Што пасееш, тое і пажнеш

№ 29 (795) 21.07.2007 - 27.07.2007 г

Уступная кампанія — гэта свайго кшталту сяўба. Такое трапнае і паэтычнае параўнанне прагучала з вуснаў першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і старшыні Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных экзаменаў у 2007 годзе Анатоля Рубінава на прэс-канферэнцыі, прысвечанай кантролю за правядзеннем уступных экзаменаў. Ён падкрэсліў, што ўступныя экзамены маюць на Беларусі такую самую маштабную і ўсеабдымную ўвагу дзяржавы, як і клопат пра хлеб штодзённы. Яно і зразумела: што пасееш, тое і пажнеш. Ад аб’ектыўнасці вынікаў уступнай кампаніі самым непасрэдным чынам залежыць прафесійная якасць спецыялістаў, якім у хуткім часе наканавана рабіць свой унёсак у стварэнне будучыні краіны. Конкурс у “творчыя” ВНУ сёлета быў традыцыйна высокі. На адно месца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў прэтэндавала 3,6 абітурыенты (летась іх было ўсяго тры). За права стаць студэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў змагалася больш як пяць чалавек на адно месца, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі лічба была сціплейшая. Зрэшты, у акадэмію музыкі паступаюць пераважна ўжо спраўджаныя музыканты, за плячыма якіх — лаўрэацтва на міжнародных конкурсах. Цэнтралізаванае тэсціраванне, якое праходзяць таксама і абітурыенты “творчых” ВНУ, цяпер ужо не ў навіну. І, як запэўніў падчас прэс-канферэнцыі А.Рубінаў, штогод яго метадалогія ўдасканальваецца, абрастае належнай навуковай базай, а складаная сістэма падліку балаў, бадай, выключае “фактар выпадковасці”. Нядаўняя інавацыя мае перад сабой адзіную мэту — вызваліць экзаменацыйны вынік ад суб’ектыўных прыхільнасцей выкладчыка і тым самым выключыць карупцыю ды небезвядомы “блат”.

 /i/content/pi/cult/125/543/Shto paseesh.jpg
 Мікалай Кузьмініч
Спрыяльныя ўмовы — і аб’ектыўная ацэнка ведаў 20 ліпеня стаў для абітурыентаў БДУКіМ днём хвалявання. Зрэшты, гэтае пачуццё выразна чыталася на тварах дзяўчат і хлопцаў, што тоўпіліся на ганку універсітэта, і ў папярэднія дні. Ды ўрэшце хваляванню было наканавана перарасці ў радасць альбо смутак: у мінулую пятніцу ў найбуйной “творчай” ВНУ краіны адбылося залічэнне студэнтаў на дзённую форму навучання.
Па словах прарэктара Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Мікалая Кузьмініча, сёлета ўступная экзаменацыйная кампанія прайшла арганізавана і без усялякіх эксцэсаў. Пра гэта сведчыць хаця б такі факт: за час усіх іспытаў не было пададзена ніводнай апеляцыі. Абітурыенты пагаджаліся з выстаўленымі ім адзнакамі — вядома, не заўсёды станоўчымі — па той простай прычыне, што крытэрыі ацэнкі былі дэталізаванымі, празрыстымі і даступнымі. Кожны ахвотны мог азнаёміцца з імі на інфармацыйным стэндзе альбо сайце БДУКіМ.
— Прынцыпы, якімі мы кіруемся падчас уступнай кампаніі, заўсёды нязменныя, — кажа М.Кузьмініч. — З аднаго боку, гэта максімальна спрыяльныя ўмовы для абітурыентаў, а з другога — як мага больш аб’ектыўная ацэнка іхніх ведаў.
Што да ўмоў, дык яны заключаліся не толькі ў даступнасці ўсемагчымай інфармацыі і вырашэнні праблем з жытлом для іншагародніх, але таксама і ў маральнай падтрымцы абітурыентаў. Падчас іспытаў працавала сацыяльна-псіхалагічная служба, куды хлопцы і дзяўчаты маглі звярнуцца, каб зняць залішняе напружанне. Кансультацыйную дапамогу аказваў таксама і штаб БРСМ.
Зрэшты, як ужо адзначалася вышэй, без хваляванняў усё адно не абышлося. Дый як іначай? 


