“Панарама” збірае сяброў

№ 29 (795) 21.07.2007 - 27.07.2007 г

17 ліпеня ў Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная правядзенню ІІІ Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва “Панарама”.

Нягледзячы на тое, што сам фестываль адбудзецца толькі ўвосень — з 26 кастрычніка па 10 лістапада, — аргкамітэт знайшоў магчымасць праінфармаваць СМІ адносна таго, як ідзе падрыхтоўка да гэтага тэатральнага форуму.
Заснавальнікамі фестывалю з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарвыканкам і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Янкі Купалы. А фінансавую падтрымку гэтаму тэатральнаму святу забяспечыць сумеснае беларуска-расійскае ААТ “Белгазпрамбанк”.
Як зазначыў першы намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка, сёлетняя восень на Беларусі мусіць выдацца надзвычай тэатральнай: на пачатку верасня ў Брэсце адбудзецца традыцыйны Міжнародны фестываль “Белая вежа”, які ўжо стала ўпісаўся ў еўрапейскую фестывальную карту. Следам за ім сваё 10-годдзе адзначыць Міжнародны фестываль “Славянскія тэатральныя сустрэчы” ў Гомелі, зладжаны ў свой час як сімвал дружбы трох славянскіх народаў — беларусаў, расіян і ўкраінцаў і — як своеасаблівы пратэст супраць нашага палітычнага раз’яднання. А своеасаблівым “вянцом” беларускай тэатральнай восені мусіць стацца сталічная “Панарама”.Сёлета праграму двухтыднёвага тэатральнага марафона складуць 18 спектакляў з 9 краін свету. Сярод іх — “Майстар і Маргарыта” М.Булгакава Тэатра Аскара Каршуноваса (Літва), “Саламія” О.Білазуба Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Івана Франка (Украіна), “Студэнт у раі” Х.Занкса Das Euro Theater Central (Германія), “Дзённік” В.Гамбровіча Драматычнага тэатра Варшавы (Польшча), “Зіселе” М.Зрохіі Бейт Лейзен Тэатра (Ізраіль), “Святая маці” Ш.Муртазы Карагандзінскага абласнога казахскага тэатра (Казахстан), “Месяц на вёсцы” І.Тургенева Эстонскага тэатра драмы (Эстонія), “Імгненні рэчаіснасці” Я.Енсана Стакгольмскага гарадскога тэатра (Швецыя), “Апошняя ахвяра” А.Астроўскага і “Качынае паляванне” А.Вампілава Маскоўскага мастацкага тэатра імя Чэхава, а таксама “Гульцы” М.Гогаля Студыі тэатральнага мастацтва (Расія).
Беларуская частка фестывальнай праграмы сёлета прадстаўлена амаль цалкам сталічнымі тэатрамі. Сярод іх — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага з “Легендай пра беднага д’ябла” У.Караткевіча, Драматычны тэатр Беларускай Арміі са спектаклем “Не пакідай мяне...” А.Дударава, Рэспубліканскі тэатр юнага гледача з “Пацалункам ночы” С.Кавалёва, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі са спектаклем “Жанчыны Бергмана” М.Рудкоўскага, Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр пакажа “Акадэмію смеху” К.Мітані. А адкрыюць фестываль гаспадары пляцоўкі-купалаўцы сваёй найновай пастаноўкай “Сны аб Беларусі” У.Караткевіча. Адзіным “беларускім немінчанінам” у праграме стане гэтым разам Гомельскі абласны драматычны тэатр са спектаклем “Зацюканы апостал” Андрэя Макаёнка ў пастаноўцы Валерыя Раеўскага. Зрэшты, арганізатары тлумачаць адсутнасць беларускіх рэгіёнаў у фестывальнай афішы простай неактыўнасцю абласных тэатраў.
Традыцыйна ў рамках фестывалю запланаваны і праект “ONLINE”. На гэты раз ён значна відазмяніўся ў параўнанні са сваімі папярэднікамі. Сёлета ж арганізатары адмовіліся ад “неспадзяванак” — кожны рэжысёр прыедзе на фестываль з ужо падрыхтаваным матэрыялам, прычым “беларускага паходжання” ад абраных п’ес на гэты раз не патрабуецца.
Зрэшты, і рэжысёрскі склад сёлета не зусім малады (практычна ўсе з заяўленых удзельнікаў праекта ўжо маюць пэўнае імя ў прафесіі) і інтэрнацыянальны: шведскі рэжысёр Аляксандр Нардштрэм, вядомы беларусам па пастаноўках “Востраў Сахалін” у Купалаўскім тэатры і “Сельскі гонар“ у Вялікім тэатры оперы; Моніка Дабраўлянска з Германіі, якая ўжо прымала ўдзел у мінулагодніх паказах “ONLINE”; Літву прадставіць Борыс Латэнас — летась ён прыязджаў са сваімі спектаклямі ў Магілёў на Міжнародны тэатральны форум М.@rt.кантакт: Расію, хутчэй за ўсё, — Яўгеній Камяньковіч (яшчэ вядуцца перамовы), чыё імя сёння гучыць па ўсёй Маскве. Беларуская ж рэжысура прадстане сёлета ў асобе аднаго толькі Алега Кірэева з Тэатра-студыі кінаакцёра.
Акрамя творчай часткі фестывалю — спектакляў, у праграме запланаваны шэраг творчых сустрэч з тэатральнымі дзеячамі розных краін і калектываў-удзельнікаў фестывалю, у тым ліку і двухдзённыя Міжнародныя навуковыя чытанні “Тэатр і грамадства на сучасным этапе”, у якіх прымуць удзел спецыялісты-тэатразнаўцы з Беларусі, Расіі, Украіны.
Па традыцыі, журы на фестывалі працаваць не будзе.

Таццяна КОМАНАВА