Дарогу адольвае той, хто ідзе

№ 29 (795) 21.07.2007 - 27.07.2007 г

17 ліпеня на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў РБ па выніках першага паўгоддзя былі разгледжаны пытанні выканання даручэнняў Кіраўніка дзяржавы ў сферы кінематаграфіі і развіцця кінагаліны ў цэлым.

 /i/content/pi/cult/125/545/Belarusfilm.jpg/i/content/pi/cult/125/545/Belarusfilm.jpg
Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук, які выступіў з асноўным дакладам па гэтым пытанні, зазначыў, што, пачынаючы з мая 1996 года, Прэзідэнтам было дадзена больш за 70 даручэнняў па пытаннях кінематаграфіі, у тым ліку 15 — у мінулым годзе і 7 — сёлета. На дадзены момант на кантролі ў Міністэрстве культуры знаходзіцца 15 даручэнняў, з якіх два мусяць быць выкананы ў 2007 годзе, 2 — да 2010, а астатнія маюць пастаянны і доўгатэрміновы характар. І, згодна з зацверджанымі калегіяй “Мерапрыемствамі Міністэрства культуры па далейшым развіцці беларускай кінематаграфіі на 2005 — 2010 гады”, рэгулярная праца вядзецца па ўсіх асноўных накірунках.
Значная ўвага ў гэтых мерапрыемствах надаецца рабоце з кадрамі, у тым ліку — падрыхтоўцы маладых спецыялістаў. Калі ж гаварыць пра кінапракатную сферу, дык для яе работнікаў наладжана сістэма перападрыхтоўкі на базе Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры. Па меры ўкаранення высокатэхналагічнага абсталявання фільмавытворчымі і кінавідэапракатнымі арганізацыямі ажыццяўляецца комплексная перападрыхтоўка персаналу з выдачай адпаведных сертыфікатаў.
Для прыцягнення на кінастудыю і ў Белвідэацэнтр маладых кінематаграфістаў, на рэалізацыю кінавідэапраектаў выдзяляецца каля трэці ўсіх мэтавых бюджэтных сродкаў. І гэта відочна стымулюе прыток і замацаванне маладых кадраў у айчыннай кінавытворчасці. Так, у 2006 годзе ў вытворчасці відэацэнтра прынялі ўдзел 39 маладых кінематаграфістаў, а сёлета — ужо 25.
Дзяржава аказвае кінавідэагаліне велізарную падтрымку. Так, летась рэспубліканскім бюджэтам на развіццё кінематаграфіі было выдаткавана 8253 млн. рублёў, сёлета прадугледжана 11176 млн. рублёў. А таму стварэнне штогод шасці поўнаметражных стужак, у тым ліку з прыярытэтам айчынных сцэнарыяў, рэжысёраў і з удзелам нашых акцёраў мусіць быць неаспрэчным. Сёлета за кошт рэспубліканскіх бюджэтных сродкаў прадугледжаны выпуск 8-мі мастацкіх фільмаў, 8-міанімацыйных і 27-мі дакументальных.
Да таго ж, на сваёй тэхнічнай базе кінастудыя аказвае паслугі па вытворчасці 10-ці расійскіх фільмаў і тэлесерыялаў, у якіх, дарэчы, актыўна заняты і беларускія акцёры, і тэхперсанал.
Па даручэнні Прэзідэнта прапрацаваны і пытанні, звязаныя з рэканструкцыяй і мадэрнізацыяй кінастудыі за кошт інвестара: на гэтую працу запрошана літоўскае АТ “Ханнер”, і ўжо неўзабаве пачнецца буйнамаштабная праца па рэканструкцыі ўсяго комплексу кінастудыі. Бо, не сакрэт, з часу адкрыцця там не было капітальнага рамонту, і большая частка матэрыяльна-тэхнічнай базы “Беларусьфільма” патрабуе абнаўлення. Мадэрнізацыя закране літаральна ўвесь комплекс кінастудыі. Да таго ж, таксама згодна з даручэннем Кіраўніка дзяржавы, пачнецца ўзвядзенне жылога дома для работнікаў кінагаліны, у якім кватэры змогуць атрымаць каля 200 сем’яў.
Да пачатку гэтага года завяршылася стварэнне адзінай сеткі і сістэмы кіравання кінавідэапракатнымі арганізацыямі аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама. Па выніках 2006 года кіназалы рэспублікі наведалі 13,9 млн. гледачоў, што на 831,7 тыс. чалавек больш, чым у 2005. Сярод абласных лідэраў, па-ранейшаму, — “Мінаблкінавідэапракат”, высокія паказчыкі дэманструюць кінавідэапрадпрыемствы Мінска і Гродзенскай вобласці. А вось Віцебскі аблвыканкам недастатковую ўвагу ўдзяляе кінавідэаабслугоўванню насельніцтва: тут на працягу апошніх пяці гадоў — самыя нізкія паказчыкі па краіне.
Аблвыканкамы рупяцца аб забеспячэнні кінавідэапракатных арганізацый відэапраекцыйнымі сістэмамі для паляпшэння абслугоўвання вясковага насельніцтва і аграгарадкоў. Працягваецца абсталяванне кінатэатраў гукавымі сістэмамі ў стандарце “долбі-стэрэа” — на сённяшні дзень іх у рэспубліцы 32.З мэтай аптымізацыі і скарачэння выдаткаў абласнымі выканаўчымі камітэтамі арганізаваны прамыя закупкі замежнай фільмапрадукцыі.
Да таго ж, адзначыў У.Матвейчук, асаблівая ўвага надаецца папулярызацыі кіно праз буйныя мерапрыемствы, у прыватнасці — праз Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, які праходзіць пад патранатам Кіраўніка дзяржавы. Сёлета, з мэтай пашырэння кола яго ўдзельнікаў,інфармацыйныя і рэкламныя матэрыялы дасланы 77-мі дыпламатычным беларускім замежным установам, а таксама — замежным прадстаўніцтвам у рэспубліцы.

