Прайм-тайм для партнёрства

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

Расшыфраваць словазлучэнне “мне выгадна”

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, на якім гаворка пойдзе, у прыватнасці, аб развіцці дзяржаўнапрыватнага партнёрства ў сферы культуры і мастацтва і праектнай дзейнасці.

Што і казаць, тэма - надзённая і шматгранная. Прыватны бізнес, калі ён насамрэч цывілізаваны, павінен адчуваць сацыяльную адказнасць за духоўны стан грамадства. У такім выпадку словазлучэнне "мне выгадна" мае не толькі фінансава-эканамічную семантычную расшыфроўку. І ў Беларусі ёсць свае сталыя прыклады трывалых і эфектыўных дзяржаўна-прыватных стасункаў па ўмацаванні нацыянальнага тэатральнага і музычнага мастацтва, кінематографа... Прыклады ёсць, пакрокавая сістэма ж такіх сувязей - найперш нарматыўна-прававая - пакуль толькі фарміруецца. Таму праблемы сферы дзяржаўна-прыватнага парнёрства ў галіне культуры - з ліку неадкладных.

 

Пачнём з канкрэтыкі

Вось які прыклад прывёў на наша пытанне пра сённяшнюю сітуацыю ў прасторы дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва і праектнай дзейнасці ў сферы першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Карачэўскі:

- Адзін з яркіх рэалізаваных праектаў - нядаўняе адкрыццё Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў, заснавальнікам якога з'яўляецца адзін з банкаў, вядомы заўважнымі культурнымі акцыямі, і наша падведамасная арганізацыя - рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Беларускі відэацэнтр". Нямала ініцыятыў па ўвядзенні прыватнага капіталу ў сферу культуры выкрышталізавалася і за апошнія гады: побач з брэндавым "Славянскім базарам у Віцебску" паўстаў, скажам, Фестываль Юрыя Башмета. А летась беларускія гледачы апладзіравалі дэбютным "Рускім сезонам" Андрыса Ліепы і форуму "Уладзімір Співакоў запрашае". Хацелася б згадаць і пра эфектыўную працу ў кінаіндустрыі...

Вытокі прыватнага спонсарства на беларускім вопыце ў адным з нядаўніх нумароў "К" даволі трапна патлумачыла дырэктар Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў Анжаліка Крашэўская:

- Хто можа стаць мецэнатам, спонсарам? Толькі той, хто, дасягнуўшы пэўнага фінансавага ўзроўню, разумее, што ў адрозненне ад іх, вечным можа быць толькі мастацтва...

Інтэрпрэтуючы словы Анжалікі Крашэўскай, можна з упэўненасцю сцвярджаць: да спонсарства і мецэнацтва трэба дарасці. І не дзіва, што дарастаюць і вырастаюць адзінкі: Марозавых і Трацяковых не бывае шмат. Іншых падштурхоўваюць да супрацоўніцтва з дзяржавай магутныя эканамічныя стымулы. Словазлучэнне "мне выгадна" набывае не пераноснае і высакароднае, а прамое і меркантыльнае (чытай: выгаднае і выніковае) значэнне.

Дарэчы згадаць і пазіцыю кіраўніка таго самага банка - сузаснавальніка Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў - Віктара Бабарыкі, агучаныя напярэдадні Міжнароднага тэатральнага форуму "Панарама", чыя падтрымка - адзін з праектаў камерцыйнай структуры:

- Наш банк - генеральны партнёр фестывалю. Што папярэднічала гэтаму рашэнню? Канкрэтызацыя банкаўскай місіі. Яшчэ колькі гадоў таму мы, нацэленыя на работу з недзяржаўным сектарам эканомікі, прыйшлі да высновы: банк павінен садзейнічаць фарміраванню ў рэспубліцы сярэдняга класа. Таму турбуемся не толькі пра эканамічны складнік. Адчуваем ад усяго і нашу сацыяльную адказнасць перад грамадствам...

