АКУМУЛЯЦЫЯ РЭСТАЎРАЦЫІ

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

Статус Цэнтра: час збіраць камяні

/i/content/pi/cult/314/5474/pic_6.jpg22 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь распачне працу выстаўка абразоў і алтарных карцін "Адкрыццё святой прыгажосці". Прычым слова "адкрыццё" мае ў гэтай назве двайны сэнс: выбітныя творы культавага мастацтва яшчэ зусім нядаўна хаваліся пад згубнымі для іх напластаваннямі часу. Дзякуючы гранту спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва і намаганням рэстаўратараў музея прыгажосць гэтых дзесяці ікон была адкрыта наноў - з дапамогай адпаведных тэхналогій. Як адзначыў дырэктар установы Уладзімір Пракапцоў, дадзены праект - не толькі экскурс у самабытныя мастацкія традыцыі мінуўшчыны і сведчанне ўзроўню сучасных майстроў, але і своеасаблівая "пастаноўка праблемы": як зрабіць такі складаны і карпатлівы працэс, як рэстаўрацыя твораў выяўленчага мастацтва, сістэмным і эфектыўным?

 

 Задача - не з простых. Але адказ на яе ўтрымліваецца ў Дзяржаўнай праграме "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады: там закладзены праект стварэння на базе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспубліканскага цэнтра рэстаўрацыі і кансервацыі.

Варта таксама адзначыць, што гаворка вядзецца не пра станаўленне айчыннай школы рэстаўрацыі "з нуля", але пра адраджэнне яе колішніх набыткаў - вядома, у зусім іншых сацыяльнаэканамічных умовах.

 

Піетэт да арыгінала

Набыткі айчыннай рэстаўрацыйнай школы са/i/content/pi/cult/314/5474/pic_7.jpgвецкага часу - відавочныя: кожны ахвотны можа ўбачыць іх непасрэдна ў экспазіцыі таго ж Нацыянальнага мастацкага музея, асабліва- у залах старажытнага беларускага мастацтва. Натуральна, далёка не ўсе наведвальнікі ўяўляюць, у якім стане ў музейныя фонды трапілі тыя абразы або алтарныя скульптуры, і колькі высілкаў спатрэбілася ў свой час, каб вярнуць ім першаснае хараство.

- У 1970-я - 1980-я гады да рэстаўрацыі ставіліся вельмі сур'ёзна, - згадвае загадчык навукова-рэстаўрацыйнага аддзела музея, рэстаўратар вышэйшай катэгорыі Аркадзь Шпунт. - І моладзь кшталту мяне, якая толькі прыходзіла ў прафесію, адчувала гэтыя трапяткія адносіны нават на падсвядомым узроўні. Так, тут навідавоку пэўны парадокс. З аднаго боку, на Беларусі, на жаль, адбываўся працэс руйнавання спадчыны: закінутыя храмы і палацы пакрысе разбураліся, і нікому да іх не было справы. Але мы ў сваіх майстэрнях былі падуладныя зусім іншай плыні, цалкам супрацьлеглай. Між іншым, у СССР міжнародныя прынцыпы рэстаўрацыі мелі абсалютную сілу! Гэта цяпер рэстаўратар можа дазволіць сабе пэўныя "вольнасці": нешта дапісаць або падмаляваць... Раней парушаць закон недатыкальнасці аўтарскага пласта ніхто не наважыўся б. Венецыянская хартыя дзейнічала няўхільна...

На той час навуковы і метадычны цэнтр савецкай рэстаўрацыі размяшчаўся ў Маскве, і спецыялісты з Беларусі заўжды маглі разлічваць на дапамогу калег. Але "агульнасаюзны" досвед патрабаваў значнай карэкціроўкі з улікам "мясцовых" асаблівасцей.

- Расійскі досвед быў для нас вельмі карысны, але ўкараняць яго аўтаматычна папросту не атрымлівалася, - кажа Аркадзь Шпунт. - Прыкладам, рускія старадаўнія іконы зазвычай маюць тыповыя і аднолькавыя праблемы - тое ж пацямненне пакосту. А ў нас на адной дошцы можна знайсці ажно восем пластоў запісу! Такая ікона - нібы зрэз гісторыі рэлігійнага жыцця на Беларусі, дзе храмы неаднойчы змянялі канфесійную прыналежнасць...

А ў справе рэстаўрацыі паліхромнай алтарнай скульптуры беларускія спецыялісты і ўвогуле былі наперадзе - калі не ўсёй планеты, дык, прынамсі, адной шостай часткі яе сушы.