Безумоўна, пытанні развіцця кінагаліны немагчыма вырашыць у кароткі тэрмін. Але ж тыя пазітыўныя зрухі, якія ўжо сёння бачны нават “няўзброеным вокам”, даюць права гаварыць, што становішча айчыннага кіно далёка не безнадзейнае, а па некаторых пазіцыях — нават даволі аптымістычнае. Пра гэта — гаворка з дырэктарам Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Максімам БУДАНАВЫМ:
— Максім Аляксандравіч, у чым сакрэт гэткай відавочнай “рэгенерацыі” нашай кінагаліны?
— Я б не спяшаўся пакуль што спяваць пераможныя песні. Безумоўна, станоўчыя — і прынцыповыя! — зрухі ў развіцці айчыннай кінагаліны ёсць, але не хацелася б раней часу супакойвацца: любы станоўчы вынік толькі тады добры, калі яго ўдаецца замацаваць, а пры магчымасці — і развіць далей. І тут наша праца толькі пачынаецца.Безумоўна, вялікае значэнне для развіцця кінастудыі мае работа з кадрамі. “Сярэдняе звяно” для кінапракату — кінамеханікаў — рыхтуе, як вядома, сталічны прафесійна-тэхнічны каледж бытавога абслугоўвання, а вышэйшую адукацыю будучыя кіношнікі атрымліваюць у дзвюх нашых ВНУ — Акадэміі мастацтваў і Універсітэце культуры і мастацтваў, а таксама ў дзвюх расійскіх — гэта ВГИК і СПбгУКиТ.
— Але як прывабіць іх пасля вучобы на працу ў айчыннай кінаіндустрыі?
— Перш за ўсё, неабходна зрабіць прывабнай саму кінастудыю, работу тут. Маладыя спецыялісты павінны адчуваць сваю запатрабаванасць. Ну і, канешне ж, трэба дапамагчы ім вырашаць побытавыя пытанні: мець жыллё, годны заробак, каб яны маглі спакойна займацца сваёй непасрэднай справай — творчасцю, стварэннем яркіх і цікавых фільмаў.
Дарэчы, калі гаварыць пра “сакрэты”, дзякуючы якім за апошні час кінастудыя зрабіла актыўны рывок наперад, то асноўны з іх — дэталёвае планаванне і рытмічная загрузка кінастудыі. Не сезонныя работы, калі многія работнікі кінастудыі па паўгода, а то і болей, сядзелі без працы, чакаючы... немаведама чаго.Сёння дзейнасць на кінастудыі разгортваецца на ўсіх вытворчых ступенях: адзін фільм здымаецца, другі — у мантажна-трэніровачным перыядзе, трэці — агучваецца, і гэтак далей. Такая арганізацыя дае магчымасць наладзіць бесперапынную работу і пастаянны выхад на экраны айчыннай кінапрадукцыі.
— Некалькі слоў пра стужкі, якія выходзяць у свет сёлета.
— Гледачы ўжо змаглі пабачыць меладраму “Рыфмуецца з каханнем” Аляксандра Яфрэмава, чатырохсерыйны фільм “Маёр Ветраў”; акурат да Дня Рэспублікі былі прымеркаваны прэм’еры стужак “Радзіма ці смерць”, а таксама “Ворагі”, якія, дарэчы, з поспехам былі паказаны на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. На розных стадыях знаходзіцца праца над стужкамі “Вока за вока”, “Чаклун і Румба”, “Шчыт Айчыны” і “Навагоднія прыгоды ў ліпені”. А таксама Прэзідэнт краіны даў згоду на дадатковае выдзяленне грашовых сродкаў у суме 2306,5 млн. рублёў на вытворчасць стужак “Вясёлы салдат” і “На спіне ў чорнага ката”. Дарэчы, сцэнарый апошняй быў прыняты да вытворчасці па выніках штогадовага адкрытага маладзёжнага конкурсу на стварэнне кінапраектаў, прысвечаных нацыянальнай тэматыцы, які праводзіцца таксама ў адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка дзяржавы.
— Дарэчы, нядаўна кінастудыя падвяла вынікі чарговага сцэнарнага конкурсу...
— Так, першае месца ў ім заняў сцэнарый “Дняпроўскі рубеж” Аляксея Дударава, прысвечаны абароне Магілёва і тым падзеям, што разгарнуліся на Буйніцкім полі. Здымкі фільма паводле яго пачнуцца ў наступным годзе.
— Але ж плануецца капітальная рэканструкцыя ўсяго комплексу кінастудыі “Беларусьфільм”.
