яго духоўнага свету і тых вершаў, што выходзілі з-пад пяра Купалы.
Ёсць і яшчэ адзін адмысловы аспект інтарэсу да дадзенай радыёпастаноўкі. Колькі б мы ні казалі пра значнасць і важнасць для беларускай літаратуры такой Асобы, як Янка Купала, для маладога пакалення нашых сучаснікаў ён, часцей за ўсё персаналія эфемерная. І не таму, што сама творчасць Купалы па нейкіх там прычынах “перастала натхняць” — гэты аспект у якасці аргумента нават не ўзнікае. А проста, кажучы сучаснай мовай, яму, яго асобе, не хапае “піару”. Ну што мы ведаем пра Купалу такога “адмысловага”, што можна было б уключыць у рубрыку “Невядомая сенсацыя”? Меў адну жонку, не адзначыўся ні бурнымі раманамі, ні сацыяльна-палітычнымі скандаламі, ні п’янствам, больш за тое — свядома ўнікаў гэткай “славы”... Адным словам — сум! Як жа можна “ўсур’ёз” цікавіцца такой “стэрыльнай” фігурай?! Безумоўна, наўрад ці варта гаварыць, што ў жыцці Купала менавіта гэткім і быў — тагачасныя варункі былі не надта простымі і бяскрыўднымі. Але ж айчынныя навукоўцы ў свой час прыклалі шмат намаганняў для таго, каб “вызваліць” постаць Купалы ад сацыяльна-асобаснага “багажу”, пакінуўшы адно толькі творчы — яго літаратурную спадчыну.
Дадзены ж спектакль пакліканы, акрамя іншага, да таго, каб “упусціць свежае крыві” ў вобраз Купалы, каб давесці, што, нягледзячы на ўсю “манументальнасць” і “класічнасць”, Янка Купала быў, да ўсяго, і чалавекам, якому былі не чужыя самыя розныя пачуцці, у тым ліку і каханне.
Зрэшты, інтрыгі ў пошуку паэтавай “каханкі” няма: у якасці музы выступае рэальная
 /i/content/pi/cult/125/550/Yanka Kupala1.jpg

 Паўліна Мядзёлка.

гістарычная асоба — Паўліна Мядзёлка. Яна пакінула па сабе след даволі актыўнай рэвалюцыянеркі, якая ў пазнейшыя часы пацярпела за свае перакананні і ўчынкі, зведаўшы ў якасці палітвязня шмат лагераў, у тым ліку і савецкіх. А ў юнацтве Паўліна была ўдзельніцай пастановак паводле купалавых п’ес, і лічыцца, што менавіта з яе і для яе быў напісаны аднайменны вобраз неўміручай купалавай “Паўлінкі”. Аніякага бурнага, “прылюднага” рамана ў Купалы з Мядзёлкай не было, і некаторыя гісторыкі нават сцвярджаюць, што далёка не ўсё ва ўспамінах самой Мядзёлкі, напісаных ёю ў апошнія гады свайго жыцця, можна браць на веру, у тым ліку і падрабязнасці прыязнасці з Купалам. Аднак аўтар літаратурнага радыёсцэнарыя Пётра Васючэнка гісторыю кахання Янкі і Паўлінкі сумненням не падвяргае. Бо для драматурга любая версія — гэта ўдалая нагода для таго, каб стварыць цікавую,займальную гісторыю чалавечых узаемаадносін, тым больш, калі ў якасці фігурантаў выступаюць дзве знакавыя і значныя асобы. Дакладней, тры: пажылая Паўліна Вікенцьеўна, ад чыйго імя і вядзецца аповед (актрыса Алена Пастрэвіч), маладая Паўлінка — актрыса Юлія Шпілеўская, якая, дарэчы, у сваім “родным” Купалаўскім тэатры таксама іграе Паўлінку, і сам Паэт, ролю якога выконвае акцёр Аляксандр Шароў.
Радыёспектакль, у прыватнасці, яго сюжэтная канва — чарада сустрэч Паэта і Музы. Усе яны пазначаны цеплынёй і шчырасцю ўзаемаадносін, а, да ўсяго, і агульнай ідэяй — абуджэннем у беларусаў любові і пашаны да сваёй Радзімы, гонару за ўласны край, чаканнем (і — прыспешваннем канкрэтнымі дзеямі!) таго часу, калі Беларусь нарэшце зойме “свой пачэсны пасад між народамі”. Менавіта на фоне ідэйнай еднасці і разгортваецца лірычная гісторыя кахання двух маладых людзей. Але і гэтыя пачуцці вышэйшыя за звыклае “прыцягненне полаў”: кожны раз Паўлінка адказвае Купалу, што не можа стаць яго жонкай, але не таму, што не кахае яго, не: для яе Купала — гэта “сцяг нацыянальнага адраджэння”, агмень, што павінен сагрэць усіх беларусаў. І яна проста не можа дазволіць сабе бачыць у ім адно толькі прывабнага мужчыну. Ды і сама яна імкнецца быць для яго не “проста дзяўчынай”, а — паплечніцай, размаўляючы, хоць і шчыра, ды часам недарэчна, фразамі-цытатамі з купалавых вершаў, п’ес... 

Таццяна КОМАНАВА

(Фотаздымкі з фондаў Дзяржаўнага
літаратурнага музея Янкі Купалы.)