Насустрач сябрам

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

Дабрачынная акцыя “Дарога дадому” ў падтрымку братоў нашых меншых адбудзецца сёння ў сталічным Цэнтральным дзіцячым парку імя М.Горкага. Яе пачатак — а 13-й гадзіне.

Грамадскае аб'яднанне аховы жывёл "Эгіда" ўжо неаднойчы дапамагала бяздомным і згубленым хатнім жывёлінам атрымаць такім чынам гаспадароў. Праграма сённяшняй акцыі будзе насычаная і цікавая. Да яе далучыліся і музыканты: Настасся Ціхановіч, Вера Карэтнікава, Аляксандра & Канстанцін, Шыр ды іншыя. Як паведамілі карэспандэнту "К" у аб'яднанні, многія з іх штогод прымаюць удзел у канцэртах, якія адбываюцца ў падтрымку бяздомных жывёлін. Госці падзеі пабачаць і прэзентацыю сабачай моды, пад час якой самыя маленькія сабачкі прадэманструюць арыгінальныя касцюмы.

Шмат валанцёраў дапамогуць арганізаваць і правесці свята, і кожны з нас можа стаць ім: "Эгіда" чакае ад наведвальнікаў дапамогі ў выглядзе корму для жывёлін, лекаў, неабходных для іх жыцця і росту рэчаў. Пад час акцыі будуць працаваць ветэрынары.