— Так, ужо 1 верасня на кінастудыі пачнуцца работы. І завяршыцца яны мусяць, згодна з нашымі планамі, праз два гады — да верасня 2009 года. Але на гэты час вытворчыя работы на кінастудыі спыняцца не будуць — гэта прынцыповая пазіцыя і ўмова яе кіраўніка Уладзіміра Замяталіна. У ходзе рэканструкцыі будзе перабудавана і абноўлена практычна ўся матэрыяльная база кінастудыі, пабудаваны дом для работнікаў кіно — гэта таксама адно з даручэнняў Прэзідэнта.
— Мадэрнізацыя кінавытворчасці, натуральна, патрабуе і пераходу на “новыя рэйкі” кінапракатнай галіны. Прагучала крытычная заўвага Прэм’ер-міністра краіны Сяргея Сідорскага адносна таго, што айчынны кінапракат мусіць нарэшце павярнуцца ў бок камерцыялізацыі — гэта, у першую чаргу, стварэнне ўмоў для гледачоў, каб яны ішлі не проста паглядзець кіно, а — адпачыць, атрымаць комплекс паслуг. Сярод іншага, было агучана, што ў 2008 годзе ў сталіцы адкрыецца сучасны пяцізальны мультыплекс...
— Так, сапраўды, у якасці прыкладу прэм’ер-міністр прывёў кінапракат Масквы і Падмаскоўя, дзе амаль не засталося вялікіх кіназалаў, а пераважаюць невялікія зальчыкі ці, наадварот, буйныя комплексы з некалькімі заламі рознай умяшчальнасці. І наш першы мультыплекс, які станецца “пробным шарам” для айчынных пракатчыкаў, думаю, прынясе пэўны плён.
Іншая справа, што сёння многія са 138 беларускіх кінатэатраў патрабуюць рамонту і пераабсталявання. Ды наіўна думаць, што варта пераабсталяваць іх у мультыплексы — і справа ў капелюшы: практыка шматзальных кінатэатраў станоўчая для буйных населеных пунктаў, але наўрад ці мультыплекс будзе рэнтабельны, скажам, у аграгарадку. Таму больш слушна казаць не пра агульную уніфікацыю кінапракату, а пра яго аптымізацыю, пра тое, што сёння ён не павінен абмяжоўвацца адно толькі праглядам стужкі — гэта мусіць быць комплексная ўстанова, якая прапануе наведвальнікам магчымасць адпачыць, пасядзець у кавярні, паглядзець якую-небудзь выстаўку, пакінуць на час кінасеанса ў гульнёвым пакоі дзяцей альбо прапанаваць ім на гэты час прагляд мультфільмаў... Стварыць сетку паслуг, разнастайную паводле сваіх прапаноў і даступную паводле коштаў на іх.
Дарэчы, Прэм’ер-міністр звярнуў увагу і на недастатковую эфектыўнасць выкарыстання сродкаў, што атрымліваем ад кінавідэапракату.
Сёння гэтыя сродкі — 16 млрд. рублёў — накіроўваюцца ў мясцовыя бюджэты, адкуль выдаткоўваюцца на самыя розныя праграмы і праекты, часта не звязаныя з кінематографам. Міністэрству культуры было прапанавана на год-тры пакінуць гэтыя сродкі ў сябе і выдаткаваць іх непасрэдна на рамонт і рэканструкцыю кінатэатраў, закупку належнага абсталявання.
Сёння айчынныя пракатчыкі закупляюць практычна ўсю кінавідэапрадукцыю, якая ствараецца ў краіне. Але для павышэння цікавасці да нашага беларускага кіно аднаго гэтага, натуральна, мала. Сяргей Сяргеевіч Сідорскі прапанаваў больш дэталёва вывучыць досвед іншых еўрапейскіх краін, у прыватнасці, Францыі — там, да прыкладу, існуе больш высокая падаткавая стаўка на закуп фільмаў замежнай вытворчасці. Ну і, канешне ж, неабходна больш пільна ставіцца да творчага складніка кінавытворчасці — тых ідэй і праектаў, якія прапануюць сёння нашы кінематаграфісты, у тым ліку і моладзь, якая хоць і не мае пэўнага вытворчага стажу, але ж здольная нараджаць цікавыя і крэатыўныя ідэі.
— Значыць, у нашага беларускага кіно наперадзе…
— Так, шмат працы. Але дарогу адольвае той, хто ідзе. Галоўнае — не спыняцца. 

Таццяна КОМАНАВА