Свой Парнас Казіміра Альхімовіча

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

Ні на кога не падобны рэаліст з Дамброва

/i/content/pi/cult/314/5470/pic.jpgЯгоная радзіма - вёска Дамброва Лідскага павета Гродзенскай губерні (цяпер - Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці). Тры месяцы таму споўнілася 170 гадоў з дня яго нараджэння. Імя гэтага цудоўнага беларускага жывапісца і графіка - Казімір Дамінікавіч Альхімовіч. Хаця літоўцы лічаць яго сваім і называюць Казімірас Альхімавічус. Пад такім імем ён і ўвайшоў ва ўсе літоўскія энцыклапедыі і альбомы 50-х - 60-х гадоў ХХ ст. На рускай мове імя мастака можна сустрэць у справаздачах "Таварыства падтрымкі мастацтва" і "Мастацкіх навінах" Пецярбурга, якія выходзілі ў 80я гады пазамінулага стагоддзя, у каталогах Рускага аддзела Сусветнай парыжскай выстаўкі 1900 г. і ХІ Вясенняй выстаўкі Віленскага мастацкага таварыства 1910-га. Ды і палякі таксама прылічаюць Альхімовіча да сваёй спадчыны, бо мастак сапраўды меў непасрэднае дачыненне і да іх краіны, дзе, дарэчы, у Варшаве 31 снежня 1916 года ён скончыў свае дні. У нас жа пра "зорку" Альхімовіча я ўпершыню даведаўся на пачатку 1970-х гадоў ад мастацтвазнаўцы Леаніда Дробава, які шмат чаго зрабіў для вяртання яго імені, як і імёнаў іншых мастакоў беларускага паходжання, у культурную прастору нашай краіны.

Сапраўды, Альхімовіч так ці інакш у розныя перыяды жыцця быў звязаны і з Расіяй (ён нават прымаў удзел у роспісе касцёла Святой Кацярыны ў Пецярбургу), і з Францыяй, аднак Беларусь заўсёды заставалася для яго Радзімай, і сваю прыхільнасць да гэтай зямлі, да яе прыроды, людзей і мовы ён захаваў да канца жыцця. Паводле ўспамінаў дачкі прафесара жывапісу Войцэха Герсана - М.ГерсанДамброўскай, якая ведала мастака асабіста, Альхімовіч глыбока любіў Беларусь, "краіну таямнічых бароў і людзей у лапцях і палатняным адзенні, і размаўляў на роднай мове". Але галоўнае было тое, што ў сваіх палотнах і замалёўках ён адлюстроўваў не толькі буйныя эпізоды з гісторыі ВКЛ і язычніцкія легенды з дапатопных часоў, але і рэальнае жыццё ды побыт сваіх землякоў-сялян, парабкаў і дробнапамеснай шляхты, а ў графіцы, у тым ліку ў ілюстрацыях, перадаваў прыгажосць родных яму краявідаў Гродзеншчыны, беларускіх пушчаў, балотаў, лясоў, азёр і рэчак...

Яго старэйшага брата, таксама мастака, звалі Гіяцынт. Выхаванец Віленскай гімназіі, ён стаў актыўным удзельнікам паўстання 1863 года. Аднак пасля яго разгрому паспеў эмігрыраваць у Францыю, дзе шмат гадоў выкладаў жывапіс у каледжах і дзе скончыў свае дні напрыканцы XIX ст. Менавіта па яго шляху пайшоў і Казік (так звалі будучага мастака ў сям'і). Ён таксама паступіў у Віленскую гімназію. Яго настаўнікам стаў вядомы педагог і мастак Канут Іванавіч Русецкі, асоба вельмі цікавая. Равеснік Валенція Ваньковіча, ён у свой час вучыўся ў Віленскім універсітэце, быў звязаны з філаматамі, потым працягваў адукацыю ў Парыжы і Рыме. Пісаў міфалагічныя і гістарычныя палотны, пейзажы, акварэльныя партрэты. Сёння ў Літоўскім мастацкім музеі знаходзіцца звыш 300 твораў Канута Русецкага. А з яго жывапіснага класа выйшлі такія знакамітыя творцы свайго часу, як Альберт Жамет, Альфрэд Ромер, Тадэвуш Гарэцкі і Ян Зянкевіч.

