Па лініі Францыі

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

Пазнаёміцца з французскай культурай сучаснасці могуць усе ахвотныя пад час Дзён франкафоніі, што адбудуцца ў Мінску 13 — 25 сакавіка.

Выдатную музыку, кіно, тэатр, літаратуру і фота прадэманструюць творцы з гэтай еўрапейскай краіны, як паведамілі карэспандэнту "К" у Пасольстве Французскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

Штогод у першы месяц вясны аддзел супрацоўніцтва і культуры дыпламатычнага прадстаўніцтва Францыі ў Беларусі на чале з Людавікам Руае рыхтуе шэраг цікавых падзей. Гэтым разам адным з яркіх мерапрыемстваў стане канцэрт папулярнага парыжскага попрок выканаўцы Бенжамена Палена. У Беларускім дзяржаўным музычным тэатры ён прадставіць 14 сакавіка свой першы альбом "Сапраўдны мужчына", песні з якога цяпер часта з'яўляюцца на французскім радыё.

Фатограф Антуан Ганен, які здымае "разыначкі" сучаснай архітэктуры і прыроду Францыі, прадставіць у мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" выстаўку "Гарызонты". Незвычайная па фармаце падзея - літаратурнае кафэ - збярэ 16 сакавіка аматараў паэзіі і прозы Тэафіля Гацье, 200-гадовы юбілей якога адзначаецца сёлета.

У кінатэатры "Цэнтральны" з 21 па 25 сакавіка адбудзецца Тыдзень французскага кіно. Аб праблемах грамадства, прадстаўніках розных сацыяльных слаёў распавядуць фільмы "Дзяўчына з Манака", "Дачка лініі метро", "Чалавечы фактар" ды іншыя.