Сесці не на пянёк, а ў касмічны карабель

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

Дзяржыншчына: найноўшыя тэхналогіі самарэалізацыі

/i/content/pi/cult/314/5476/pic_10.jpgНовы этап развіцця cяла: сацыякультурны зрэз

Дзяржынскі раён Міншчыны - адзін з лідараў па культурным абслугоўванні насельніцтва, прычым не толькі ў рэгіёне - у рэспубліцы. Дзякуючы абласной праграме "Дыскатэка" і, натуральна, намаганням кіраўніцтва райвыканкама шматлікія ўстановы культуры раёна аснашчаны найноўшай гукаўзмацняльнай і светлавой апаратурай, што, у сваю чаргу, спрыяе выкананню плана платных паслуг. А ён на Дзяржыншчыне быў, скажам, летась адзін з самых высокіх па Мінскай вобласці: мясцовыя культработнікі зарабілі прыкладна 700 мільёнаў рублёў. Але выкананне плана платных паслуг - гэта толькі адзін бок медаля. Добрая тэхнічная база дазваляе, напрыклад, Дзяржынскаму дому культуры нароўні канкурыраваць з рэспубліканскімі ўстановамі культуры сталіцы і "гадаваць" сваіх мясцовых "зорак". Напрыклад, прадстаўнік нашай краіны на сёлетнім "Еўрабачанні" Настасся Віннікава, як і фіналістка рэспубліканскага дзіцячага конкурсу "Песня для Еўрабачання-2009", пераможца VIII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск" Злата Ларчанка, пачынала свой творчы шлях са сцэнічнай пляцоўкі Дзяржынскага ГДК. Мясцовая Дзіцячая школа мастацтваў пазалетась была ўзнагароджана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі "Выхаванне творчай моладзі". На базе ўстановы працуе вядомы Заслужаны аматарскі калектыў Ансамбль старадаўняй беларускай музыкі "Пастараль", тут падрыхтавалі 16 прэзідэнцкіх стыпендыятаў... І гэта таксама сведчанне высокага прафесіяналізму мясцовых культработнікаў. Натуральна, ёсць у сферы культуры раёна і свае праблемныя моманты. Асноўны з іх - недасканалая матэрыяльна-тэхнічная база, да прыкладу, у раённых бібліятэцы і музеі.

 

Народ пытаецца і прапануе

"Калі скончацца рамонты?"

Апытанне жыхароў горада і раёна высветліла некаторыя праблемныя пытанні сацыякультурнага развіцця Дзяржыншчыны.

Святлана Паўлаўна, настаўніца, г. Дзяржынск:

- Гарадскі Дом культуры - месца, дзе бываю досыць часта. Там - выдатная апаратура, разнастайныя новыя забаўляльныя праграмы. Але маё пытанне датычыцца не гэтага аб'екта культуры, а таго, калі ж скончыцца рамонт суседняга будынка, дзе размешчаны Цэнтральная раённая бібліятэка і музей? У бібліятэцы работы, ведаю, ужо хутка завершацца, а вось пра музейную ўстанову такога сказаць нельга...

Маргарыта, служачая, г. Дзяржынск:

- Заўжды наведваю наш гарадскі Парк культуры. Там даволі часта ладзяцца цікавыя канцэрты на летняй сцэне. А вось атракцыёны ў парку - старыя, новыя не пашкодзілі б. Ці плануецца іх набыццё?..

Марыя Мікалаеўна, выкладчык класа баяна філіяла Фаніпальскай ДШМ, аграгарадок "Дворышча":

- У маім класе займаецца 12 дзяцей. Ёсць дастатковая колькасць інструментаў. Але, на жаль, умовы ў памяшканні для заняткаў не вельмі спрыяльныя: у пакоі даволі халодна, хоць здадзены наш культурна-спартыўны цэнтр зусім нядаўна - летась. Ці прывядуць да ладу сістэму ацяплення?.. 