У 1970-я - 1980-я гады такіх твораў у фондах музея назапасілася багата, і іх аднаўленне патрабавала складаных тэхнічных рашэнняў. Важна зазначыць, што беларускія рэстаўратары не былі пакінуты сам-насам са сваімі клопатамі. Яны маглі разлічваць на дапамогу калег з усяго СССР. Сістэма рэстаўрацыі працавала спраўна. Таму палімерныя матэрыялы для аднаўлення скульптур былі распрацаваны ў маскоўскім НДІ рэстаўрацыі і кансервацыі.

- Акурат на той час сярод спецыялістаў Масквы і Ленінграда вялася ажыўленая дыскусія адносна магчымасцей і мэтазгоднасці прымянення такіх матэрыялаў,- распавядае Аркадзь Шпунт. - А кропку ў ёй павінны былі паставіць мінчане, і гэта быў наш свайго кшталту эксперымент.

Дзякуючы майстэрству беларускіх рэстаўратараў, адказ быў атрыманы станоўчы: менавіта такія матэрыялы могуць выратаваць фарбы на драўляных скульптурах.

/i/content/pi/cult/314/5474/pic_8.jpg- Пасля таго, як адрэстаўраваныя намі творы з'явіліся на выстаўцы ў Маскве, спецыялісты былі здзіўлены і ўражаны, - згадвае Аркадзь Шпунт. - У выніку з'явілася ідэя стварыць на беларускай базе навучальны цэнтр усесаюзнага маштаба па рэстаўрацыі паліхромнай скульптуры - накшталт школы па рэстаўрацыі графікі ў Літве.

 Але гэтай задуме так і не было наканавана ажыццявіцца. Савецкі Саюз адышоў у нябыт. Прычым гэта здарылася акурат у той час, калі беларуская рэстаўрацыя мастацкіх твораў перажывала пік свайго развіцця.

Далей пачалося тое, што Аркадзь Шпунт акрэсліў словамі "разброд і хістанне". Старыя сувязі і самі прынцыпы міжінстытуцыйных адносін былі парушаны... Спецыялісты збягалі з музея ў больш прыбытковыя месцы працы, часам змяняючы прафесію... Уліванне "новай крыві" амаль што спынілася...

- У тыя пераломныя гады беларуская школа рэстаўратараў, на жаль, моцна страціла свае пазіцыі, - канстатуе Уладзімір Пракапцоў. - І сёння перад намі стаіць задача яе адраджэння. Прыспеў час збіраць камяні, і гэты працэс ужо распачаты.

 

Хроніка вяртання да жыцця

Сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі працуе дваццаць рэстаўратараў. На думку Уладзіміра Пракапцова, гэта замала для вырашэння ўсіх актуальных задач:

- Ёсць пэўныя праблемы з кадрамі па рэстаўрацыі паперы, дрэва, скульптуры, металу... У цэлым, працы ў нас, што называецца, непачаты край...

На згаданай выстаўцы будзе прадстаўлена толькі дзесяць абразоў. А яшчэ дзве з паловай сотні знаходзяцца ў музейных фондах, чакаючы рэстаўрацыі. Лічба сведчыць сама за сябе. Асабліва калі ўлічыць, колькі часу і высілкаў патрэбна спецыялістам для аднаўлення толькі адной іконы.

Перад тым, як дасягнуць "арыгінала" абраза Божай Маці Адзігітрыі з вёскі Галынка Клецкага раёна, рэстаўратарам давялося расчысціць чатыры слаі жывапісу. Нібы народжаная наноў, ікона будзе ўпершыню прадстаўлена на згаданай выстаўцы. Гэтага моманту яна чакала ў запасніках не адно дзесяцігоддзе.

- Экспазіцыя павінна стаць своеасаблівай справаздачай за атрыманы грант і магчымасцю ацаніць на практыцы ўзровень нашых рэстаўратараў,- кажа Уладзімір Пракапцоў. - Гледачы ўбачаць не толькі самі іконы, але і фотадакументацыю іх карпатлівага вяртання да жыцця.

На думку дырэктара музея, запланаванае ў бліжэйшую пяцігодку стварэнне рэстаўрацыйнага цэнтра значна павялічыць тэмпы работ па вяртанні тых культурных каштоўнасцей, якія хаця і не былі вывезены за мяжу, аднак усё ж застаюцца недасяжнымі для сучасніка праз свой гаротны стан.

У той самы час, гэты цэнтр павінен "абслугоўваць" не толькі адну ўстанову, але і ўсю музейную галіну краіны - бо, зразумела, не толькі запаснікі НММ утрымліваюць мастацкія творы, якія патрабуюць рэстаўрацыі. Дарэчы, падобны прынцып ужо паспяхова дзейнічае ў іншых краінах - прыкладам, у Літве.

