Рэтра з ноў-хау

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

Скажаце, стратэгічны ход?

/i/content/pi/cult/314/5486/pic_28.jpgНа ІV Музычным свяце "Шлягеры на ўсе часы", зладжаным Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам, была закладзена, падобна на тое, новая традыцыя. Упершыню гэты чатырохдзённы фестываль, што прайшоў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, завяршыўся бенефісам аднаго з салістаў аркестра - саксафаніста Андрэя Кляшчова.

Думаецца, гэта невыпадкова. Мудры кіраўнік і прыроджаны менеджар, маэстра Фінберг добра разумее, як з'яднаць рэтра з ноў-хау, каб радасць ад сустрэчы з добра вядомым спалучалася з адкрыццём, найперш - новых выканальніцкіх імёнаў. У першых трох канцэртах песні Р.Паулса, Д.Тухманава, расійскі любоўны шансон, што гучалі ў выкананні салістаў аркестра, суправаджаліся каментарыямі самога дырыжора. Ён дзяліўся не толькі ўспамінамі, але і набалелым - тымі ж развагамі аб прафесіяналізме. Некалькімі трапнымі штрыхамі акрэсліваў творчасць кампазітараў і не забываўся на творчую моладзь: для кожнага саліста знаходзіў тыя асаблівыя словы, што выяўлялі б яго лепшыя рысы. Скажаце, маркетынгавы ход? Насамрэч - стыль жыцця: аднавіць, захаваць старадаўняе - падтрымаць новае.

- Канцэрт-бенефіс, прапанаваны Міхаілам Якаўлевічам, - распавёў Андрэй Кляшчоў,- вялікая падзея для мяне. Я прыйшоў у аркестр 11 гадоў таму, яшчэ калі вучыўся на трэцім курсе Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дарэчы - у класе нашага канцэртмайстра групы саксафонаў Уладзіміра Ксёндза. Вельмі ўдзячны свайму першаму настаўніку- Яўгену Шыманцу. Але, зразумела, самай вялікай школай стаў для мяне аркестр, а лепшым выкладчыкам - Фінберг. Працаваць у ягоным калектыве было марай майго дзяцінства! З бацькам (а ў мяне ў сям'і - усе музыканты) мы ездзілі з Баранавічаў на многія канцэрты аркестра. А калі я вучыўся ў музычным вучылішчы, бацька прадаў машыну і купіў мне саксафон, з якім я перамог на конкурсе. Саксафон - маё жыццё, маё натхненне, мая (хай не пакрыўдзяцца жанчыны) другая палова.

Андрэй асвоіў тры разнавіднасці інструмента (альт, сапрана, тэнар), але на сваім сольніку граў, як звычайна, на тэнары. А яшчэ - на беларускай дудцы (спявалася "Рэчанька"!), бо валодае ўсімі народнымі духавымі. Праграма "Саксафон - кароль джаза" сталася магутным, надзвычай шматстылёвым фіналам фестывалю, з'яднаўшы аркестр, салістаў і нават некаторыя камерныя склады калектыву.

На здымку: Андрэй Кляшчоў.

Фота Валянціны ШАПЕТКІНАЙ

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"