Кінарэжысёр Алена ТУРАВА: “РЫЖЫК...” У ФАРМАЦЕ СЯМЕЙНАГА КІНО”

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

Пра спецэфекты, 3D для казкі і няўрымслівае пакаленне

/i/content/pi/cult/314/5487/pic_29.jpgБеларускае кіно заўсёды надавала вялікую ўвагу стужкам для дзяцей. 24 сакавіка, разам з пачаткам школьных вясновых канікул, на экраны кінатэатраў Беларусі выходзіць новы фільм Алены ТУРАВАЙ "Рыжык у Залюстэраччы". Але гэтым разам Нацыянальная кінастудыя прапануе гледачу не проста сямейнае кіно. Досыць распаўсюджанае ў свеце, яно з'яўляецца самым папулярным і прыбытковым, бо накіраванае на гледачоў розных пакаленняў.

Знятая паводле аўтарскага сцэнарыя, стужка Алены Туравай насычана падзеямі і персанажамі. Адначасова яна адсылае да самых вядомых казак Льюіса Кэрала, Ганса Хрысціяна Андэрсэна і работ нацыянальнай кінакласікі - карцін Леаніда Нячаева, Уладзіміра Бычкова, - на якіх узгадавана не адно пакаленне дзяцей на постсавецкай прасторы. Але, у адрозненне ад стужак згаданых папярэднікаў, "Рыжык у Залюстэраччы" - фільм куды больш складаны, у першую чаргу дзякуючы багата выкарыстаным новым тэхналогіям. На прыкладзе новай карціны становіцца зразумела: айчыннае кіно за апошнія некалькі гадоў зрабіла вялікі крок наперад, прынамсі, у валоданні сучаснай тэхнікай.

Складанае спалучэнне традыцыйных здымак на кінаплёнку і рознабаковай камп'ютарнай анімацыі - "візітоўка" менавіта Алены Туравай. "Рыжык у Залюстэраччы" - другая поўнаметражная работа рэжысёра, якая прыйшла ў ігравое кіно з вялікім вопытам працы над мультыплікацыйнымі творамі. Талент прыдумаць свой, асаблівы, свет, а галоўнае - здолець увасобіць яго на экране - моцны бок энергічнага характару Алены Туравай. Менавіта з таго, якім чынам пераносілі фантазіі з паперы на кінаплёнку, і пачалася наша размова з аўтарам прэм'еры "Беларусьфільма".

 

Эфекты правяць балем

- Камп'ютарнай графікі ў нашай стужцы вельмі шмат,- зазначае Алена Турава. - Хачу выказаць асобную удзячнасць тым цудоўным мастакам, спецыялістам-камп'ютаршчыкам, што з намі працавалі. Аказалася, на Беларусі ёсць людзі, якія могуць рабіць камп'ютарныя спецэфекты не горш, чым у Галівудзе! Пры гэтым значна танней, ды з большай выдумкай, бо бюджэт нашага "Рыжыка..." у разы меншы за галівудскія стужкі. Сёння ў нас ёсць сучаснае абсталяванне, але яшчэ некаторых складаных прыстасаванняў і апаратуры "Беларусьфільм" пакуль не закупіў. Таму даводзіцца вырашаць праблемы сваімі сіламі з дапамогай прыродных здольнасцей. Напрыклад, такі эфект, які па-англійску называецца motion camera і дазваляе "размнажаць" персанажа ў кадры, мы стваралі без адпаведнай апаратуры. Атрымалася не горш, чым за мяжой! Тое ж можна сказаць аб персанажы, які цалкам створаны з пяску, прычым, як і ў самых якасных замежных карцінах, кожная з мноства пясчынак рухаецца асобна. Заўважу, што зроблены гэты эфект зусім па-іншаму. Затое вынік - не горшы! Як і "поўсць", якая пакрывае некаторых персанажаў. Заўважу, што ў свеце 3D-анімацыі зрабіць так, каб поўсць у кадры выглядала натуральнай, лічыцца ці не самай цяжкай задачай. Нашы "пухнатыя" атрымаліся як след - шарсцінка да шарсцінкі, чым можна толькі ганарыцца! І такіх прыкладаў можна прывесці вельмі шмат. Дзякуючы супервайзеру спецэфектаў Аляксею Дубко нам удалося ўвасобіць задуманае.

- Супервайзер - новая прафесія ў спісе кінематаграфічных, якая з'явілася на "Беларусьфільме" толькі некалькі гадоў таму...

