Пачынаецца ў сакавіку

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

Адразу некалькі праектаў пачынае рэалізоўваць у сакавіку Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.

У прыватнасці, з 12 сакавіка пачне работу выстаўка "Беларускі нацюрморт XX стагоддзя". Экспазіцыю яе складуць працы, вядомыя раней па шматлікіх выстаўках, а таксама карціны, малазнаёмыя шырокаму колу гледачоў.

Праз два дні, 14-га, адкрыецца выстаўка "Белае золата Херэнда" - фарфор для каралёў, якая ўключае каля 130 твораў, прадастаўленых для экспанавання Пасольствам Венгрыі ў Рэспубліцы Беларусь.

 З 21 сакавіка Нацыянальны мастацкі прапануе ўнікальную выстаўку ікон і алтарных карцін «Адкрыццё святой прыгажосці». У экспазіцыі будуць прадстаўлены 10 твораў тэмпернага і алейнага жывапісу XVII- XIX стст., адноўленыя намаганнямі рэстаўратараў Нацыянальнага мастацкага -Аркадзя Шпунта, Сяргея Шацілы, Святланы Дзікуць, Святланы Алішэвіч, Святланы Ішмаевай, Элы Пашкінай, Дзмітрыя Карліёнава.

А ўжо сёння можна наведаць першую з серыі выставак, прысвечаных мастакам - юбілярам 2011 года. Гаворка пра экспазіцыю "Народжаныя ў 1920-я". Яна сабрала творы Ісаака Бароўскага, Уладзіміра Белавусава, Абрама Вайнштэйна, Мікалая Валынца, Мікалая Куйчыка, Паўла Пагодзіна, Мікалая Палянкова, Івана Пешкура са збораў, у асноўным, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Іх работы прадстаўляюць пласт у нацыянальным выяўленчым мастацтве ХХ стагоддзя.