Пасля заканчэння гімназіі Казімір апынуўся пад Кіевам, дзе цягам некалькіх месяцаў працаваў... аканомам (!) у панскім двары нейкага ўкраінскага памешчыка. Не ведаю, як і чаму Альхімовіч туды трапіў, але хутка яго ўжо бачылі на Беларусі ў шэрагах паўстанцаў-інсургентаў разам з братам Гіяцынтам. Дэталі іх баявых дзеянняў мне не вядомыя, хаця, мабыць, сёе-тое захавалася ў гістарычных архівах замежжа. Затое вядома іншае: Гіяцынт, як я згадваў вышэй, пазбегнуў царскай расплаты. А вось Казіміру пашанцавала менш: яго арыштавалі і аддалі пад суд. Прысуд - ссылка ў мясціны вельмі аддаленыя: на Урал, спачатку - у гарадок Кунгур, потым - Верхатур'е.

Канешне, жылося там не соладка, аднак была магчымасць маляваць і нават штосьці прадаваць мясцоваму люду. Невялічкія карціны мастака з бытавымі і рэлігійнымі сюжэтамі карысталіся вялікім попытам. З таго часу захаваўся адзін з нямногіх яго пагрудных аўтапартрэтаў: тыповы разначынец з інтэлігенцкай бародкай і пранізлівым поглядам. У правым ніжнім куце партрэта - год стварэння (1864), месца напісання (Кунгур) і подпіс: "К.Альхімовіч". Увогуле, перыяд ссылкі пакінуў у жыцці і творчасці мастака сур'ёзны адбітак. І потым, пасля амністыі ў 1869-м, ён неаднойчы вяртаўся ў жывапісе да гэтага адрэзка сваёй біяграфіі (карціны "На этапе", "Пахаванне на Урале", "Смерць выгнанніка"; за дзве апошнія атрымаў сярэбраныя медалі).

 Пасля амністыі жыць мастаку на малой радзіме царскі ўрад не дазволіў, і ён вымушаны быў пасяліцца ў Варшаве. Праўда, часта ўпотай наведваў родныя мясціны, дзе збіраў матэрыял для сваіх будучых "этнаграфічна-бытавых" палотнаў. Тут нараджаліся задумы такіх, у асноўным, спакойна-ідылічных работ, як "Жніво", "Парабкава хата", "Збор сена", "Пастушка", "Млын", "Шляхціч і селянін", "Вясковая дзяўчына", "Дажынкі", хаця некаторыя мелі нейкую сацыяльную накіраванасць ("Абліваючыся потам", "Наём работнікаў"). Але менавіта гістарычным жанрам мастак увайшоў у "рэестр" еўрапейскага выяўленчага мастацтва, не лічачы кніжнай графікі, у якой таксама паказаў сябе таленавітым майстрам.

На пачатку 1870-х ён паступіў у прыватную рысавальную школу прафесара Войцэха Герсана, выхаванца дзвюх акадэмій - Варшаўскай і Пецярбургскай, і вучня вядомага французскага педагога Лявона Канье. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, Альхімовіч быў любімым вучнем Герсана. А ў таго іх было дзясяткі, сярод якіх - будучыя класікі польскага жывапісу Юзаф Панкевіч, Юзаф Хелмонскі, Ян Станіслаўскі, Лявон Вычулкоўскі, Максімільян Герымскі, Уладзіслаў Падкавінскі. Тым не менш, Альхімовіч нядоўга правучыўся ў Герсана: душа яго вабіла далей, у Еўропу, дзе нараджалася зусім новае мастацтва, і яму здавалася, што там ён атрымае больш карысці ў прафесійных адносінах, чым у Варшаве.

Спачатку Альхімовіч наведвае Акадэмію мастацтва ў Мюнхене, тую самую, у якой не так даўно вучыўся Ян Матэйка. Штосьці там не вельмі спадабалася, і Казімір прыехаў у Парыж ды на цэлыя чатыры гады пасяліўся ў арандаванай майстэрні ў Авоне, а трошкі пазней аблюбаваў цудоўны раён Фантэнбло. Ці сустракаўся ён з братам у Парыжы? Магчыма, так. Хаця дакладных сведчанняў на гэты конт у мяне няма. Таксама мне невядома, чаму мастак, які так добра ўладкаваўся ў Парыжы, раптам вырашыў вярнуцца ў Варшаву, каб выкладаць у Школе жывапісу і разьбы нейкай пані М.Пасвікавай. Можа, тут былі замяшаны якіясьці асабістыя матывы? Альбо мастак адчуў, што ўсё, што ён хацеў, у Францыі атрымаў, і час вяртацца бліжэй да Радзімы...