- Так, супервайзер спецэфектаў- чалавек, які адказвае за падрыхтоўку ўсіх спецэфектаў карціны, - з'яўляецца "сувязным звяном" для ўсіх спецыялістаў, мастакоў і праграмістаў, што працуюць над стужкай. Прычым яго праца пачынаецца яшчэ з падрыхтоўчага этапа, калі супервайзер можа сур'ёзна скарэкціраваць планы здымачнай групы. Усе спецэфекты можна падзяліць на дзве часткі: так бы мовіць, "натуральныя", якія выконваюцца ўжывую, і цалкам камп'ютарныя. Існуюць і тыя, што пасля звычайных здымак на плёнку потым дапрацоўваюцца на камп'ютары. У нас было і першае, і другое, і трэцяе. Наогул, здымаць кіно з камп'ютарнай графікай і анімацыяй - складаны працяглы працэс. Калі ў кадры, паводле сцэнарыя, павінны прысутнічаць віртуальныя персанажы, акцёрам даводзіцца весці дыялог з пустым месцам, скіроўваць сваю міміку і погляд туды, дзе знаходзіцца гэты персанаж, што няпроста нават для вопытнага артыста. У нас такіх момантаў - процьма!

 

Хто ў кадры?

- Але для таго, каб камп'ютарны персанаж атрымаўся "жывым", патрэбны не толькі голас, але і міміка...

- Так, на шчасце, у Мінску ёсць некалькі аніматараў, якія могуць "іграць" за свайго персанажа. Да слова, для яго агучвання патрабуецца адразу двое акцёраў. Першы запісвае чарнавы гук, па якім працуюць аніматары, вымалёўваючы міміку і рухі персанажа адпаведна словам тэксту. І толькі пасля таго, як візуальны шэраг будзе гатовы, да працы прыступае асноўны акцёр, чый голас і пачуе глядач. Да прыкладу, нашага персанажа Чуха вельмі ўдала агучыў Сяргей Журавель. Што да спецэфектаў, дык самае лепшае, калі глядач папросту іх не заўважае, гэта значыць, не адрознівае "жывое" ў кадры ад "камп'ютарнага". Дзякаваць богу, у нас ёсць спецыялісты, якія спраўляюцца з пастаўленымі задачамі не горш за замежных. Іншая справа - колькі яны могуць зарабіць за свае ўнікальныя навыкі. Тут мы, зразумела, адстаём, але, што характэрна, на "Рыжыку..." заняты людзі, якім было цікава працаваць на сваё, а не на чужое кіно.

- А ці складана знаходзіць акцёраў для працы ў такой сучаснай стужцы?

- На дзіва, дарослых падбіраць куды прасцей за дзяцей. Здавалася б, маладое пакаленне павінна лепш разумець, што такое віртуальная рэальнасць. Аднак, калі справа даходзіла да таго, каб уявіць побач з сабой "віртуальны" персанаж, дзеці губляліся і паводзілі сябе ненатуральна, у адрозненне ад прафесійных артыстаў. Таму, калі з выканаўцамі роляў дарослых персанажаў мы разабраліся даволі хутка, то галоўнага героя шукалі доўга. Справа была яшчэ ў тым, што, паводле сцэнарыя, нашай гераіні Вераніцы- дванаццаць гадоў, а многія дзяўчынкі ў наш час у гэтым узросце выглядаюць амаль дарослымі. Кастынг ішоў цягам трох тыдняў: спачатку мы знайшлі адну цікавую дзяўчынку, яна выдатна справілася з заданнем, але не ўмела катацца на роліках, што было неабходна па сцэнарыі. Тады ў апошні дзень кастынгу мы паспрабавалі Дзіяну Запрудскую, і яна ідэальна падышла на ролю гераіні, якая трапляе ў магічны свет Залюстэрачча! Мы пафарбавалі валасы дзяўчынкі ў руды колер, выглядае яна ў кадры вельмі незвычайна, таму шмат хто нават не можа пазнаць у Дзіяне колішнюю гераіню са стужкі "Ваўкі" Аляксандра Колбышава. Дзіяна - вельмі кінагенічная, кінакамера яе, як кажуць, "любіць".

- Але і дарослыя акцёры ў стужцы сыгралі вельмі добра...

- Так, хачу адзначыць Паўла Харланчука, які выканаў у "Рыжыку..." адразу тры ролі, Ганну Самахавец, Дзмітрыя Пустыльніка, Алега Гарбуза, іншых беларускіх акцёраў. З замежных "медыйных твараў" у нас толькі адзін Дзмітрый Мілер. Але і ён пасля здымак у "Рыжыку..." і "Масакры" стаў для нас амаль родным. Дарэчы, як і Павел Харланчук, Дзмітрый Мілер іграе некалькі роляў, і яны атрымаліся ў яго папросту выдатна!