Ідэя - ухвальная, але пакуль шмат у чым эксклюзіўная. Прынамсі, у асяродку патэнцыйных спонсараў. Не кожны возьме на сябе падтрымку фестывалю, яго вядзенне "ад і да" ды пазіцыянаванне Беларусі як краіны, дзе заўжды шанаваліся шматстайныя тэатральныя традыцыі. Думаецца, перад намі той выпадак, калі форма ўласнасці - прыватная, а спосаб мыслення - дзяржаўны.

 

Стымулы - акрэслены

 На слыху сёння - канкрэтныя крокі дзяржавы на шляху рэалізацыі партнёрства з прыватным капіталам. Згаданыя вышэй стымулы якраз у дадзены перыяд набываюць акрэсленыя рысы. Гаворка - пра распрацоўку заканадаўчых ініцыятыў і прыняцце важных дакументаў, датычных сферы культуры. Нагадаем, у гэтым месяцы быў падпісаны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 77, які стварыў спрыяльныя ўмовы для прыцягнення інвестыцый у галіну. Як зазначыў у каментарыі для "К" начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Міхаіл Казловіч, у параўнанні з папярэднімі гадамі 2010-ы засведчыў: аб'ёмы спонсарскай дапамогі, прыцягненай на мерапрыемствы ў сферы, павялічыліся ў разы.

Адпаведна, такая дынаміка патрабуе і далейшых крокаў. У прыватнасці, цяпер, як раней паведамлялася ўжо Міністэрствам культуры краіны, рыхтуецца таксама праект Указа Кіраўніка дзяржавы, якім прадугледжваецца павелічэнне працэнта валавога прыбытку, што не будзе абкладацца падаткам, з 5 да 10.

 

Але... Не толькі стымуляванне

Пра тое, што дзяржаўнае фінансаванне культуры павінна як мага больш актыўна спалучацца са спонсарскай дапамогай і мецэнацкай дзейнасцю, сёння гавораць усе. Ёсць і пэўныя напрацоўкі ў гэтай сферы, датычныя музычнага мастацтва.

Той жа Міжнародны фестываль Юрыя Башмета ўжо пры сваім нараджэнні абапіраўся, акрамя вялікай дзяржаўнай падтрымкі, на шырокую дапамогу вядучых кампаній і прадпрыемстваў. Без такога шчыльнага супрацоўніцтва з бізнес-сферай не атрымаўся б ніводзін з форумаў, названых вышэй Уладзімірам Карачэўскім. Можна ўзгадаць і прадзюсарскі цэнтр "Спамаш", які займаецца падтрымкай і развіццём айчыннага эстраднага мастацтва, і многія іншыя. Справа не абмяжоўваецца адно сталіцай. Сувязь фестывальнага руху з прамысловымі прадпрыемствамі добра наладжана ў тым жа Віцебску. Ёсць свае традыцыйныя спонсары і ў Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", і ў Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі (IFMC).

 Погляд дзеячаў культуры на такую падтрымку адназначны: грошай зашмат не бывае. А што ж бізнес? Ці заўсёды яго прадстаўнікі гатовы з радасцю развітацца са сваімі "кроўнымі"? Што трэба зрабіць, каб узаемадзеянне розных крыніц фінансавання, накіраванае на добрыя мэты, было больш плённым?

