Пяцёрка ў творчасці і за яе

№ 29 (795) 21.07.2007 - 27.07.2007 г

Сёлета ў маі споўнілася пяць гадоў з часу стварэння Магілёўскай гарадской капэлы. Яе мастацкім кіраўніком і дырыжорам з’яўляецца Сяргей Лішчанка. Тады ж камерны хор капэлы адзначыў юбілей перамогай на Міжнародным фестывалі духоўнай музыкі ў Польшчы (г. Барчава), дзе заняў першае месца.

 /i/content/pi/cult/125/546/5.jpg
Хор і раней неаднойчы станавіўся лаўрэатам прэстыжных фэстаў духоўнай музыкі. Сярод іх — Рэспубліканскі фестываль харавой музыкі імя Р.Шырмы, Міжнародны фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”, Міжнародны фестываль праваслаўнай музыкі ў польскім горадзе Гайнаўка.
А канцэртнае жыццё калектыву пачалося значна раней. У 1989 годзе С.Лішчанка стварыў камерны хор з ліку музыкантаў-прафесіяналаў, выкладчыкаў і аматараў харавых спеваў. Упершыню ў Магілёве загучала духоўная музыка, беларускія канты, творы харавой класікі. З самага пачатку была вызначана галоўная задача дзейнасці — асветніцкая.
Праз чатыры гады быў створаны камерны аркестр. Гэта дазволіла выконваць маштабныя вакальна-інструментальныя творы. Так сфармавалася капэла ў складзе хору і аркестра. Яе рэпертуар сёння ўключае велізарную колькасць твораў айчыннай і замежнай музычнай класікі: ад эпохі Адраджэння да нашых дзён, твораў духоўных і свецкіх, малых форм і кампазіцый, што складаюцца з мноства частак.
Нямала канцэртаў хор і аркестр Магілёўскай капэлы правялі ў Германіі, Францыі, Польшчы, Славакіі, Латвіі, Балгарыі. Аднак па-ранейшаму галоўнай задачай калектыву застаецца музычнае асветніцтва ў родным горадзе. З 2002 года — часу атрымання юрыдычнага статуса ўстановы культуры — капэла штогод рыхтуе больш за 20 новых праграм, рэгулярна выступае ў агульнаадукацыйных школах, каледжах, універсітэтах, на прадпрыемствах горада. Толькі ў 2007 годзе калектыў тройчы выязджаў у Бабруйск, дзе з поспехам даваў канцэрты на сцэне абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча. Плануюцца і іншыя выступленні ў Бабруйску, у тым ліку са спецыяльнымі праграмамі для дзіцячай аўдыторыі.
Штогадовыя фестывалі музыкі І.С. Баха, на якіх разам выступаюць музыканты капэлы і навучэнцы музычных вучэльняў, а таксама запрошаныя артысты (неаднаразова з аркестрам капэлы іграў народны артыст РБ прафесар І.Алоўнікаў), фестывалі духоўнай музыкі “Магілёўскі харавы сабор” памяці Г.Каніскага — усё гэта з’яўляецца ініцыятывай стваральніка і кіраўніка капэлы С.Лішчанкі.

Вольга МАРОЗАВА,
лектар-музыказнаўца Магілёўскай гарадской капэлы,
кандыдат мастацтвазнаўства