Урачыстае адкрыццё форуму адбылося 24 сакавіка з удзелам іранскай дэлегацыі, афіцыйных асоб ды прадстаўнікоў іранскай дыяспары ў Беларусі.
Спецыяльна для ўдзелу ў мерапрыемствах у Мінск прыехала група іранскіх кінематаграфістаў, якая складаецца з кіраўніцтва адной з буйных кінастудый і папулярных акцёраў. На сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай прэсы ў іранскім пасольстве ў Мінску яны расказалі пра развіццё свайго нацыянальнага кінамастацтва і сістэмы кінаадукацыі ў Ісламскай Рэспубліцы ды выказалі цікавасць да Беларусі і яе кінематографа. Члены дэлегацыі, а таксама прадстаўнікі дыпмісіі выказалі ўпэўненасць у тым, што гэтае буйное мерапрыемства палепшыць ўяўленне беларусаў пра жыццё ў Іране і дапаможа усталяваць больш шчыльныя культурныя і эканамічныя кантакты паміж народамі абедзвюх краін.
Беларускі глядач у які раз атрымаў магчымасць азнаёміцца з лепшымі дасягненнямі адной з самых цікавых кінематаграфій у свеце. Мінулым годам у гэтай краіне выпушчана амаль 100 мастацкіх стужак, што разам з тэлевізійнымі склала каля 300 карцін. Восем фільмаў самых розных жанраў, уключаных у Тыдзень іранскага кіно, знятыя з 1989 па 2010 гады, адносяцца да сферы так званага сацыяльнага кінематографа.
С.А.