Вучоныя-наватары ў Вялікім Княстве

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

З гісторыі фізікі і астраноміі XVII — XVIII стст.

/i/content/pi/cult/314/5471/pic_3.jpgГісторыя Віленскай езуіцкай акадэміі - адзінага ўніверсітэта на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага - налічвае шмат малавядомых і цікавых старонак. Супярэчлівы і складаны працэс навуковай рэвалюцыі XVI - XVII cтст., калі схаластычны арыстацелізм паступова змяняўся эксперыментальнаматэматычным прыродазнаўствам, яскрава адлюстраваны ў дзейнасці выкладчыка Віленскай акадэміі і Нясвіжскага калегіума Освальда Кругера і ягоных вучняў. У сваю чаргу, эпоха Асветніцтва стала часам, калі даследаванні, якія ажыццяўляліся ва ўніверсітэцкa а с т р а н а м і ч н а й абсерваторыі, атрымалі шырокую вядомасць.

 

Academia et Universitas Vilnensis

Освальд Кругер (каля 1598 - 1655 гг.) паходзіў з Прусіі. Прыкладна ў дваццацігадовым узросце ўступіў у Таварыства Ісуса. Ён вывучаў філасофію (у склад якой уваходзіла на той час і прыродазнаўства) у Рыме, а тэалагічную адукацыю атрымаў ужо ў Вільні. У 1630 - 1640-х гг. пад кіраўніцтвам Кругера ажыццяўляліся тэлескапічныя даследаванні нябесных цел. У выніку былі пацверджаны як рух Меркурыя і Венеры вакол Сонца, так і адкрыццё спадарожнікаў Юпітэра. Освальд Кругер у 1645 г. адкрыта падтрымаў геліяцэнтрызм. У сувязі з гэтым трэба нагадаць, што ў бібліятэцы Віленскай акадэміі знаходзіўся асобнік першага выдання галоўнай працы Мікалая Каперніка "Аб абарачэннях нябесных сфер" (Нюрнберг, 1543 г.). Выкладчыкі Віленскай акадэміі абмяркоўвалі таксама і ідэі Галілеа Галілея.

Кругер і ягоныя вучні цікавіліся магнітнымі з'явамі, праводзілі даследаванні ў галіне артылерыйскай справы, разглядалі пытанні оптыкі і механікі. Разам з тым, вучоныя Віленскай езуіцкай акадэміі занялі кансерватыўную пазіцыю ў адносінах да вопытаў з так званай тарычэлевай пустатой, праведзеных В.Магні ў Варшаве (1647 г.). Варта адзначыць, што выкладчыцкая дзейнасць Освальда Кругера праходзіла не толькі ў Віленскай акадэміі, але і ў Нясвіжскім калегіуме, рэктарам якога ён быў прызначаны ў 1653 годзе.

 

"Вялікае мастацтва артылерыі" і "Усеагульная мера"

Вяршыняй навуковай думкі ВКЛ XVII ст. стала праца Казіміра Семяновіча "Вялікае мастацтва артылерыі. Частка першая" (Амстэрдам, 1650 г.), дзе ўпершыню, як лічыць шэраг даследчыкаў, была акрэслена ідэя пабудовы шматпрыступкавай ракеты. Важнай з'яўлялася прапанова К.Семяновіча ўкараніць падыход, якім грунтуецца на матэматычных ведах, не толькі ў прыродазнаўчыя навукі, але і ў рамесніцкую вытворчасць. Падтрымліваючы прынцып інерцыі, які з'яўляўся адным з асноўных у класічнай механіцы, Семяновіч блізка падыходзіў да вызначэння некаторых фізічных законаў і паняццяў Новага часу.

У перыяд цяжкіх і разбуральных войнаў, жорсткіх унутраных супярэчнасцей сярэдзіны XVII- першай трэці XVIII ст. перад кіраўніцтвам Віленскай езуіцкай акадэміі на першым плане стаяла задача арганізацыі ўласна вучэбнага працэсу на належным узроўні. Але і ў гэты час у сталіцы ВКЛ ведалі аб дасягненнях заходнееўрапейскіх вучоных. Буйной падзеяй стала выданне ў Вільні працы італьянскага прадпрымальніка і навукоўца Ц.-Л. Бараціні "Усеагульная мера" (1675 г.). Уласная практыка прывяла яго да думкі заснавання сістэмы вымярэнняў на ўсталяваных Г.Галілеем заканамернасцях руху маятніка. У якасці асноўнай адзінкі вымярэнняў прапаноўвалася ўзяць даўжыню маятніка, перыяд аднаго хістання якога роўны адной секундзе. Новая адзінка вымярэння атрымала назву "metro catolico" ("усеагульны метр"). Слова "метр" Ц.-Л. Бараціні выкарыстаў упершыню для ўвядзення назвы базавай адзінкі даўжыні.

 

Пасля перамогі навуковай рэвалюцыі

Распрацоўка дыферэнцыяльнага і інтэгральнага злічэнняў, зацвярджэнне класічнай механікі і геліяцэнтрычнай сістэмы свету вызначылі перамогу навуковай рэвалюцыі XVI - XVII стст. На тэрыторыі ВКЛ ужо цягам 1730 - 1750х гг., дзякуючы аднаўленню навучальных устаноў і пэўным зменам у езуіцкай сістэме адукацыі, былі падрыхтаваны ўмовы для імклівага развіцця дакладных навук. Па-першае, за мяжой праходзілі падрыхтоўку здольныя навучэнцы ордэна езуітаў, якія па вяртанні выкладалі, абапіраючыся ўжо на дасягненні тагачаснага прыродазнаўства. Па-другое, утвараліся спецыяльныя курсы падрыхтоўкі настаўнікаў матэматычных дысцыплін, што некаторы час дзейнічалі ў Вільні, Нясвіжы і Полацку.

Дзякуючы намаганням Т.Жаброўскага ў 1753 г. была заснавана астранамічная абсерваторыя пры ўніверсітэце, пашырана праграма выкладання матэматыкі. Пры езуіцкіх калегіумах ствараліся фізічныя кабінеты, праходзілі публічныя дэманстрацыі вопытаў. Ажыццяўленне астранамічных даследаванняў, якія атрымалі еўрапейскую вядомасць, звязана з дзейнасцю Марціна Пачобута-Адляніцкага на пасадзе кіраўніка ўніверсітэцкай абсерваторыі ў 1764 - 1807 гг. (Артыкул пра дзейнасць гэтага вучонага быў змешчаны ў "К" №8 за 2011 г., аўтарская назва яго- "Па шляху Каперніка і Гевелія. Каралеўскі астраном з Гродзеншчыны".)

Шмат зрабіў для развіцця эксперыментальнай фізікі ва ўніверсітэце Юзаф Міцкевіч, які таксама паходзіў з Гродзеншчыны. Ён імкнуўся садзейнічаць укараненню навуковых дасягненняў у гаспадарчае жыццё грамадства, прымаў удзел у арганізацыі экспедыцый па вывучэнні карысных выкапняў на тэрыторыі сучасных Літвы і Беларусі. Даследаванні Міцкевіча стаялі ля вытокаў праграмы па высвятленні ўзаемадзеяння паміж электрычнасцю і магнетызмам, праведзенай у Віленскім універсітэце ў пачатку XIX cт. Усё гэта сведчыць, што на працягу XVII - XVIII стст. Вялікае Княства Літоўскае не было адарвана ад агульнаеўрапейскага навуковага развіцця.

Павел КОСМАЧ, кандыдат гістарычных навук