“Я — беларуска” на “Еўрабачанні”

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

Выканаўчы прадзюсар тэлеканала АНТ Анжаліка Мікульская лічыць, што афіцыйны прадстаўнік Беларусі на “Еўрабачанне-2011” Настасся Віннікава ў будучыні на рынку шоу-бізнесу можа стаць адной з прым дзякуючы свайму непаўторнаму голасу.

Па словах самой Настассі, знаёмства якой з журналістамі адбылося днямі ў час прэс-канферэнцыі ў Белдзяржтэлерадыёкампаніі, яна вучылася спевам на харавым аддзяленні музычнай школы, а цяпер атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным ўніверсітэце, захапляецца соўлам і джазам. Кампазітар Яўген Алейнік, што напісаў музыку да песні, якую яна выканае на конкурсе, заўважае: "Яе голас - выключнага тэмбру, ён нізкі, аксамітны".

Аўтар слоў песні Віктар Рудэнка адзначыў, што тэкст яшчэ будзе дапрацоўвацца і, хутчэй за ўсё, атрымае назву "Я - беларуска". Магчыма, упершыню на "Еўрабачанні" будзе прадстаўлены праект без удзелу замежных прадзюсараў, і акцэнт праявіцца на нацыянальнай адметнасці пастаноўкі. Сёння падрыхтоўкай выканаўцы займаецца тэлеканал АНТ.

Дарэчы, ужо запланаваны яе выступленне ў рамках прома-тура ў Галандыі.