Пра курганы: ад Ашмян да Пінска

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

Як сведчыць народная мудрасць, што ні робіцца - робіцца да лепшага. Менавіта гэтыя словы можна аднесці да жыцця і дзейнасці вядомага беларускага археолага, фалькларыста, этнографа і краязнаўцы Рамуальда Сымонавіча Зянькевіча, 200 гадоў з дня нараджэння якога споўнілася ў лютым.

/i/content/pi/cult/314/5473/pic_5.jpgПасля вучобы ў павятовай школе ў Паставах і Віленскай гімназіі будучы даследчык у 1826 годзе паступае на літаратурны факультэт Віленскага ўніверсітэта, дыплом якога дае яму магчымасць атрымаць пасаду настаўніка ў павятовай школе. Але здарылася вялікае няшчасце: Рамуальд Сымонавіч амаль страціў зрок. У выніку працаваць у школе стала немагчыма, і ён быў зноў вымушаны вучыць дзяцей прыватна. Такім чынам Зянькевіч настаўнічаў на Пастаўшчыне і Ашмяншчыне.

Чым жа адзначыўся Рамуальд Зянькевіч? Будучы на Ашмяншчыне ў 1843 годзе, даследчык цікавіўся мясцовымі археалагічнымі помнікамі. Ён карыстаўся звесткамі аратых, якія знаходзілі старажытныя рэчы. Не маючы магчымасці самому весці раскопкі з-за слабога зроку, Р.Зянькевіч зрабіў абмеры курганоў, гарадзішчаў, апісаў іх знешні выгляд, даў ім мясцовыя назвы і сабраў мясцовыя легенды пра іх. Менавіта ён упершыню стварыў археалагічную карту Ашмянскага павета. Да таго ж, даследчыку належыць публікацыя "Пра курганы і гарадзішчы Ашмянскага павета", апублікаваная ў часопісе "Athenaeum" у 1848 годзе. Р.Зянькевіч вывучаў і старажытны Крэўскі замак, легенды пра яго лёхі.

На Піншчыне Р.Зянькевіч трапляе ў дом князёў Друцкіх-Любецкіх, дзе збліжаецца з пінскім людам і запісвае песні, звычаі. Гэта - самая выдатная заслуга Зянькевіча. Працуючы на Палессі настаўнікам, ён займаўся вывучэннем мясцовага фальклору і этнаграфіі. У польскамоўным часопісе "Athenaeum" ён здолеў змясціць 219 беларускіх песень.

У 1850-я гады ён пераязджае ў Вільню. У 1851-м выдае ў Коўне "Народныя песенькі пінскага люду" ў беларускім арыгінале з вершаваным перакладам збіральніка і тлумачэннем абрадаў, пры якіх выконваюцца тыя або іншыя песні. Не менш цікавая інфармацыя была змешчана і ў артыкуле "Пра ўрочышчы і звычаі пінскага люду, а таксама пра характар яго песні", дзе знайшлі падрабязнае апісанне працоўныя працэсы, каляндарныя і сямейныя абрады, вераванні і забабоны. Зянькевіч упершыню на даволі грунтоўным узроўні распавёў шырокай грамадскасці пра старажытны веснавы абрад куста, пахавальныя абрады, памінальны абрад "Дзяды".

Пісаў Рамуальд Зянькевіч і вершы, якія выдаў у дзвюх кнігах. Ён - аўтар вершаванага зборніка "Probki rymowe" і кнігі "Wesele, przedslubny podarek rymowy". Сёння частка яго рукапіснай спадчыны захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Акадэміі навук Літвы ў Вільнюсе. Памёр жа Зянькевіч 11 верасня 1868 года.

 Ігар ПРАКАПОВІЧ

Паставы