Так было…

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

Днямі ў Музеі гісторыі Мінска адбылося адкрыццё выстаўкі жывапісных работ Уладзіміра Ісачанкі “Вандроўка па былых мінскіх ваколіцах”.

/i/content/pi/cult/312/5424/pic_37.jpgІмя гэта ў краіне даволі вядомае. Выхаванец Мінскага мастацкага вучылішча і БДТМІ, ён з 1976 года ўдзельнічае ў мастацкіх выстаўках. Уладзімір Ісачанка з'яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў і Міжнароднай гільдыі жывапісцаў. Працуе ва ўсіх жанрах станковага жывапісу, а таксама ў кніжнай графіцы.

Адно з галоўных імкненняў мастака заключаецца ў выяўленні складаных праблем узаемасувязі прыроды і чалавека як аднаго непадзельнага арганізма. У экспазіцыі прадстаўлена звыш 30 алейных твораў, выкананых аўтарам на працягу апошніх трыццаці гадоў. Гэта пейзажы былых мінскіх ваколіц, якія сёння ўжо паглынуў горад. Цішыня і прахалода ўтульных вясковых вулачак застаецца ў мінулым.

Майстэрства пейзажыста раскрываецца не толькі праз гармонію колеру і дакладна пабудаваную кампазіцыю. Кожны твор - гэта сапраўдны лірычны аповед пра гісторыю вёскі, парку, сядзібы, будынка або лёс канкрэтнага чалавека. Людзі на карцінах У.Ісачанкі не прыдуманыя персанажы, а рэальныя жыхары /i/content/pi/cult/312/5424/pic_38.jpgтых самых мінскіх ваколіц. Ад гэтага творы жывапісца здаюцца адушаўлёнымі і напоўненымі подыхам мінулага, што асабліва моцна адчуваецца ў такіх работах, як "Так было. Сухарава", "Апошняя зіма. Міхалова", "Восеньскі сон", "Лошыцкі сад".

Выстаўка "Вандроўка па былых мінскіх ваколіцах" - своеасаблівая настальгія па тым, што знікае і адыходзіць. Мінскія пейзажы аўтара ператварыліся ў сапраўдны дакумент часу, а таксама аказаліся крыніцай успамінаў для старэйшага пакалення мінчан ды адкрыццём невядомых старонак гісторыі для маладога пакалення гараджан сталіцы.

Юлія КАВАЛЁВА, вядучы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі Мінска