 

Намеснік старшыні Дзяржынскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях і ідэалогіі Аляксандр ЧАГАН да прыходу на сваю пасаду цягам дваццаці гадоў прапрацаваў кіраўніком мясцовага аддзела культуры. Таму ўсе тыя пытанні і праблемы, якія былі агучаны на райвыканкамаўскай "лятучцы", ініцыяванай "К", абмяркоўваліся і ацэньваліся ім з улікам багатага вопыту работы ў гэтай сферы. А ў асобе цяперашняга начальніка аддзела культуры Наталлі СЕНЮКОВІЧ намеснік старшыні знайшоў годнага прадаўжальніка і аднадумцу.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Аляксандр Сяргеевіч, Дзяржынскі гарадскі дом культуры змог зарабіць на аказанні платных паслуг прыкладна 240 мільёнаў рублёў. Якім чынам дасягнулі такіх вынікаў?

Аляксандр ЧАГАН:

- Дазвольце прывесці толькі адзін прыклад. Святочных канцэртаў з нагоды 8 Сакавіка ў Дзяржынскім ГДК было два, і ўсе білеты на іх раскупілі. А каштавалі яны не так ужо і танна - 15 тысяч. Пастаянныя аншлагі на канцэртах у ГДК - з некалькіх прычын. Па-першае, там працуюць, натуральна, высокакваліфікаваныя кадры. Па-другое, у нас вельмі жорсткія падыходы і крытэрыі да той праграмы, якую паказваем на сцэне. А па-трэцяе, апаратура ў ГДК, не пабаюся гэтага слова, - сусветнага ўзроўню: вытворчасці Італіі, ЗША, Германіі. Мы даўно працуем на лічбавым абсталяванні, гэта значыць - з дапамогай камп'ютара кіруем гукам і святлом. Такой тэхнікі, мабыць, не маюць ні ў адным іншым ГДК ці РДК Беларусі.

Наталля СЕНЮКОВІЧ:

- Не магу не дадаць: калі ў Дзяржынск прыязджаюць артысты з Мінска, дык сталічныя аператары не заўсёды могуць пахваліцца ўменнем кіраваць нашай апаратурай, гэтым, як яны кажуць, касмічным караблём. А нашы спецыялісты могуць гэта рабіць, і даволі часта працуюць на канцэртах айчынных "зорак" эстрады. Да таго ж, у лічбавай студыі, створанай пры ГДК, запісваюцца нават сталічныя артысты...

Аляксандр ЧАГАН:

- Прадоўжу сваю думку. Каб працаваць з такім найноўшым тэхнічным абсталяваннем, патрэбны высокакваліфікаваныя кадры. А ў Беларусі толькі, здаецца, нядаўна Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў пачала рыхтаваць гукаі святлорэжысёраў. Але выпускнікі Акадэміі ўсё адно - штучны тавар, прызначаны, у першую чаргу, для рэспубліканскіх устаноў культуры, для прафесійных калектываў. А ў Дзяржынскім ГДК апаратура каштуе 150 тысяч еўра. І за мікшэрны пульт хлопчыка-небараку не пасадзіш.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Лагічнае пытанне: дзе знаходзіце такіх высакакласных спецыялістаў?

Аляксандр ЧАГАН:

- Самі "гадуем". Супрацоўнікі ГДК ездзяць у сталіцу, напрыклад, даволі часта - у Палац Рэспублікі, мы маем сталыя творчыя сувязі з мінскімі спецыялістамі, карыстаемся найноўшай спецыялізаванай літаратурай, выязджаем на семінары, што ладзяцца ў Расіі. Прычым забяспечваем выезд нашых культработнікаў за мяжу за кошт сродкаў раённага бюджэту. Бо выдатна разумеем, што жыць па-старому, па прынцыпе "сеў на пянёк і спеў песеньку" ўжо немагчыма... Насельніцтва, асабліва моладзь, патрабуе сучаснага ўзроўню паслуг. І калі мы не будзем задавальняць іхнія патрэбы, да нас ніхто не пойдзе.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Дзяржынскі дом культуры ў гэтым плане - сапраўдны флагман найноўшых тэхналогій... Наколькі я ведаю, у ГДК ёсць нават свой сайт...