 

Родныя сцены дапамагаюць

- Ці можна сказаць, што "Рыжык у Залюстэраччы" - самы складаны на сённяшні дзень праект Нацыянальнай кінастудыі? - Безумоўна. Канешне, камп'ютарная графіка выкарыстоўвалася ў нас і раней, але яна была рэалістычная, такога палёту фантазіі, як у нас, на "Беларусьфільме" пакуль не было. У многім гэта адбылося, паўтаруся, дзякуючы з'яўленню на студыі сучаснай апаратуры. На жаль, таленавітых ды адукаваных людзей, якія могуць спраўляцца з такой тэхнікай, няшмат, але яны ёсць, і з задавальненнем супрацоўнічалі з нашай здымачнай групай паралельна з удзелам у замежных праектах. - Сучасная кінаказка абавязкова патрабуе такой неверагоднай колькасці камп'ютарнай анімацыі ды іншых спецэфектаў?

- Зняць дзіцячую стужку без спецэфектаў, можа, і магчыма, але з часоў майго дзяцінства маленькі глядач вельмі змяніўся. Дзеці пабачылі шмат замежных казак. Існуюць пэўныя формы кінаказкі- хочаш не хочаш, але даводзіцца імі карыстацца. Канешне, мы не можам спаборнічаць з Галівудам у памеры бюджэту. Таму разлічваем не толькі на спецэфекты, але і на саму гісторыю, падачу яе акцёрамі. Казка, якую знялі мы, цалкам айчынная - тая, што можна прыдумаць толькі ў нас, са сваім сюжэтам. Такую нельга зрабіць у Галівудзе - толькі ў Беларусі!

- Ці засталіся якія-небудзь першапачатковыя планы нявыкананымі?

- Планавалася, што адна са сцэн з дапамогай Ялцінскай кінастудыі будзе знята ў крымскіх пячорах. Але ў выніку здымалі ў павільёне на "Беларусьфільме", што, з аднаго боку, было зручна, бо на студыі ўсё пад рукой, з іншага ж- гэтай сцэне ўсётакі не хапіла адчування пэўнай натуральнасці, а дзеці гэта адразу заўважаюць. Лічу, аднак, што сцэна - атрымалася, зноў-такі, дзякуючы камп'ютарнай апрацоўцы.

Тэст на дачцэ

- У Галівудзе існуе паняцце тэстпрагляду. Якім чынам вы "правяралі" сваю гісторыю?

- У нас кожны рэжысёр вынаходзіць свой асабісты спосаб праверкі. Я пачала пісаць сюжэт "Рыжыка..." яшчэ ў 2002 годзе, калі нарадзілася мая дачка Ніка. Дарэчы, галоўную гераіню стужкі завуць Веранікай, як і маю дачку. Менавіта яе я і бачыла ў сваёй гераіні. Але здымаць Ніку ў галоўнай ролі не наважылася: адносіны паміж рэжысёрам і выканаўцам бываюць даволі жорсткія... Ніка іграе ў нас невялічкую ролю зачараванай дзяўчынкі Шаўкавічкі. З самага пачатку я пісала не сцэнарый, а менавіта казку і чытала маёй дачцэ. Той падабалася, а калі паўстала пытанне пра новую стужку, я стварыла сцэнарый на аснове сваіх запісаў.

- Чым жа можна здзівіць сучаснае дзіця, якое чаго толькі ні мае- пачынаючы ад мабільнага тэлефона і да камп'ютара з Інтэрнэтам?

- Амаль нічым! Сучасныя дзеці з цяжкасцю вытрымліваюць некалькі дзясяткаў хвілін самай цікавай стужкі. Справа яшчэ і ў тым, што папярэднія пакаленні, маё ў тым ліку, гадаваліся на кнігах, на чытанні якаснай літаратуры, а гэта вельмі добра развівае ўяўленне. Новая генерацыя адразу прывыкае да "гатовай" карцінкі, таму фантазія ў яе беднаватая, а без апошняй вельмі цяжка ўспрымаць казку. На шчасце, тыя паказы, якія мы ўжо ладзілі па Беларусі, напрыклад, у Бабруйску, засведчылі: дзеці нават самага няўрымслівага ўзросту вельмі добра ўспрымаюць "Рыжыка...". Цяпер справа - за спецыялістамі "Беларусьфільма", якія павінны зрабіць так, каб стужку ўбачыла як мага больш гледачоў, і не толькі ў нашай краіне. На прыкладзе лёсу сваёй папярэдняй карціны "Навагоднія прыгоды ў ліпені" я ўпэўнілася ў тым, што ў неразвітым маркетынгу схавана ці не самая вялікая праблема айчыннага кіно. Дарэчы, я не думаю, што наша стужка створана толькі для тых, хто мае менш за чатырнаццаць гадоў. Узроставы дыяпазон нашага гледача куды шырэйшы. Гэта тое, што ва ўсім свеце называецца сямейным кіно. Не так важна, колькі вам гадоў, галоўнае- каб вы прынялі прапанаваныя намі ўмовы гульні. Калі вы любіце казку - вы яе абавязкова атрымаеце!

Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА