На творчыя — па новых правілах

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

У Беларусі зменены правілы прыёму ў ВНУ і ССНУ на спецыяльнасці сферы культуры і мастацтва. Як паведамілі ў Прэс-службе Кіраўніка дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка 14 сакавіка падпісаў Указ № 109, якім унесены дапаўненні ва Указ ад 7 лютага 2006 года № 80 “Аб правілах прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы”.

 

У прыватнасці, дакумент рэгулюе пытанні паступлення абітурыентаў у ВНУ і ССНУ на спецыяльнасці сферы культуры і мастацтва, а таксама пытанні прадастаўлення дадатковых ільгот пры паступленні ваеннаслужачым зводнай роты ганаровай варты.

Залічэнне абітурыентаў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў будзе ажыццяўляцца па конкурсе на аснове агульнай сумы балаў, падлічанай па выніках уступных іспытаў па прадмеце "творчасць", і сярэдняга бала сумы балаў, атрыманай па выніках здачы цэнтралізаванага тэсціравання і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.

Такая мера дасць магчымасць фарміраваць кантынгент гэтых ВНУ найбольш творча адоранымі маладымі людзьмі. Таксама прадугледжана першачарговае залічэнне на творчыя спецыяльнасці на ўмовах аплаты абітурыентаў, якія здавалі ўступныя іспыты па прадмеце "творчасць" або ўступныя іспыты па спецыяльнасці ў гэтай вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай навучальнай установе.

Паводле паведамлення Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 

 

- Эксперымент, у ходзе якога абітурыенты творчых навучальных устаноў паступалі па новых правілах, - пракаменціраваў дакумент для "К" намеснік начальніка аддзела навучальных устаноў і работы з творчай моладдзю Міністэрства культуры краіны Анатоль Мукалаў,- доўжыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў два гады. Ён даў выдатныя вынікі і цалкам апраўдаў прыняцце новаўвядзенняў. Падкрэслю, цягам гэтага часу эксперымент знаходзіўся пад самай пільнай увагай Міністэрства культуры і ўсіх зацікаўленых устаноў. У дачыненні літаральна да кожнага абітурыента балы падлічваліся і па новай, і, для параўнання, па старой сістэме. Усё гэта дало падставы сцвярджаць, што дзякуючы новым правілам у творчыя ВНУ паступаюць менавіта тыя апантаныя музыканты і мастакі, якія вельмі шмат часу аддаюць спецыяльным заняткам, ездзяць на конкурсы і таму, можа, не заўсёды атрымліваюць такія ж высокія адзнакі па агульнаадукацыйных дысцыплінах. Раней роўную вагу мелі балы па ўсіх іспытах: і па творчых, дзе абітурыент, можна сказаць, праходзіў праверку на адпаведнасць абранай спецыяльнасці, і па тых дысцыплінах, што ўключаны ў цэнтралізаванае тэсціраванне. Але, пагадзіцеся, для таго ж музыканта ацэнка яго творчых здольнасцей і ўзроўню падрыхтоўкі важнейшая за адзнаку па іншых дысцыплінах. Цяпер, калі ўлічваецца сярэдняе арыфметычнае адзнак за агульнаадукацыйныя дысцыпліны, творчы іспыт набывае яшчэ большую значнасць. І- дае магчымасць трапіць у творчыя ВНУ менавіта тым юнакам і дзяўчатам, якія сваім талентам будуць адстойваць гонар нацыі.