Аркадзь Шпунт, у сваю чаргу, перакананы, што, сабраўшы ўсе лепшыя рэстаўрацыйныя сілы ў адзін моцны кулак, можна дасягнуць куды лепшага плёну: "раздробленасць", якая пануе ў гэтай сферы пасля распаду адзінай сістэмы, даўно ўжо прыспеў час пераадолець. Сэнс будучай арганізацыі рэстаўратар бачыць, у першую чаргу, у адраджэнні духу прафесійнай навуковай рэстаўрацыі:

- Цэнтр мусіць стаць не проста высокатэхнічнай рэстаўрацыйнай базай, а сапраўднай інстытуцыяй, якая сакумулюе лепшыя рэстаўрацыйныя сілы. У яе структуры мусіць быць і рэстаўрацыйны савет, здольны вырашыць спрэчныя пытанні, якія ўзнікаюць пад час складанай рэстаўрацыйнай працы, атэстацыйная камісія, якая атэстуе спецыялістаў і прысвойвае катэгорыі. Цалкам слушнай падаецца і ідэя стварэння пад дахам цэнтра і каардынуючага органа мастацтвазнаўцаў...

Аркадзь Шпунт упэўнены, што яднанне намаганняў /i/content/pi/cult/314/5474/pic_9.jpgрэстаўратараў і мастацтвазнаўцаў - цалкам неабходная патрэба сённяшняга часу.

- Мы можам і не ведаць, дзе і што сёння адбываецца: якія рэчы ў якіх помніках рэстаўруюцца. А гэта няправільна. Паспрабуйце ўзяцца за рэстаўрацыю пэўнага аб'екта ў замежжы: перш чым рэстаўратар дакранецца да спадчыны, ён павінен атрымаць дазвол на працу над гэтым аб'ектам у спецыяліста аховы помнікаў, у спецыяліста з адпаведнага міністэрства культуры... І гэта прытым, што тваё імя як прафесійнага рэстаўратара не выклікае нараканняў. У нас жа гэтыя пастулаты дзейнічаюць толькі дэюрэ...

Узяць на кантроль рэстаўрацыйныя работы ў Беларусі мусіць і будучы метадсавет Рэспубліканскага цэнтра, які сакумулюе сілы як рэстаўратараў, так і мастацтвазнаўцаў.

- Каб у выніку спецыяліст, які працуе дзесьці на аб'екце, разумеў, што "халтура" - не пройдзе, - падсумоўвае Аркадзь Шпунт.

 

Не толькі тэхнічныя моманты

Вядома, што будучы цэнтр мусіць стаць пляцоўкай, багатай і на тэхнічныя магчымасці ў справе рэстаўрацыі. У гэтым плане Нацыянальны мастацкі музей ужо сёння валодае някепскай базай. Адносна нядаўна былі закуплены вакуумны стол ды іншае сучаснае абсталяванне, але... Па словах Уладзіміра Пракапцова, нямала праблем яшчэ патрабуюць вырашэння.

Як адзначыў Аркадзь Шпунт, рэстаўратар сёння не можа задаволіць свае патрэбы ў абсталяванні і матэрыялах за кошт выключна айчыннай прадукцыі. Яно і зразумела: "вузкапрофільная" спецыялізацыя патрабуе спецыяльных прылад працы. Іх вытворцаў не так і шмат ва ўсім свеце.

- На Беларусі не вырабляюць ні якасных каланковых пэндзляў, ні патрэбных для нас фарбаў,- канстатуе рэстаўратар.

Таму выйсцяў тут можа быць толькі два: альбо купляць замежнае, альбо вучыцца рабіць сваё. -

Безумоўна, варта развіваць айчынную вытворчасць, наладжваць выпуск прадукцыі на годным узроўні, - мяркуе Аркадзь Шпунт. - Гэтая праблема патрабуе вырашэння на дзяржаўным узроўні. Але пакуль што трэба даць спецыялістам магчымасць купляць замежныя аналагі. Бо сёння, каб атрымаць патрэбныя рэчы, нам даводзіцца пісаць бясконцыя аргументаванні. Таму ў перспектыве хацелася б выйсці за межы бюракратычнага кола, каб працаваць спакойна. Усё ж такі мы маем справу з нацыянальным набыткам, інакш кажучы, "валютным фондам" краіны, і таму торг у дачыненні да рэстаўрацыйных матэрыялаў, тэхнікі часам не зусім апраўданы...

