А артысты ансамбля амаль штогод ездзяць у згаданы італьянскі рэгіён, радуючы мясцовых жыхароў і выхадцаў з Беларусі, Расіі і Украіны, якіх там вельмі шмат. Джузэпэ Карбоні адзначыў, што ўпершыню "Харошкі" наведалі сталіцу Сардзініі - Кальяры - у 2004 годзе. "Сорак артыстаў прадэманстравалі беларускія танцы, музыку, песні, і канцэрт прайшоў на ўра, - дадае консул. - Гледачы вельмі захапіліся і палюбілі творцаў. Калектыў тады даў яшчэ 15 канцэртаў у розных гарадах нашага аўтаномнага рэгіёна. З тых часоў культурнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Сардзініяй толькі пашыраецца, і не абмяжоўваецца адно гэтым ансамблем".
Летась Кальяры наведалі восем артыстаў з "Харошак", а гэтым разам - чацвёра: скрыпачка Таццяна Машанская, гітарыст Сяргей Ясінскі, Андрэй Дзяргай з духавымі інструментамі і Уладзімір Гінько з клавішнымі. Яны выконвалі беларускія народныя песні.
Джузэпэ Карбоні нагадаў, што ў мінулым годзе італьянскія творцы і дзеці прыязджалі ў Беларусь, каб бліжэй пазнаёміцца з краінай, яе культурай і сацыяльнай сферай. Школьнікі правялі некалькі дзён у беларускіх сем'ях.