 - Каб спрасціць узаемаадносіны культуры і бізнесу,- кажа Віктар Маргелаў, сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, першы намеснік старшыні Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў,- трэба, канешне, і надалей працягваць распрацоўку ды ўдасканаленне заканадаўчай базы. Можна ўводзіць нейкія падатковыя льготы. У іншых краінах, наколькі мне вядома, існуе нават падзяленне культурных аб'ектаў і грамадскіх суполак на некалькі груп. Для кожнай з іх- свае ўмовы фінансавай падтрымкі: дзесьці пералічаная сума ўвогуле падаткамі не абкладаецца, дзесьці - прымяняецца зніжаная стаўка падатку, а дзесьці - можаш падтрымліваць, але льготы на гэта не распаўсюджваюцца. Паўсюль свая градацыя! Але ж існуе і іншы аспект. Разумееце, падтрымка культуры - гэта яшчэ і парыў душы чалавека. Пры такім падыходзе вялікую ролю адыгрывае ўжо не матэрыяльнае стымуляванне, а сам духоўны ўзровень асобы. Чалавекам часта рухае не думка пра тое, што ён атрымае нейкія льготы, у тым ліку падатковыя, ці зробіць сабе рэкламу,- ім рухае шчырае памкненне душы, якое ён часта нават не хоча афішаваць. Але каб такія памкненні ўзнікалі, культуры і бізнесу трэба працаваць больш шчыльна, як мінімум - быць у полі зроку адно аднаго. Ёсць мерапрыемствы бізнесу, на якія трэба запрашаць дзеячаў культуры. Адпаведна, на культурныя падзеі няблага запрашаць яшчэ і дзелавую эліту. Вось тады і з'явіцца агульнасць інтарэсаў, што можа прывесці да сумесных праектаў. Дарэчы, і сёння ўжо ёсць праекты, якія атрымліваюць з нашага боку пастаяннае фінансаванне. Да прыкладу, Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў сумесна з выканкамамі і замежнымі спонсарамі рэалізуе вялікі праект па аднаўленні сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага.

 

"Двухбаковы рух" да прыярытэту

Як паведамілі карэспандэнту "К" у Дэпартаменце па кінематаграфіі Міністэрства культуры краіны, сёння рыхтуюцца два дакументы, якія павінны значна палепшыць умовы дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы кінавытворчасці. Першы накіраваны на наданне дзяржаве і прыватным кампаніям і асобам роўнага статуса на сумесных кінапраектах, прадастаўленне значных фінансавых ільгот для прыватнага капіталу. Другі абвесціць умовы адкрытага конкурсу на стварэнне мастацкай стужкі, якую часткова прафінансуе дзяржава.

Галоўнае - стварыць у дзяржаўнапрыватным кінапартнёрстве узаемавыгадны "двухбаковы рух", пры якім дзяржава атрымлівала б прыватныя інвестыцыі ў бюджэты стужак, а прадзюсары маглі карыстацца дзяржаўнымі сродкамі для дасягнення вынікаў вытворчасці. Такая схема цалкам магчымая і мае вялікія шанцы на эканамічную эфектыўнасць. А менавіта фінансавая рэнтабельнасць з'яўляецца сёння прыярытэтнай. Плануецца, што мэтазгоднымі будуць з'яўляцца праекты, якія змогуць акупляцца ў дыяпазоне трох - пяці гадоў, а праз год выходзіць на 40 - 50% вяртання ўкладзеных сродкаў. Найперш нашы кінематаграфісты разлічваюць на вытворчасць прадукцыі для тэлеканалаў.

Згодна з пазіцыяй Дэпартамента па кінематаграфіі, існуюць усе перадумовы для эфектыўнага дзяржаўнапрыватнага партнёрства ў кінагаліне. Іншая справа, што разлічваць на імгненнае з'яўленне звышпаспяховых капрадукцый не трэба: салідныя "гульцы" на сусветным кінарынку даражаць сваімі ідэямі і не спяшаюцца дзяліцца будучымі прыбыткамі.

 

...І два чаротавыя дахі

Не менш актыўна за тэатры супрацоўнічаюць з прыватнымі прадпрыемствамі і ініцыятывамі і айчынныя музеі. Па словах дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Святланы Лакотка, установа прыцягвае партнёраў на самыя разнастайныя мерапрыемствы. У згаданым музеі мусіць стаць традыцыйным правядзенне так званых зялёных суботнікаў.