З пачатку 1880-х Альхімовіч становіцца першапраходцам у гістарычным жанры. Тут яго прываблівае, галоўным чынам, беларуска-літоўская драматычная мінуўшчына эпохі Вялікага Княства Літоўскага. Таксама яго вельмі цікавяць старонкі язычніцкага жыцця нашых далёкіх продкаў. Гэтую тэму Казімір ведаў добра, не горш за прафесійнага гісторыка той эпохі. Дастаткова назваць толькі некаторыя палотны мастака, каб пераканацца ў гэтым: "Язычніцкія жрацы", "Смерць Маргіера", "Лідзейка з дачкою на руінах царквы Перуна", "Апошні жрэц Літвы з дачкою Плёнтай", "Багіня кахання Мільда", "Малітвы церпячых". Паралельна працуе і над рэалістычнай карцінай з сучаснага жыцця зямлякоў, а таксама ілюструе літаратурныя творы пісьменнікаў-рамантыкаў, у тым ліку - А.Міцкевіча, У.Сыракомлі, Ю.Крашэўскага, Ю.Славацкага, Э.Ажэшкі. Ствараў і графічныя аркушы, выкананыя чорнай тушшу. У асноўным, гэта - партрэты гістарычных асоб - дзяржаўных дзеячаў ВКЛ Мікалая Крыштафа Радзівіла (Сіроткі), Казіміра Яна Паўла Сапегі і іншых.

Адной з першых жывапісных фігуратыўных кампазіцый у гістарычнай спадчыне мастака стала карціна "Смерць Міхаіла Глінскага ў турме", якую ў 1885 годзе прынялі на ўра, як калісьці брулоўскую "Пампею", жыхары Пецярбурга, дзе яна ўпершыню экспанавалася. Нагадаю, Міхаіл Глінскі быў дзяржаўным і ваенным дзеячам ВКЛ і Вялікага Княства Маскоўскага, які служыў рускаму вялікаму князю Васілію III, бацьку будучага Івана IV (Жахлівага), і ваяваў на ягоным баку. А спачатку гэты авантурыст і таленавіты палкаводзец удзельнічаў у вайне супраць рускіх войскаў; пад Смаленскам у 1514-м трапіў у палон і доўгі час знаходзіўся ў зняволенні. А калі Васілій ІІI пабраўся шлюбам з яго пляменніцай Аленай, дык даў Міхаілу не толькі свабоду, але і магчымасць камандаваць конніцай пры ўзяцці Казані. Пасля смерці Васілія Глінскі стаў апекуном маленькага Івана, але баяры абвінавацілі Глінскага ў загаворы з мэтай завалодаць расійскай каронай і кінулі яго ў турму. Там у 1534 годзе няўдачлівы прэтэндэнт на прастол і памёр. Праўда, невядома, куды потым знікла гэтая карціна Альхімовіча, але, па ўспамінах сучаснікаў, яна ўражвала вобразна-колеравай сілай.

Затое да нас дайшла іншая гістарычная рэч - "Пахаванне Гедыміна", якая з вялікім поспехам дэманстравалася на выстаўках у Пецярбургу, Вене, Варшаве, Львове і Сан-Францыску, а яе аўтар атрымаў некалькі высокіх узнагарод. Гедымін - асоба легендарная ў нашай гісторыі. Па значнасці постаць яго можна параўнаць з сучаснікам - рускім князем Аляксандрам Неўскім. Гедымін ваяваў супраць лівонскіх рыцараў, далучыў да ВКЛ землі з гарадамі Гродна, Полацк, Брэст, Пінск, Тураў, Віцебск; заваяваў поўдзень Русі да Пуціўля і Бранска; зрабіў Вільню сталіцай ВКЛ... Аднак у снежні 1341 года пры аблогу нямецкай крэпасці Баербург быў забіты з агнястрэльнай зброі, якая мелася ў арсенале крыжакоў.

