Сэрца Артыста знітавана з Беларуссю
Амаль тры дзесяцігоддзі таму Уладзімір Гасцюхін назаўсёды звязаў свой творчы і жыццёвы лёс з Беларуссю і ніводнага разу не пашкадаваў аб гэтым выбары. Ці ж магло быць інакш? Яго першая значная роля - ва "Узыходжанні" Ларысы Шапіцька, стужцы, знятай па аповесці беларуса Васіля Быкава.
Ён, ураджэнец Свярдлоўска, прапусціў праз сэрца акцёра, сваё сэрца чалавека ўвесь боль беларускай зямлі, яе шматпакутнага народа і стаў голасам нашай краіны, сапраўдным носьбітам нацыянальнага характару. Гэты характар увасоблены ў персанажах стужак "Вазьму твой боль" і "Наш браняпоезд" Міхаіла Пташука, "Чужая бацькаўшчына" і "Прыкаваны" Валерыя Рыбарава, "Сын за бацьку" Мікалая Яроменкі-малодшага, "Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" Віктара Турава, знятых на Нацыянальнай студыі "Беларусьфільм", героях пастановак Тэатра-студыі кінаакцёра "Невядомы салдат", "Усё ягонае жыццё", "Міленькі ты мой"... Менавіта ў Мінску адбыўся яго кінематаграфічны і тэатральны дэбют у якасці рэжысёра. Новы этап жыцця нацыянальнага кінамастацтва быў упрыгожаны роллю Уладзіміра Гасцюхіна ў стужцы Аляксандра Колбышава "Ваўкі".
Выбітныя ролі Майстра ў стужках Сяргея Бандарчука, Мікіты Міхалкова, Вадзіма Абдрашытава, Аляксандра Алава і Уладзіміра Навумава, Сяргея Аўчарова, Аляксея Балабанава зрабілі вялікі ўнёсак не толькі ў расійскі, але і ў сусветны кінематограф.
10 сакавіка Уладзімір Васільевіч адзначыў свой 65-ы дзень нараджэння на сцэне Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў, куды прыйшлі яго сябры, прыхільнікі ягонай творчасці, афіцыйныя асобы і дыпламаты. У гэты вечар Артыст натхнёна чытаў пранізлівыя радкі ясенінскай "Анны Снегінай": "Далекие милые были!.. / Тот образ во мне не угас, / Мы все в эти годы любили, Но, значит, / Любили и нас..."
Пасля спектакля, які ў якасці рэжысёра паставіў сам Уладзімір Гасцюхін, надышоў час для віншаванняў. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка зачытаў Прывітальны адрас Кіраўніка нашай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Ён таксама ўручыў віншаванне Савета Міністраў. У якасці падарунка ад кіраўніцтва Міністэрства культуры і Дэпартамента па кінематаграфіі- сімвалічная кашуля з нацыянальным арнаментам: сэрца Артыста знітавана з Беларуссю...
Фота Юрыя ІВАНОВА