Аляксандр ЧАГАН:

- Таксама, як і ў Цэнтральнай раённай бібліятэкі. А тое, што ў ГДК ёсць сучасныя мікрафоны, касцюмы, абсталяваная сцэна, дазваляе нашым артыстам не адчуваць сябе, так бы мовіць, местачковымі творцамі, а досыць упэўнена крочыць па шляху творчай самарэалізацыі.

Наталля СЕНЮКОВІЧ:

- І як вынік - нашы мясцовыя "зоркі" гучаць на /i/content/pi/cult/314/5476/pic_11.jpgрэспубліканскім і міжнародным узроўнях... А вучні нашай ДШМ маюць 600 узнагарод, заваяваных у 20 краінах свету...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Вярнуся да пытанняў, звязаных з дзейнасцю ГДК. Для абслугоўвання новай сучаснай апаратуры павінны быць і новыя пасады, напрыклад, гукааператара, гукаі відэарэжысёраў. Вядома, што ў дзеючых тыпавых штатах такіх адзінак не прадугледжана... Нядаўна "К" ладзіла "гарачую лінію" з начальнікам юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Аленай Вештарт, якая параіла знаходзіць выйсце з дадзенай праблемнай сітуацыі праз мясцовую райвыканкамаўскую ініцыятыву. Думаю, не памылюся, калі скажу, што на Дзяржыншчыне карыстацца гэтым даводзіцца неаднаразова... Напрыклад, у Культурна-спартыўным цэнтры аграгарадка "Дворышча", дзе давялося пабываць, увялі пасаду спецыяліста па культурна-дасугавай дзейнасці, не прадугледжаную штатным раскладам...

Аляксандр ЧАГАН:

- Патрэба ў новых тыпавых штатах для нашага раёна - вельмі вялікая. Як я ведаю, у рашэнне выніковай калегіі Мінкульта быў унесены пункт аб неабходнасці прыняцця новых тыпавых штатаў.

Наталля СЕНЮКОВІЧ:

- А сёння сапраўды знаходзім выйсце, абапіраючыся на норму, што ёсць у дзеючых тыпавых штатах, паводле якой можна ўводзіць дадатковыя адзінкі ў межах фонду аплаты працы па ўзгадненні з органамі мясцовага кіравання. Напрыклад, плануем сфарміраваць пры ГДК інжынерную службу, бо яна ва ўстанове вельмі неабходная.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- На платных паслугах аддзел культуры зарабляе даволі шмат: прыкладна 700 мільёнаў рублёў... Упэўнены, гэта таксама вынік таго, што ў раёне - шмат высакакласных спецыялістаў, найноўшая тэхніка...

Аляксандр ЧАГАН:

- Так, але, на жаль, тут і праблема ёсць. Мы шмат аддаём грошай на падаткі, самі нічога не атрымліваем. І на сёння развіваць з эканамічным эфектам сферу культуры практычна немагчыма. Тая сістэма падаткаабкладання, якая існуе на цяперашні дзень, на мой погляд, не стымулюе развіццё пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў культуры. Таму сёлета будзем звяртацца да нашага дэпутата ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з прапановай ініцыяваць унясенне змяненняў у Закон аб бюджэце на наступны год. Сутнасць нашай прапановы: вызваліць установы культуры ад падатку на прыбытак і падатку на дабаўленую вартасць пры ўмове накіравання сум падаткаабкладання на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Наталля СЕНЮКОВІЧ:

 - Такая практыка існавала ў 2001 - 2002 гадах і была вельмі канструктыўнай. Можна было ажыццяўляць закупкі ў лізінг.