Да прыкладу, у акцыі "Зялёны суботнік: скарбніца добрых спраў", што адбылася летась, прынялі ўдзел каля 130 чалавек - супрацоўнікі адной з буйных замежных кампаній са сваімі сем'ямі, сябрамі і дзелавымі партнёрамі.

Вынікам ініцыятывы стала добраўпарадкаванне экспазіцыйнага сектара "Цэнтральная Беларусь". Да таго ж, дадатковым укладам у дапамогу музею стала вылучэнне спонсарскай дапамогі ў памеры 8 мільёнаў рублёў. Сродкі пайшлі на набыццё неабходнага абсталявання і будаўнічых матэрыялаў. Менавіта дзякуючы арганізацыйнай і фінансавай дапамозе спонсараў у межах установы адбыўся фальклорны фестываль, быў набыты неабходны для правядзення народных святаў і абрадаў рэквізіт. Нават два чаротавыя дахі адрэстаўраваны якраз за кошт спонсара.

Як адзначылі ў гутарцы з карэспандэнтам "К" у аддзеле па карпаратыўных сувязях кампаніі, цягам дзесяці гадоў быў рэалізаваны шэраг праектаў з Нацыянальным мастацкім музеем. Усяго кампаніяй ужо ажыццёўлена больш за 30 маштабных культурных імпрэз. Адсюль і ацэнка менавіта сацыяльнай актыўнасці на прафесійных конкурсах.

 

Аспект апякунскага савета

 І яшчэ адзін аспект, датычны тэмы дзяржаўна-прыватнага парнёрства ў сферы культуры. 12 сакавіка была прынята пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 308, паводле якой у арганізацыях культуры можна ствараць апякунскія саветы. Апроч іншых задач, саветы пакліканы дапамагаць у пошуку партнёраў для супрацоўніцтва, у прыцягненні пазабюджэтных і іншых дадатковых крыніц фінансавання, а таксама ажыццяўляць грамадскі кантроль за выдаткаваннем грашовых сродкаў.

 

Вопыт стварэння такіх саветаў у Беларусі ўжо маецца, але, як зазначылі "К" ва ўпраўленні ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры краіны, толькі ў адзінкавым выпадку. Гаворка - пра дабрачынны савет, які ўзнік яшчэ ў чэрвені 2010 года пры Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Па словах старшыні гэтага савета Анатоля Грэкава, колішняга начальніка аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама, сённяшняя надзённая задача - збор грошай на добраўпарадкаванне прылеглай да музея тэрыторыі і на ўсталяванне скульптурнай кампазіцыі да 130-годдзя Якуба Коласа. Ахвяраванні на гэта ўжо пералічылі шматлікія арганізацыі як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці.

Прычым менавіта з прыватнікамі цяпер вядзецца самая актыўная праца. Ініцыятыва стварэння падобнага савета была і ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Але, як зазначыў начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Міхаіл Казловіч, савет не быў створаны з-за адсутнасці адпаведнай заканадаўчай базы. Натуральна, дзякуючы пастанове Савета Міністраў усе перашкоды зняты.

 

■ ■ ■

Перспектывы дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва і праектнай дзейнасці ў сферы культуры, зразумела, немагчыма ўсебакова ахапіць у адным артыкуле. Але прыведзеныя прыклады, заяўкі на цікавыя ідэі, нават агучаныя праблемныя моманты, што неабходна найперш вырашыць зацікаўленым парнёрам, сведчаць пра станоўчую дынаміку ў гэтым пытанні. Прычым сама разнастайнасць форм, якую можна скарыстаць на шляху ўключэння сродкаў бізнес-структур у культурную прастору, прадказвае істотныя зрухі ва ўзаемадзеянні дзяржавы і прыватніка. Прычым прыватніка ініцыятыўнага і зацікаўленага ў атрыманні дывідэндаў не толькі фінансавых, але і іміджавых.__