Прыправа для постмадэрна

№ 11 (983) 12.03.2011 - 18.03.2011 г

З серады на пятніцу: інструментальны тэатр у міксе з…

/i/content/pi/cult/313/5460/8-3.jpg

Беларускія кампазітары ўсё яшчэ скардзяцца, што іх музыка гучыць не так часта, як хацелася б. Але, разам з тым, праўда і тое, што апошнім часам прэм'ер гучыць значна болей, чым іх было раней. Прычым выконваюцца яны па жаданні саміх музыкантаў розных рангаў і спецыяльнасцей, сярод якіх шмат моладзі.

 Мопсік у оперы

 Аднаактовую камічную "Фантазію" паводле К.Пруткова Уладзімір Кур'ян напісаў яшчэ ў 1984-м. І агучыў частку з яе сіламі сяброў (той аматарскі аўдыёзапіс захоўваецца ў аўтара і дагэтуль). З таго часу твор праляжаў у нашым оперным тэатры як "нефармат". А на справе- каларытны, "прыпраўлены" асацыятыўнымі опернымі прысмакамі (ад "Жаніцьбы" да "Руслана і Людмілы", "Пікавай дамы", "Севільскага цырульніка", "Садко") і цытатнай гульнёй (ад "Карміны Бурана" і Песні Варлаама з "Барыса Гадунова" ажно да "Сабачага вальса") постмадэрн.

 Замест аркестра- практычна ансамблевы склад з падкрэсленымі сола духавых: ледзь не кожнаму герою - свой інструментальны тэмбр. На адзіную жаночую партыю (ды і то не сапрана, якіх заўсёды багата) - ажно шэсць мужчынскіх, аднолькава значных, але розных па характары: па двое тэнараў, басоў і барытонаў. І ўсё з-за сюжэта! Цётка праводзіць агледзіны, выбіраючы мужа для сваёй любай пляменніцы, якая, дарэчы, так і не з'явіцца. Бо яе месца (не толькі на сцэне, але і ў сэрцы старой Аграфены) займае мопсік па мянушцы Фантазія, на чые пошукі і выправяцца жаніхі: маўляў, хто знойдзе, той і ажэніцца на Лізачцы.

Калі ў час рамонту ў тэатры пачалі звяртацца да аднаактовак, кампазітар нагадаў пра колішнюю партытуру. Яму прапанавалі зрабіць аркестроўку для вялікага сімфанічнага складу і перапрацаваць, дзеля рэжысёрскай зручнасці, фінал, каб ставіць яго можна было без асаблівых фантазій. Але на новым этапе сваёй гісторыі тэатр пачаў шукаць, наадварот, вялікія, разлічаныя найперш на відовішчныя сцэнічныя эфекты, творы. Так і ляжала б "Фантазія", каб не апантаныя студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і ўжо прызнаныя майстры, якіх з'яднала малады рэжысёр Ганна Маторная.

 Пастаноўка атрымалася не вучнёўскай, а папраўдзе прамяністай па сваіх фантазіях, даказаўшы: творчы эксперымент не альтэрнатыва высокаму прафесіяналізму, а, насупраць, - яго плённы працяг. Высветлілася, што вакалісты малодшых курсаў - надзвычай пластычныя, артыстычныя і ніколькі не страчваюць сваіх спеўных магчымасцей нават у час самых мітуслівых рухаў, а мікс опернага і лялечнага тэатраў магчымы не толькі на ўласна лялечнай сцэне (а там падобныя эксперыменты былі літаральна асуджаны на поспех). Таксама стала відавочна: студэнцкі аркестр опернай студыі на чале з Іванам Касцяхіным можа без аніякіх страт данесці да слухача любыя кампазітарскія фантазіі.

/i/content/pi/cult/313/5460/8-2.jpgА яшчэ варта заўважыць мноства тонкіх псіхалагічных дэталей, па-майстэрску выяўленых не толькі прызнанай опернай зоркай Наталляй Акінінай, але і яе будучымі, трэба спадзявацца, калегамі: Мікалаем Русецкім, Яўгенам Глебавым, Мікалаем Чарнышовым ды іншымі.

Дызайн для цымбалаў

 Тое, што нашы цымбалісты, без усялякай іроніі,- "наперадзе планеты ўсёй", даказвае літаральна кожны конкурс выканаўцаў. Сярод нядаўніх перамог, скажам, лаўрэацтва і юнай Сашы Дзенісеня (дарэчы, выхаванкі Таццяны Сергіенка, якая "выгадавала" і сусветна знакамітага Міхаіла Лявончыка). Не адстаюць і кампазітары, з-пад пяра якіх выятаюць не толькі чарговыя спевы ды скокі, але і ўсё больш выбітныя прыдумкі, накіраваныя на максімальна нечаканыя ракурсы гэтага, здавалася б, самага нацыянальнага інструмента. Так што рухавіком прагрэсу ў цымбальнай сферы сталася не столькі канкурэнцыя сярод выканаўцаў (а яна папраўдзе вялікая!), колькі плённае "каманднае" супрацоўніцтва, дзе магчымасці і крэатыў аўтараў і музыкантаў (а разам - сатворцаў) памнажаюцца адно на адно. А што, калі яшчэ дадаць жывапіс ці дызайн?