 Аляксандр ЧАГАН:

- Сапраўды, я памятаю, што ў тыя гады сфера культуры раёна была поўнасцю самадастатковай. Да таго ж, пры ўмове рэфармавання сістэмы падаткаабкладання ўстаноў культуры, можна будзе актыўна стымуляваць ініцыятыву супрацоўнікаў...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Але і цяпер, як я ведаю, вы вельмі няблага стымулюеце сваіх культработнікаў за кошт сродкаў райвыканкама. У першую чаргу маю на ўвазе тыя стыпендыі, якія выплачваюцца навучэнцам, настаўнікам і калектывам Дзяржынскай ДШМ за высокія творчыя дасягненні...

Аляксандр ЧАГАН:

- Так, гэта таксама наша, ужо традыцыйная, практыка. Пазалетась  пад гэтыя мэты з раённага бюджэту было выдаткавана 11 мільёнаў рублёў, летась - ужо 15.

Наталля СЕНЮКОВІЧ:

- Прычым павелічэнне адбылося за кошт таго, што пашырыўся пералік тых, хто можа атрымліваць такую стыпендыю, бо спрацавалі калектывы ДШМ летась вельмі добра. А стыпендыі - гэта сапраўды сур'ёзны стымул для далейшай паспяховай дзейнасці нашых вучняў.

Аляксандр ЧАГАН:

- Стымулюем таксама і лепшыя ўстановы культуры раёна, ладзім конкурсы на лепшы клуб, бібліятэку, умацоўваем такім чынам матэрыяльную базу гэтых устаноў. А яшчэ адзін накірунак, які ў нас паспяхова развіваецца, - супрацоўніцтва з традыцыйнымі канфесіямі...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Гэта, пэўна, у першую чаргу, стварэнне духоўна-культурных цэнтраў пры бібліятэках?..

Аляксандр ЧАГАН:

- Так, і мы іх адкрываем. Таксама ладзім ужо другі год фестываль праваслаўных песняспеваў; у нас у раёне ёсць калектывы, якія выконваюць духоўную музыку. І тая праца - вельмі важная, асабліва для людзей майго пакалення, тых, хто ў гады савецкай улады быў адлучаны ад гэтай духоўнай крыніцы. І, на маю думку, адна з задач устаноў культуры, пра якую мы сёння чамусьці не гаворым, - гэта актыўнае супрацоўніцтва з хрысціянскімі канфесіямі.

/i/content/pi/cult/314/5476/pic_12.jpgНаталля СЕНЮКОВІЧ:

- Трэба ўвогуле адзначыць, што літаратура, якая заўсёды карыстаецца павышаным попытам у вёсках, куды ездзіць наша аўтабібліятэка, - менавіта духоўнай тэматыкі. Таму гэтыя кнігі ў "мабільных" бібліятэкараў ёсць заўсёды. Нядаўна адкрылі духоўна-культурны цэнтр у бібліятэцы вёскі Негарэлае. А ў Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы да такога ж цэнтра дадалася яшчэ дзіцячая духоўна-асветніцкая школа "Зярнятка".

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Адно з пытанняў, якое не магу не агучыць: закупка новых атракцыёнаў для гарадскога парку культуры. Ці плануецца гэта зрабіць?

Аляксандр ЧАГАН:

- На жаль, не маем на гэта грашовых сродкаў. Хутчэй за ўсё, будзем рамантаваць старыя атракцыёны.

Наталля СЕНЮКОВІЧ:

- Ды і ці патрэбна іх закупка? У буйных гарадах можна стварыць пляцоўку накшталт "Дзіснейленду". Але ў невялікіх раённых цэнтрах гэтага рабіць, на маю думку, не варта. Будзем рабіць стаўку на невялікія атракцыёны - кампактныя і мабільныя. Напрыклад, ГДК закупіў некалькі электрамабіляў і прадастаўляе іх усім ахвотным. Такім чынам і грошы зарабляем.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Паводле праграмы адраджэння і развіцця сяла на Дзяржыншчыне было ўведзена 13 аграгарадкоў, ва ўсіх гэтых паселішчах адрамантаваны ўстановы культуры... Але, напрыклад, у здадзеным летась Культурна-спартыўным цэнтры аграгарадка "Дворышча" супрацоўнікаў не задавальняе ацяпленне...

