А мо падпусцім час бліжэй?..

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

У Палацы мастацтва працуе “Маладзёжная-2011”

/i/content/pi/cult/314/5483/pic_19.jpgАдразу скажу: у стаўленні да выстаўкі як да своеасаблівай цэласнасці сённяшняя экспазіцыя, якая чамусьці размешчана ў невялічкіх залах графікі і ДПМ, а не на версе палаца, - крок назад. Не буду меркаваць, ці выявілася тут свядомая пазіцыя арганізатараў, перашкодзілі цяжкасці асваення дадзеных залаў або былі іншыя прычыны, але факт застаецца фактам: уласна выстаўка пабудавана даволі трывіяльна - насуперак магчымым чаканням. Адсутнічае энергічнае фарміраванне прасторы, і таму экспазіцыя не ператварылася ў род актыўнага, накіраванага дзейства. Літаральна кожны крок тут кліча да асобага пункта адліку, сістэма ўспрымання адной работы ўжо не прыдатная для наступнай. Тэндэнцый так шмат, што іх пералік заняў бы аб'ём цэлага каталога. А, дарэчы, ці будзе выдадзены каталог гэтай выстаўкі, ці яна, як многія іншыя, кане ў Лету?

Дык вось, тут у недалёкім суседстве апынаюцца сацыяльны пафас ("Браняносец у пацёмках" А.Пяткевіча, "Final destination" В.Зянько) і свавольнае дзяцінства (дыптых "Падарунак" і "Фрэш" С.Гурскага), сумны сарказм ("Кароль Лір" І.Семілетава, "Хай заўжды будзе мама..." і "Нічога агульнага" В.Крупскай) і рамантычная колерарытміка ("Шакалад" А.Хобатавай, "Прыцягненне святла" А.Івановай, "Далёка на захад" В.Пешкуна), адкрыты сімвалізм ("Адно цэлае" П.Піраговай (дрэва), "Песня" В.Ягоўдзік (літаграфія) і ўдумлівае "даследаванне" свайго асабістага "Я" ("Паласатае жыццё" В.Орсік (бронза), "Ты мяне бачыш", "Ты і я" Г.Сілівончык, "Я- мора" У.Швайбы, "Дзявочыя сны" Г.Ціханавай (афорт). Спалучаюцца "чыстая" дэкаратыўнасць (у абстрактных рэчах) і шматслойная метафара, незвычайнае майстэрства і нечаканая выдумка, шчырасць і разлік, пазіцыя і дзёрзкая поза. І ўсё гэта - у перапляценні самых разнастайных творчых праграм, прынцыпаў, хадоў, метадалогій, вялікая частка з якіх зусім нядаўна была нейкім "табу" для нашых маладых мастакоў і гледачоў.

/i/content/pi/cult/314/5483/pic_20.jpg

Сённяшняя выстаўка (у якой, дарэчы, мабыць, - большасць жанчынмастачак!) - гэта нейкі сімвал плюралізму, дзе побач працуюць так званыя рэалісты і неаавангардысты. Утрырую, канешне, утрырую. Толькі плюралізм - не ўзброенае замірэнне перад вырашальнай бітвай - хто каго, - не магчымасць без перашкод крычаць на ўсё горла адно на аднаго. Ён - умова вырашэння агульных задач, якія стаяць на старце ХХІ ст.

Што, зноў - заклік да ўніверсальнасці? Не. Якраз аб гэтым і думаеш на "Маладзёжнай-2011". Пры ўсёй яе неаднароднасці (а як жа інакш?) тут можна - было б жаданне - разгледзець не толькі калектыўны аўтапартрэт новага пакалення беларускіх мастакоў, але і досыць аб'ёмную характарыстыку нашага складанага, не без супярэчнасцей, часу. "Пераказваць" выстаўку бессэнсоўна: выяўленчае мастацтва прыдумана для разумення яго вачыма; тут як нідзе справядлівая цютчаўская "мысль изреченная есть ложь".