У філарманічным канцэрце "Узнёслае і зямное" з'ядналіся паэзія, жывапіс, музыка, а сярод удзельнікаў былі талінскі мастак Алег Высоцкі са сваёй выстаўкай і слайдамі пад час гучання, трыо "Кансананс", у складзе якога- выдатныя цымбалісткі Таццяна Шумакова і Наталля Аруцюнава, ансамбль салістаў "Класік-Авангард" на чале з Уладзімірам Байдавым. Некаторыя творы пісаліся менавіта для гэтага праекта, у тым ліку пад уздзеяннем карцін. Спрактыкаваны ў правядзенні падобных сінтэтычных дзей, мастак прызнаўся, што змяніў бы свае "касмічныя" відэапрэзентацыі, калі пазнаёміўся б з беларускімі творамі раней: настолькі яны яго ўразілі.

Акрамя пяцічасткавай сюіты "Impression" У.Байдава, былі яшчэ дзве прэм'еры: Інтэрмецца "Прароцтва Піфіі" Віктара Войціка (магічныя заклінанні, блізкія да грэчаскага танца сіртакі, прароцкае сола флейты) і "Не той горад" Вольгі Падгайскай (дыялог цымбалаў з засурдзіненай трубой, цымбалы як "нашчадак" клавесіна, колкі "грукат" якога арыгінальна спалучаецца з ударнымі, доўгія "арганныя" гучанні медзі, тэхніка мінімалізму, што стварае эфект кружэння на адным месцы, звыклы фольк цымбалаў з габоем у ролі жалейкі не столькі як выхад, колькі як надта традыцыйная альтэрнатыва). Па-новаму прагучала цымбальная "Акварэль" В.Войціка - не столькі каларыстычна, колькі канцэпцыйна, як паступовае разгортванне думкі ад "намацвання" асобных інтанацый да меладычнага ўсплёску і фінальнага замірання (Т.Шумакова). Магутнай кульмінацыяй стаўся найскладаны, віртуозна выкананы Цымбальны канцэрт Алега Янчанкі (Н.Аруцюнава).

Безліч адкрыццяў прынёс і чарговы сольнік нястомнай Веранікі Прадзед "Ад простага". Цымбалістка зрабіла немагчымае: даказала, што дзіцячы рэпертуар можна выконваць на недасягальна высокім мастацкім узроўні і, наадварот, "незразумелыя", жудасна складаныя авангардныя творы ператварыць выкананнем у простыя для ўспрыняцця самай шырокай аўдыторыяй. У тым ліку - з дапамогай прыёмаў інструментальнага тэатра.

Кампазітары, на выхад!/i/content/pi/cult/313/5460/8-1.jpg

 Не засталіся ў баку ад арганізатарска-выканальніцкай дзейнасці і самі кампазітары, прычым розных пакаленняў. Старэйшае, з'яднанае Ларысай Мурашка, адгукнулася сваімі ўспамінамі на 100-годдзе Пятра Падкавырава, дзе адначасова было адзначана і 60-годдзе з дня нараджэння аднаго з яго вучняў Віктара Помазава. Натхнёнае выкананне майстроў і навучэнцаў ярка высвеціла пачуццё сучаснасці, імкненне да новых сродкаў выразнасці, асаблівую "кіношнасць", рухавую, "дзейсную" вобразнасць твораў П.Падкавырава, арыгінальнасць музычнага мыслення В.Помазава.

Творчая ж моладзь на чале з ініцыятыўнай В.Падгайскай ажыццявіла ўвогуле немагчымае- адрадзіла "музычныя серады" ў Беларускім саюзе кампазітараў, дзе раней упершыню паказвалася (і абмяркоўвалася!) практычна ўсё напісанае. Калі колішнія традыцыі ўзніклі з-за шматпрыступкавай сістэмы мастацкіх саветаў (без папярэдняй "серады", якая давала рэкамендацыю ці раіла перапрацаваць, надалей паказаць твор той ці іншай камісіі было немагчыма), дык цяперашняя - з-за шчырага жадання творцаў падзяліцца радасцю нараджэння чарговага "дзіцяці". Імпульсам да бурлівай крэатыўнасці сталася абсалютна звычайнае пытанне Галіны Гарэлавай да Вячаслава Кузняцова: "Ты напісаў што-небудзь новае?". Той адразу прыдумаў назву для такога паказу навінак: "Музыкальные среды по пятницам...", дзе слова "среда" азначала і "асяроддзе".

Крэатыўным атрымалася і правядзенне канцэрта: кампазітарам было прапанавана не толькі распавесці пра сваю задуму, але і адказаць на нечаканыя пытанні. У цэнтры невыпадкова апынуліся прэм'еры трох псіхалагічна тонкіх, густоўных, дэталёва адшліфаваных твораў Г.Гарэлавай: выканаўцы прымеркавалі іх не толькі да 8 Сакавіка, але і да юбілею кампазітара. У завяршэнне ж вечарыны, дзе прагучалі 11 новых кампазіцый, на сцэну выйшлі ўсе аўтары на чале з музыказнаўцам Наталляй Ганул, ды не з пустымі рукамі, а з музычнымі інструментамі, даказаўшы, што музіцыраванне - яшчэ і стыль жыцця.

На здымках: Наталля Акініна;

шасцёра жаніхоў з оперы "Фантазія";

Вераніка Прадзед.