Наталля СЕНЮКОВІЧ:

- Ва ўстанове - недасканалая сістэма дымаходаў: яны вельмі хутка забіваюцца, падае напружанне катлоў, і, як вынік, батарэі грэюцца слаба. А прачысціць дымаходы самастойна мы не можам, бо там - складаная сістэма вентыляцыі. Днямі на гэтым аб'екце былі праекціроўшчыкі і паабяцалі ўсё выправіць. Так што дадзеную праблему з цягам часу вырашым.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Апошняе пытанне - пра два гарадскія аб'екты культуры: Цэнтральную раённую бібліятэку і краязнаўчы музей, дзе праходзяць рамонтныя работы. Калі плануецца іх завяршыць?

Аляксандр ЧАГАН:

- У 2009 годзе на рамонт Цэнтральнай бібліятэкі быў выдаткаваны з раённага бюджэту прыкладна 1 мільярд рублёў, а таксама 200 мільёнаў рублёў былі атрыманы на гэтыя мэты летась з абласнога ўпраўлення культуры. У выніку адрамантаваны дах, фасад, унутраныя памяшканні, заменены вокны. На поўнае завяршэнне рамонту ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы ў раённым бюджэце запланавана выдаткаваць прыкладна 60 мільёнаў рублёў. Фінансаванне ж рамонтных работ у краязнаўчым музеі адбудзецца, хутчэй за ўсё, у другой палове 2011 года.

 

Дэталь да агульнай карціны

Мільёны "жывых" грошай

Супрацоўнікі Баравікоўскага сельскага дома культуры могуць навучыць кожнага, як зарабляць грошы і выконваць такім чынам план платных паслуг. Нездарма гэты СДК быў прызнаны летась лепшай клубнай установай Дзяржынскага раёна.

Дом культуры месціцца ў вёсцы Баравікі, якая нават не з'яўляецца аграгарадком: у ёй пражывае блізу 400 чалавек. План платных паслуг у мясцовага СДК досыць вялікі: 12 мільёнаў рублёў. Але кажуць пра гэта культработнікі без хвалявання. Справа ў тым, што за два месяцы бягучага года імі было зароблена на аказанні платных паслуг прыкладна 6 мільёнаў рублёў. Зразумела, аднымі дыскатэкамі такога выніку дасягнуць было немагчыма. Таму зарабляць грошы дырэктару ўстановы Марыі Рагоза і мастацкаму кіраўніку Веры Ждановіч даводзіцца іншым чынам. Так, яны даволі плённа і паспяхова супрацоўнічаюць з Фрунзенскім раёнам Мінска: выязджаюць туды са сваім калектывам - народным ансамблем народнай песні "Баравічанка" - і зарабляюць за канцэрт па паўтара мільёна "жывых", як кажа дырэктар Баравікоўскага СДК, грошай. Транспарт для паездак прадастаўляе мясцовы агракамбінат "Дзяржынскі" - спонсар установы культуры, на чыім балансе знаходзіцца будынак установы культуры. А не так даўно, на Масленку, "Баравічанка" прадставіла канцэртна-забаўляльную праграму ў прыватным парку актыўнага адпачынку, што размешчаны на тэрыторыі раёна. Удзельнікі калектыву ладзілі конкурсы, спявалі масленічныя песні, а кульмінацыяй дзеі стаўся традыцыйны абрад, які скончыўся спаленнем саламянага чучала. Гэты адзін дзень працы прынёс у скарбонку платных паслуг два з паловай мільёны рублёў.  

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"