Што ж дае гледачам, хай нават рэдкім, выстаўка? Дапусцім, я чакаю ад мастацтва хараства, гармоніі, пластыкі. Я абавязкова знайду ў экспазіцыі беспамылковыя ў колеры работы Т.Казанцавай, В.Асядоўскай, В.Пешкуна, М.Мішука, традыцыйна фігуратыўныя, і без ценю збянтэжанасці пастаўлю блізкія да абстракцыі творы А.Вайцэхоўскага і П.Кастусіка; у гэты ж шэраг, ігнаруючы розніцу жанраў і відаў мастацтва, прыцягну і серыю "Дамінанты" Н.Саянінай-Гендрусевай, і графіку М.Мароз, Р.Сустава, Г.Радзько, С.Піскун, Т.Стасевіч, Т.Шаціла, А.Лебядзінскай, і скульптуру В.Нячай, В.Красоўскай, С.Кароль, Д.Аганава, Я.Філіповіча, і кампазіцыю са шкла "Знак дажджу" С.Белаокага, і сёе-тое з акварэлі. Гэта адзін, хай і ўбачаны зусім па-рознаму, пласт сучаснага жыцця. І тут не маюць вялікага значэння жанры і почыркі, прыёмы і формы звароту да гледача. Указаныя лініі, разнастайнасць варыянтаў іх праламлення паўстаюць на выстаўцы сапраўды ў вельмі шырокім спектры, і ў тым яе безумоўная годнасць. Акрэсліваецца яно і тым, што менавіта ў Мінску працуе калектыў даволі вялікі, каб у ім адбіліся самыя розныя грані нашага ўспрымання свету. І тым, што менавіта моладзь, не занадта абмежаваная ўнутранай цэнзурай, дазваляе сабе іх адкрытыя, не звужаныя рамкамі стылёвай догмы. Урэшце, тым, што арганізатары выстаўкі ўсё ж даюць іх у відавочнай раўнапраўнасці.

Як усё ж ацэньваць "Маладзёжную-2011"? Мяркую, як/i/content/pi/cult/314/5483/pic_21.jpg мінімум без крайнасцей. Як і многія іншыя з'явы нашай сённяшняй культуры, гэтая выстаўка ўводзіць нас у разгалінаваны працэс творчага пошуку, якім заклапочаны цяпер маладыя сілы беларускага мастацтва. Пакуль ён не прынёс выдатных вынікаў у выглядзе твораў, што, бясспрэчна, маюць вечнае мастацкае значэнне. Тое ж самае, як нам ні хацелася б адваротнага, можна назіраць і ў іншых відах творчасці. Разам з тым, сам пошук, канешне, набыў за апошнія гады больш дынамізму, унутраную, нават чыста псіхалагічную, свабоду эксперыменту, г. зн. атрымаў, нарэшце, права быць самім сабой. Мабыць, патрэбен нейкі перыяд адаптацыі творцы да новай для нашага мастацтва сітуацыі, перыяд вяртання страчанага, перыяд практычнага асваення разнастайнасці магчымых шляхоў творчасці. Але пытанняў па-ранейшаму шмат, і канца ім не бачна. Напрыклад, што такое мастакоўская самабытнасць і рэгіяналізм мастацтва? Як захаваць індывідуальнасць з паралельным асваеннем вопыту набытай папярэднікамі культуры? Што ёсць ідэал у сучасным разуменні для любога мастака? Гэтае пытанне гучыць анахранізмам? Не ўпэўнены. Ведаю толькі, што праблема мастацкага ідэалу - адна са складаных і далёка не самых распрацаваных у нашай эстэтыцы і тэорыі мастацтва. Цяпер, на сённяшнім этапе развіцця выяўленчай культуры, якая засвойвае новыя духоўныя каштоўнасці ды новыя формы спасціжэння і адлюстравання сучаснага свету, гэтае пытанне набывае асаблівую значнасць і актуальнасць.

/i/content/pi/cult/314/5483/pic_22.jpg...Су с т р э л і с я двое. "Чуеш? Ідзе час", - сказаў адзін. "Пачакай, падпусцім яго бліжэй", - сказаў другі. Ну што ж, пачакаем. І, магчыма, праз маладое мастацтва пранікнем туды, куды звычайны чалавек (не мастак) не пранікаў - у структуру светабудовы, намацуем сувязныя ніці, якія нацягнуты паміж палюсамі і на якія, нібы пацеркі, нанізаны свет...

Канешне, мы жывём у недасканалым свеце. Яшчэ не прыйшоў той час, калі будуць квітнець адны ружы. Патрэбны ідэі, патрэбна ўзнікненне сітуацыі голаду на ідэі, бо гаворка ідзе пра новыя каштоўнасці новага стагоддзя, якія нараджаюцца пад пэндзлем менавіта маладых. Узгадайма Дантэ. Ён насяліў пекла людзьмі, з якімі сварыўся. Мабыць, лепш абвясціць вайну самому Злу? Не гуляць у дробязі, не разменьвацца на гэтыя дробязі, не быць самазадаволеным, калі штосьці атрымліваецца, пазбягаць банальнасцей, бо банальнае - смерць мастацтва. Высока ўзнімаю планку? Магчыма. Але лесвіца, якая вядзе ў нябёсы, - вось галоўны пасыл для маладых творцаў, заўтрашніх аракулаў беларускай выяўленчай культуры. Ці ж я не маю рацыю?

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"