Прафесія — ад слова “душа”

Прыярытэты абітурыентаў сёлета прынцыпова не змяніліся. Але ў рэйтынгу спецыяльнасцей адбылася і пэўная неспадзяванка. “Менеджмент соцыякультурнай сферы”, які ўжо доўгія гады трымаў “пальму лідэрства”, трохі саступіў “Выхаваўчай рабоце ва ўстановах сацыяльнай і культурнай сферы”. Летась за права вучыцца на гэтай спецыяльнасці прэтэндавала менш як тры чалавекі на адно месца, а сёлета — больш за дванаццаць! Ганаровае трэцяе месца заняла “Тэатральная творчасць”: ахвотных абраць прафесію акцёра ў нас безліч — конкурс склаў амаль 11 чалавек на месца.
Такі поспех “новага лідэра” М.Кузьмініч тлумачыць, перадусім, дбайнай прафарыентацыйнай работай адпаведнай кафедры, актыўным удзелам у семінарах і канферэнцыях, арганізацыяй майстар-класаў для работнікаў культуры з усёй краіны. А таксама той акалічнасцю, што паступіць на гэтую спецыяльнасць сёлета можна было па выніках здачы трох тэстаў — унікаючы творчага іспыту.
Кафедра рыхтуе спецыялістаў, якія валодаюць методыкай работы з усімі ўзроставымі групамі ў сферы арганізацыі баўлення вольнага часу, знаходзячы шчырае сумоўе з кожным.
Прафесію, якую атрымаюць шчасліўцы, што прайшлі праз дробнае конкурснае “сіта”, М.Кузьмініч “неафіцыйна” ахарактарызаваў словам “аніматар” — звыклае ўжо за мяжою, у нас яно пакуль што неалагізм. Ды нагадаў, што anima па-лацінску — “душа”. Адным словам, трэба меркаваць, што неўзабаве грамада беларускіх клубнікаў папоўніцца “свежай крывёй”, здатнай выкарыстоўваць тэорыю на практыцы.Зрэшты, па словах прарэктара БДУКіМ, сёе-тое выклікала і здзіўленне. Так, конкурс на падвоеную спецыяльнасць “Бібліятэказнаўства і бібліяграфія, беларуская мова і літаратура” прыкметна зменшыўся. Хаця ў цэлым ахвотных стаць бібліятэкарамі стала болей удвая. 


Творчыя здольнасці тэстам не спраўдзіш

Па словах намесніка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Жука, які ўзначальваў працу Дзяржкамісіі ў БДУКіМ, тэсціраванне ў гэтай навучальнай установе прайшло з такімі ж вынікамі, як і паўсюль, — насуперак стэрэатыпу адносна непрыхільнасці творчых людзей да выражаных фактамі ведаў.
Адно што балы трохі розніліся ў залежнасці ад абранай абітурыентамі спецыяльнасці. І гэта, зрэшты, заканамерна: багаж ведаў метадыста і музыканта цалкам можа быць розным.
Менавіта таму “творчыя” ВНУ — гэта тое выключэнне з правілаў, калі камп’ютэрны аналіз тэстаў не можа паставіць абітурыенту цалкам аб’ектыўную ацэнку. Дзеля яе карэкціроўкі акурат і прызначаны творчы экзамен па спецыяльнасці. Па словах М.Кузьмініча, сёлета здараліся выпадкі, калі вынік ЦТ таго ці іншага абітурыента быў неверагодна высокім, а на іспыце ён “валіўся” ўшчэнт.
Безумоўна, выклікаць спагаду прафесіяналаў падчас гэтага сур’ёзнага выпрабавання значна прасцей было тым, хто ўжо меў багаж сярэдняй спецыяльнай адукацыі.— Такім людзям паступаць непараўнальна лягчэй, чым тым, хто проста наведваў нейкі школьны гурток і спрабуе адразу паступіць у ВНУ, — тлумачыць Мікалай Кузьмініч. — І часам нават даводзіцца па-сяброўску раіць абітурыентам: атрымай ты спярша дыплом вучэльні, а потым ужо ідзі ва універсітэт. На жаль, не ўсе прыслухоўваюцца ды гэтых парад рэальна ацэньваць свае сілы.Дарэчы, з сярэднімі спецыяльнымі навучальнымі ўстановамі краіны універсітэт падтрымлівае самыя шчыльныя сувязі. Дзякуючы карэляцыі вучэбных планаў, лепшыя выпускнікі некаторых з іх нават могуць паступіць адразу на ІІ курс БДУКіМ. 