Што да кадравага пытання, якое заўжды стаіць вышэй за тэхнічнае, Аркадзь Шпунт, пры ўсіх эканамічных акалічнасцях, захоўвае аптымізм.

- Так, да нас прыходзяць людзі... З таго ж БДУКіМ. І мы цалкам вітаем іх энтузіязм, прапаноўваючы працу побач з прафесіяналамі, - удакладняе рэстаўратар. - Але, натуральна, для таго, каб будучы цэнтр сапраўды стаў вытворчай арганізацыяй, у якую імкнуліся б трапіць і знаныя спецыялісты, і маладыя, мы мусім заахвоціць людзей не толькі добрым словам...

 І яшчэ адно важнае ўдакладненне. Сёлета, падкрэслівае Аркадзь Шпунт, навукова-рэстаўрацыйны аддзел музея быў разбіты на сектары.

- Гэта мае на ўвазе пэўную спецыялізацыю рэстаўратараў,- тлумачыць ён, - аднак і гэтыя сектары, якія былі створаны, патрабуюць далейшага падзелу, каб аддзел функцыянаваў як мае быць. І ў цэнтры, калі гаворка ідзе пра галоўную базу беларускай рэстаўрацыі, дадзеная структура абавязкова мусіць быць прадугледжана.

 

Без права на сутворчасць

Беларускія рэстаўратары старэйшага пакалення мелі магчымасць атрымаць адукацыю ў Маскве або Ленінградзе, каб потым рэалізоўваць атрыманы досвед ужо на радзіме. У савецкія часы гэта было рэальна.

- Маімі настаўнікамі былі Аляксандр Пятровіч Някрасаў, які ў свой час рэстаўраваў роспісы Андрэя Рублёва ва ўладзімірскім Успенскім саборы, Яўгенія Міхайлаўна Крысці, Вольга Васільеўна Лелікава... - узгадвае Аркадзь Шпунт.- Натуральна, нават самі стасункі з такімі майстрамі моцна паўплывалі на маё прафесійнае станаўленне...

У апошнія ж два дзесяцігоддзі як ніколі раней актуалізавалася патрэба стварэння ўласнага механізма падрыхтоўкі рэстаўрацыйных кадраў. І літаральна праз некалькі гадоў ужо можна будзе ацэньваць першыя вынікі гэтых захадаў. У 2013-м у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адбудзецца першы выпуск дыпламаваных рэстаўратараў.

- Паводле маёй ацэнкі, падмацаванай метадычнымі і рэктарскімі праглядамі, на сённяшні дзень навучанне на гэтым курсе ідзе вельмі паспяхова, - кажа рэктар БДАМ Міхаіл Баразна. - Група садзіночыла здольных ды актыўных маладых людзей, якія радуюць і прагай да засваення прафесіі, і проста чалавечым да яе стаўленнем. Упэўнены, што з гэтых студэнтаў атрымаюцца высакакласныя спецыялісты...

Без сумневу, навучанне дадзенай прафесіі не можа адбывацца выключна ў сценах аўдыторыі. Таму праграма курса прадугледжвае своеасаблівую "разведку боем": засваенне ведаў і навыкаў праз удзел у канкрэтных рэстаўрацыйных работах. Так, літаральна днямі студэнты вярнуліся з колішняй рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы. І ацэнка іхняга даробку з боку сталых спецыялістаў была станоўчай.

Як запэўніў Міхаіл Баразна, методыка навучання рэстаўратараў у "палявых умовах" стане традыцыйнай. Да таго ж, некаторыя студэнты атрымаюць магчымасць прайсці замежныя стажыроўкі, здатныя за кароткі тэрмін насыціць іх ведамі.

 Зрэшты, рэктар Акадэміі мастацтваў акцэнтаваў увагу і яшчэ на адн ы м аспекце навучання прафесіі рэстаўратара. Паводле яго меркавання, такіх спецыялістаў не дастаткова адно забяспечыць пэўным комплексам ведаў - важнае таксама і "прывіццё" пэўнага светапогляду:

- Тут згадваецца вядомы медыцынскі прынцып: "Не нашкодзь". Рэстаўратар павінен умець "размаўляць" з творам, як з жывым чалавекам. Таму асаблівую ўвагу трэба звярнуць на яго выхаванне. І кіраўнік курса Юрый Падолін, як мне здаецца, вельмі добра спраўляецца з гэтай задачай...

Па словах Аркадзя Шпунта, рэстаўратары з Нацыянальнага мастацкага музея гатовы падзяліцца з моладдзю сваімі ведамі. А таксама і перадаць будучым спадкаемцам важны "мэсэдж" - своеасаблівую этыку і сам светапогляд гэтай прафесіі.

