Ад “Лірыцы” да золата “Ліры”

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

У тым, што Гомель названы культурнай сталіцай, ёсць заслуга і тамтэйшых музыкантаў, сярод якіх — знакамітае інструментальнае трыа “Лірыца” Гомельскай абласной філармоніі. Калектыў з’яўляецца лаўрэатам ажно 19-ці усесаюзных і міжнародных конкурсаў, пастаянна гастралюе, яго ўдзельнікі запрашаюцца ў журы самых прэстыжных музычных форумаў.

/i/content/pi/cult/312/5423/pic_36.jpgА некаторы час таму ансамбль на чале з Трафімам Анціпавым выступіў арганізатарам уласнага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах - вядома, пры падтрымцы ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама і абласной філармоніі. Такіх спаборніцтваў, што набылі статус адкрытых абласных і называліся "Залатая ліра Палесся", прайшло ўжо два. Прычым заявак на Другі конкурс было пададзена - 447! Да фінальнага тура з іх дапусцілі 68: не толькі з Гомельшчыны, але і практычна з усёй Беларусі, а таксама Расіі і Украіны.

Прадстаўнікі трох краін увайшлі і ў склад журы, якое ўзначаліла дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Рыма Падойніцына. Конкурс праводзіўся па чатырох узроставых катэгорыях (з маленства да юнацтва - 18-ці гадоў) і ахапіў ажно сем намінацый (баян, акардэон, домра, балалайка, цымбалы, а таксама гармонік і гуслі, што з'явіліся ўпершыню, пашырыўшы ўдзел расійскіх і ўкраінскіх музыкантаў). Прыемным новаўвядзеннем стала і з'яднанне музыкантаў з вытворцамі інструментаў, што часцяком практыкуецца на самых прэстыжных міжнародных спаборніцтвах. Вядучыя фабрыкі з Варонежа, Тулы і Маладзечна, выступіўшы афіцыйнымі партнёрамі конкурсу, экспанавалі на ім сваю лепшую прадукцыю. Дый у якасці прызоў пераможцы атрымлівалі не толькі ноты, кампакт-дыскі, аргтэхніку і грашовыя прэміі, але і музычныя інструменты, а таксама льготы на іх набыццё.

- З'яўленне такога конкурсу менавіта на Гомельшчыне, - расказаў намеснік старшыні журы, выкладчык Гомельскага філіяла БДАМ і каледжа мастацтваў імя Н.Сакалоўскага Аляксандр Гураў, - цалкам заканамерна. Наш рэгіён даў свету шмат знакамітых музыкантаў. Гэта і Георгій Жыхараў, які ў свой час стаў адным з заснавальнікаў кафедры народных інструментаў цяперашняй Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, і Яўген Гладкоў, што ўзначальвае кафедру струнных народных інструментаў гэтай ВНУ зараз, і Павел Неўмяржыцкі. Ён з'яўляецца салістам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча. А таксама, зразумела, удзельнікі ансамбля "Лірыца". Узяўшы на сябе арганізацыю такога спаборніцтва, яны працавалі ледзь не па 22 гадзіны ў суткі! Рыхтуючы Першы конкурс, уласна аб'ездзілі ўсю вобласць, даючы канцэрты і праслухоўваючы маладых музыкантаў. Цяперашні конкурс таксама прайшоў вельмі зладжана, прадэманстраваўшы высокі ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў, за што вялікі дзякуй педагогам (некаторыя з іх, дарэчы, падрыхтавалі не толькі па некалькі канкурсантаў, але і па некалькі лаўрэатаў). Планку ўзнялі і штодзённыя вячэрнія канцэрты членаў журы, у тым ліку знакамітых маскоўскіх і ўкраінскіх віртуозаў. Асабліва ўразіў дуэт "Біс", у складзе якога заслужаныя артысты Расіі Ігар Сенін (балалайка) і Надзея Бурдыкіна (домра). Гэта былі папраўдзе святочныя дні! Наступны конкурс - у 2012-м. Спадзяёмся, ён стане міжнародным.

На здымку: "Лірыца" пад час Сусветнай выстаўкі ў Шанхаі.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"