Тэма карціны - смутак ад незваротнасці цяжкай страты. З непраходнай пушчы, з самага гушчару, выходзяць на шырокую паляну воіны Гедыміна. І нясуць яны на руках цела свайго ўладара. Схіліўшы галовы, услед за імі тоўпяцца простыя людзі ў белых вопратках, у сплеценых з лыка лапцях. Побач - магутныя дубы і елкі. А над усім гэтым - цяжкія свінцовыя хмары, толькі ўдалечыні відаць нейкае святло як сімвал надзеі, што дзяржаўная справа Гедыміна па завяршэнні аб'яднання беларуска-літоўскай дзяржавы будзе паспяхова прадоўжана.

І яшчэ адзін вобраз нашага вялікага продка /i/content/pi/cult/314/5470/pic_2.jpgцікавіў Альхімовіча. Гэта князь Кейстут. Ён быў сынам Гедыміна і бацькам Вітаўта. Ваяваў з крыжакамі і палякамі, а таксама марыў, каб жамойцкая знаць заняла вядучае месца ў ВКЛ. У 1381 годзе выступіў супраць вялікага князя Ягайлы, але быў ім захоплены, прывезены ў замак Крэва і там па-зверску задушаны. Дзве карціны мастак прысвяціў гэтай постаці: "Адпачынак Кейстута" і "Вітаўт на магіле Кейстута".

З іншых гістарычных палотнаў трэба адзначыць класіцыстычную карціну з нейкім налётам рамантызму "Падрыхтоўка да смерці Самуіла Збароўскага". Збароўскі, багаты прадстаўнік польскай знаці,- асоба таксама легендарная, але менш вядомая, чым, напрыклад, яго знакамітыя сучаснікі Стэфан Баторый ці Сігізмунд II Аўгуст. Пасля забойства ў Кракаве аднаго з магнатаў Збароўскі быў выгнаны з Польшчы і перабраўся да нізавых казакаў Запарожскай Сечы. Потым жыў пры двары семіградскага ваяводы Стэфана Баторыя, пакуль таго не абралі каралём Польшчы. Пасля гэтага Збароўскі зноў вярнуўся да сяброў-запарожцаў і нават быў абраны іхнім гетманам. З умацаваннем пазіцый Сечы казакі сталі замахвацца на ўладанні крымскага хана і турэцкага султана, выклікаючы тым самым дыпламатычныя спрэчкі ў іх стасунках з Польскім Каралеўствам. Аднойчы са сваёй дзвюхтысячнай арміяй ён спусціўся да Чорнага мора і там абкружыў некалькі турэцкіх гарадоў. Тады султан прыгразіў свайму саюзніку Баторыю, што пойдзе вайной на Польшчу, калі той не пакарае "ліхадзея" Збароўскага. І кароль выслаў сваё войска на запарожцаў, загнаўшы іх за Днепр. А калі сам казацкі гетман у 1584 годзе прыехаў на радзіму з надзеяй скончыць з Баторыем, яго злавілі, прывезлі ў Кракаў і там на рынку адсеклі галаву...

На карціне Альхімовіча мы бачым закаванага ў ланцугі Самуіла Збароўскага. Знясілены пасля катаванняў, ён сядзіць на мураванай падлозе каземата і слухае малітву каталіцкага святара. У дзвярах - у чаканні канца малітвы - кат з сякерай у руках; побач - варта ў нямым маўчанні. Але, як кажа мастак, нішто не зламіла волю героя...

Сярод іншых гістарычных палотнаў Альхімовіча папулярнасцю ў гледачоў карысталіся карціны "Абарона Ольштына", "Пасля бітвы", "Хрысціянскія пакутнікі", зробленыя на вельмі высокім кампазіцыйна-пластычным узроўні, хаця па эмацыянальнасці, псіхалагічнасці вобразаў саступаюць "Пахаванню Гедыміна".

 У апошнія гады жыцця, калі ў Еўропе пышным колерам расквітнела "найноўшае" выяўленчае мастацтва са шматлікімі плынямі, метадамі, кірункамі, інтарэсамі, Казімір Альхімовіч заставаўся на тых самых рэалістычных пазіцыях, з якіх і пачынаў у 1870-я гады творчы ўзлёт на свой уласны, ні на кога не падобны, мастакоўскі Парнас...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"