“То ліцвінка Эмілія Плятэр"

№ 11 (983) 12.03.2011 - 18.03.2011 г

Пяшчотныя клемацісы капітана ў спадніцы

/i/content/pi/cult/313/5468/Clip_43.jpg(Заканчэнне. Пачатак у № 10.)

Эмілія Плятэр - жанчына, што пакінула пасля сябе яскравую гісторыю і легенду, крочыць услед за якой хочацца даследчыку мінуўшчыны. І не толькі. Сёлета ў Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адкрылася выстаўка па выніках пленэру на Браслаўшчыне, прысвечанага яе памяці... "К" працягвае расповед пра слынную змагарку, а таксама пра гісторыю архіўных пошукаў, звязаных з імем нашай зямлячкі.

 

"Лепей загінуць з гонарам!.."

...Коўна. Эмілія - у складзе войскаў генерала Хлапоўскага, у яе гонар даюць баль. Чым жа "ўзяла" юная змагарка "мужчынскі ваенны свет", таго ж генерала, які спачатку настойліва прапаноўваў ёй вярнуцца дадому? Безумоўна - адвагай і сур'ёзным стаўленнем да справы, да якіх, трэба абавязкова адзначыць, далучаліся яе высокі статус - прадстаўніцы аднаго са слынных родаў - і спалучэнне дабрыні і высакароднасці.

Яраш Малішэўскі, гісторык, аўтар даследавання пра жыццё Эміліі Плятэр, супрацоўнік адной са сталічных турыстычных кампаній, пракаменціраваў успаміны Ігната Дамейкі, які змагаўся ў корпусе генерала Хлапоўскага, з'яўляючыся для гераіні нашага аповеду ваенным таварышам: "Ён апісвае Плятэр як дзяўчыну стройнага складу, з акруглым сімпатычным тварам і кароткімі, падрэзанымі, валасамі. Дамейка падрабязна апісвае яе касцюм, адзначае густ шляхцянкі, яе постаць - як яна зграбна трымалася на кані і тое, як яна сябе паводзіла. Аніякага пазёрства і какетлівасці. Прастата, ветлівасць, таварыскасць, і, у той жа час, усім было бачна, што дзяўчына - знанага роду. Таму ў войску ні ў кога нават у думках не ўзнікала дапусціць у яе бок недарэчны жарт, нават паграшыць у ветлівым абыходжанні".

 Магнетызм, які выпраменьвала Плятэр, дзейнічаў на ўсіх. Што да мужнасці, дык гэтая яе якасць і не патрабавала доказу.

...27 чэрвеня 1831-га адбываецца бітва, пад час якой Плятэр была паранена і амаль што трапіла ў палон. Выратаваў яе маёр Кекерніцкі, які аддаў Эміліі свайго каня, а сам быў схоплены. 19 ліпеня - бой пад Вільняй, пік паўстання, дзе смеласць Плятэр зноў звяртае на сябе ўвагу. Але захапіць горад паўстанцам не ўдаецца: буйныя злучэнні царскіх войскаў разбіваюць атаку. Ход падзей праламляецца./i/content/pi/cult/313/5468/Clip_41.jpg

8 ліпеня - вядомая бітва пад Шаўляем, дзе мужнасць капітана Плятэр была адзначана ў рапарце генерала Гелгуда. Полк Эміліі ахоўваў абоз, уцягнуты ў бойку. Тым не менш, справы паўстанцаў вымагалі новых стратэгій і падтрымкі. 9 ліпеня ваенны савет прымае рашэнне падзяліць іх армію на тры часткі і дзейнічаць у розных напрамках. Калі Эмілія даведваецца, што частка пад кіраўніцтвам Хлапоўскага, у якой яна дзейнічае, плануе сыходзіць у Прусію, яна заклікае кіраўніцтва спыніць адступленне. "Лепей загінуць з гонарам, чым скончыць такой ганьбай!" - асуджае яна дзеянні генерала. І- пакідае войска, скіраваўшыся на Варшаву, дзе хоча далучыцца да падраздзяленняў, што яшчэ змагаюцца. "Пакуль іскрынка жыцця будзе ў грудзях, буду змагацца за Айчыну!" - гэта яе вядомыя словы. У Прусіі, як і прадказала капітан Плятэр, яе баявыя таварышы вымушаны былі скласці зброю.

 

Апошнія дні

Але дайсці да Варшавы змагарцы так і не ўдаецца. Прадзіраючыся праз лясы і балоты, у абыход войскаў праціўніка, якіх было шмат на тэрыторыі, якая належыць сёння Літве, дзяўчына захварэла. Складаныя пераходы, голад, холад падарвалі здароў'е Плятэр. Сябры вымушаны былі, як калісьці на пачатку паўстання, пакінуць яе ў прыдарожнай хаце. Пазней хворую Эмілію пераносяць у дом збяднелых шляхцічаў Абламовічаў пад "легендай" новай настаўніцы для дзяцей. У гэты ж час прыходзяць навіны аб узяцці царскімі войскамі Варшавы і разгроме паўстання. Да апошняга ад змагаркі імкнуцца ўтаіць благія звесткі, але калі Эмілія даведваецца праўду, гэта канчаткова спусташае яе. 23 кастрычніка 1831 года капітан Эмілія Плятэр пайшла з жыцця...