- Асабіста я выпрацаваў для сябе няхітрую філасофію. Стагоддзі таму мастак-іканапісец браў дошку, клей, фарбы, золата... - распавядае Аркадзь Шпунт. - Гэта ўсё - матэрыя, падуладная законам фізікі. Але, спалучаныя ў адно і адухоўленыя энергіяй чалавека, матэрыялы ўтваралі нешта метафізічнае- вобраз. Затым ішоў час, і пад уплывам няўмольных прыродных фактараў - такіх, як тэмпература або вільготнасць,- пачынаўся распад матэрыі і, разам з тым, вобраза, які быў увасоблены з яе дапамогай. Такім чынам, задача рэстаўратара- не толькі зноў сабраць гэтыя элементы, але і вярнуць ім метафізічны змест. Мы працуем з матэрыяй, але аднаўляем сам дух. Без гэтага ўсе высілкі- марныя...

Перакладчыка паэзіі часта называюць сааўтарам. А вось рэстаўратар мастацкіх твораў права ўмяшальніцтва ў "аўтарскі тэкст" не мае, і таму ён адразу павінен адпрэчыць спакусу зрабіць "лепей, чым было". Хаця апошнім часам яна з'яўляецца рэгулярна. Асабліва гэта тычыцца так званага камерцыйнага сектара рэстаўрацыі, дзе работы выконваюцца па замове прыватных калекцыянераў або інстытуцый. Нярэдка выканаўцу даводзіцца ўлічваць "эстэтычныя густы" свайго заказчыка- прыкладам, выяўленыя словамі "каб было прыгожа".

- Вынік наўпрост залежыць не толькі ад адукацыі, але і ад асабістай культуры рэстаўратара, - перакананы Аркадзь Шпунт. - Сёння рэдка сустрэнеш чалавека, які мае сапраўдны піетэт у дачыненні да арыгінала і разумее, што задача рэстаўрацыі - менавіта захаванне апошняга ў першасным выглядзе...

Многія прынцыпова адмаўляюць творчы статус прафесіі рэстаўратара: маўляў, "крэатывіць" такія спецыялісты папросту не маюць права. Але творчы дух усё ж прысутнічае і тут- праўда, у своеасаблівым вымярэнні. Аркадзь Шпунт перакананы, што ўніверсальныя і прымянімыя "на ўсе выпадкі жыцця" методыкі рэстаўрацыі сфармуляваць немагчыма: кожны прадмет - унікальны і патрабуе адмысловага падыходу і адмысловых рашэнняў. Таму аднымі рамесніцкімі навыкамі ніяк не абысціся. Адпаведна, складаную і карпатлівую працу рэстаўратара ні ў якім разе не выпадае лічыць аднастайнай і нудотнай.

 - Што вы, сумаваць тут ніколі не даводзіцца, - пасміхаецца карыфей рэстаўрацыйнай справы. - Ты нібы плывеш па рацэ і не ведаеш, што чакае цябе за наступным паваротам - або, дакладней, пад наступным слоем фарбы. Тым больш - калі працуеш з беларускімі культурнымі каштоўнасцямі. Якую рэч ні вазьмі - у ёй абавязкова ёсць пэўная асаблівасць. У нас працавалі майстры з розных краёў, уплывы былі і з Захаду, і з Усходу, усё моцна перамяшана... Таму і няма манатоннай аднастайнасці. Я працую ў рэстаўрацыі цягам ужо сарака гадоў, і за ўвесь гэты час у мяне ніколі не было адчування руціны - заўсёды цікава, заўсёды нейкі новы досвед...

Так адбылося і гэтым разам, пад час рэстаўрацыі іконы Божай Маці Адзігітрыі. Як паведаміў майстар, спачатку эксперты меркавалі, што рэч датуецца ХVIII стагоддзем. Аднак пад час працы аказалася, што ікона старэйшая на цэлае стагоддзе. Можна сказаць, што рэстаўратары адкрылі новую грань у беларускім мастацтве іканапісу.

- У гэтым творы спалучаецца і традыцыя рускай іканапіснай школы, і заходнееўрапейскага свецкага жывапісу. Тут усё цалкам гарманічна і натуральна. А самае цікавае - гэта лікі Божай Маці і Немаўляці. Ікона паходзіць са Случчыны, і мы можам меркаваць, што майстар чэрпаў натхненне ў нав а к о л ь н ы м жыцці. Аднак гэтая акалічнасць зусім не перашкодзіла яму стварыць сапраўдны твор мастацтва. Вось вам і ўся разгадка.

Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ, Ілля СВІРЫН

Фота Юрыя ІВАНОВА