Немэтанакіраваныя мэтавікі

Адна са злабадзённых праблем, якую ў чарговы раз актуалізавала сёлетняя ўступная кампанія, — мэтавы набор.
Здавалася б, абітурыенты з глыбінкі мелі магчымасць ацаніць тую ўзаемавыгодную дамову, якую прапануе ім дзяржава, — ільготны доступ да адукацыі ўзамен за прымяненне яе плёну ў родных пенатах.Але…
— Мы спадзяваліся, што конкурс на тыя 28 месцаў, якія сёлета прызначаны для мэтавікоў, будзе сур’ёзны, — прызнаецца М.Кузьмініч. — Аднак гэтага не атрымалася. Там-сям ён наогул адсутнічаў. А бывалі і наогул кур’ёзныя выпадкі. З аднаго і таго самага раёна паступаюць два абітурыенты: мэтавік і звычайны. Першы мае вельмі нізкую падрыхтоўку, а другі, наадварот, атрымлівае добрыя балы на ЦТ. Дык нашто даваць накіраванне таму слабенькаму, калі можна было б даць моцнаму?
На дзённай форме навучання прадстаўнікоў вёскі прыкладна ў шэсць разоў меней, чым выхадцаў з гарадоў, і, каб выправіць гэтае становішча, універсітэт праводзіць раздзельны конкурс для вяскоўцаў і гараджан.
Сітуацыю з кадрамі ў досыць праблемным з гэтага пункта гледжання рэгіёне — Гомельшчыне — у пэўнай меры выпраўляе філіял БДУКіМ у Мазыры, дзе магчыма завочна набыць асобныя спецыяльнасці. Конкурс там сёлета быў традыцыйна невялікі — не больш за 2 чалавекі на месца. Аднак, па словах М.Кузьмініча, філіял, які фінансуецца выключна з бюджэту універсітэта, апраўдвае сябе, рыхтуючы мясцовыя кадры для працы, у тым ліку і ў “чарнобыльскіх” раёнах. 

* * *
Што ж рабіць тым, хто не займеў дастаткова балаў, каб вучыцца за бюджэтныя сродкі?Варыянтаў — некалькі. Можна ісці на платную форму навучання — зрэшты, таксама па конкурсе, бо на некаторых спецыяльнасцях месцаў на ўсіх не хопіць. Альбо паспрабаваць свае сілы зноў, падаўшыся ў адну з ВНУ другой групы, іспыты ў якую яшчэ не пачаліся. Урэшце, можна скарыстаць наступны год дзеля ўвасаблення ў жыццё небезвядомага наказу: вучыцца, вучыцца, і яшчэ раз вучыцца…
Напрыканцы карэспандэнт “К” папрасіў прарэктара БДУКіМ даць параду тым, хто не знайшоў сябе ў спісе студэнтаў.
— Трэба разумець адно: любы вопыт з’яўляецца каштоўным, — адзначыў Мікалай Кузьмініч. — Нават вопыт негатыўны. Уступныя экзамены — унікальная магчымасць суаднесці ўласныя веды і ўменні з сіламі іншых абітурыентаў і зразумець сваю рэальную вартасць. А потым зрабіць для сябе пэўныя высновы і далей імі кіравацца. І галоўнае — не страчваць надзеі. Абсалютна ўпэўнены, што калі чалавек “наш”, калі лёсам яму наканавана вучыцца ў нас — ён абавязкова да нас прыйдзе. Хай сабе і не з першай спробы.

Ілля СВІРЫН