 

/i/content/pi/cult/313/5468/Clip_42.jpgСлед Плятэр

Пасля смерці прадстаўніцу слыннага роду царскія ўлады прызналі "дзяржаўным злачынцам". Быў дадзены адпаведны загад аб канфіскацыі яе маёнтка і маёмасці. У Нацыяльным гістарычным архіве Беларусі знаходзяцца ўнікальныя дакументы, што пацвярджаюць гэты факт, у тым ліку - вялікі збор матэрыялаў, які датычыцца Плятэраў і іх судовых спрэчак з дзяржаўнымі інстанцыямі.

Справа ў тым, што маёмасць Плятэраў была раскідана. Частка належыла бацьку Эміліі, частка - яе дзядзьку Дзіянісію і г. д. І, натуральна, узніклі пратэсты супраць прысуду: у прыватнасці, Дзіянісій Вольт распачаў сустрэчны іск наконт таго, што маёмасць мусіць належаць яму і ягоным дзецям.

Працэс зацягнуўся не некалькі гадоў.

У справу ўступалі новыя канторы, ішла бясконцая перапіска, але пад час гэтай судовай цяганіны "ўсплываюць" у дакументах рэчы Эміліі: пэўны вайсковы рыштунак, падзорныя трубы, сёдлы, кнігі, яе рукапісы і тая самая велізарная калекцыя нот, якую збірала дзяўчына. На жаль, след гэтага збору губляецца... Заблытаная справа доўжылася дзесяць гадоў. Па меркаванні гісторыкаў, спрэчкі наконт "злачыннай" маёмасці перыядычна ўспыхваюць нават да 1860-га. Улады настойліва рэкамендавалі частку нерухомасці, якая знаходзілася ў дзядзькі Плятэр - Дзіянісія, - прадаць, а грошы аддаць у дзяржаўную казну. Каштоўныя кнігі - ахвяраваць навучальным установам. Фінал гэтай гісторыі так і застаўся адкрытым. Захаваліся сведчанні пра пэўныя аўкцыёны, таргі... Максімільян Маркс, якога мы цытавалі ў першай частцы артыкула, узнаўляе ў сваіх успамінах суму ў 40 рублёў, якая была аддадзена за фартэпіяна з чырвонага дрэва...

Што да нерухомасці Плятэраў, то большая частка пабудоў, якія належалі роду і знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у 1940-х былі разрабаваны і разруйнаваны. Ацалелы маёнтак у Опсе, пра які неаднойчы пісала "К" і згадвала ў сваім календары на 2011 год, знаходзіцца далёка не ў лепшым стане. Добра захавалася капліца-пахавальня Плятэраў у вёсцы Ахрэмаўцы Браслаўскага раёна (раней вёска насіла назву Бяльмонты).

 У адносна прыстойным стане ў Ахрэмаўцах - парк былой сядзібы Плятэраў, якая, на жаль, не "дажыла" да нашых дзён.

"Я ўпэўнены, сёння яшчэ можна знайсці пэўныя рэчы плятэраўскай спадчыны ў навакольных вёсачках, што прылягаюць да іхніх былых ўладанняў, - кажа гісторык Яраш Малішэўскі. - У 1992 годзе ў Браславе я на ўласныя вочы бачыў сярэбраны падсвечнік, які паходзіў з аднаго з браслаўскіх маёнткаў Плятэраў. Вясковец распавядаў мне, што выцягнуў яго пад час рабавання сядзібы... Вядома, што ў 1939 - 40 годзе была спалена бібліятэка. Магчыма, тоесёе камусьці ўдалося выратаваць..."

 

Замест заканчэння

Што да асабістага падарожжа карэспандэнта "К" да пошукаў спадчыны Эміліі Плятэр, дык шлях той быў пакручасты, але вельмі цікавы. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ўдалося адшукаць пэўныя дакументы, якія датычыліся прысуду "ўдзельніцы паўстання", і прагледзець вялізную па аб'ёмах перапіску графа Зіберга - Плятэра з роднымі, сваякамі, сябрамі. У гэтых лістах, напісаных па-польску, па-французску, па-руску, трапіўся каліграфічны аўтограф твора, які зрабіў славу капітану Эміліі, перапісаны рукой невядомага. Гаворка - пра варыянт верша Адама Міцкевіча, што паэт напісаў пасля пачутага расповеду пра Плятэр з вуснаў Ігната Дамейкі. Хоць ён і мае назву "Смерць палкоўніка", і герой у ім памірае ў "старой хацінцы", а не ў маёнтку, усім зразумела, пра каго гаворка: Там ляжаў ён на лаве - ў спакоі чало. У руках яго - крыж, збоч - нягнуткі Нож-кінжал і ружжо, ва ўзгалоўі - сядло. Люд дзівіўся: такі маладзюткі! Ды чаму твар дзявочы ў байца? Два грудкі... Хто ж мог знаць, што баёў завадатар Быў... дзяўчынай! Была - слёз не трэба, жанкі, - То ліцвінка Эмілія Плятэр!

 

Гэта асоба, што кранула і ваенных, якія меркавалі, маўляў жанчына не можа быць салдатам, і "вышэйшы свет", што прапаноўваў жорсткія рамкі паводзін жанчын у грамадстве, і нас, нашчадкаў, якія здолелі ўбачыць у крохкай дзяўчыне асобу надзвычайных здольнасцей і волі...

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"