Рытм чалавека

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

Старонкі “Летапісу”, год 2010-ы: у палоне эклектыкі

/i/content/pi/cult/312/5421/pic_31.jpgСтудыя "Летапіс" - адна з самых вядомых творчых адзінак Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", якая з 1925 года несупынна стварае кінахроніку жыцця нашай краіны і яе людзей. Сёння тут працуюць рэжысёры трох пакаленняў, якія робяць розныя стужкі на аматара самых процілеглых стылёва-жанравых кірункаў: ад навукова-папулярных экскурсаў да высокамастацкіх аўтарскіх роздумаў. Днямі ў Мінску адбыўся своеасаблівы агляд прадукцыі, створанай на "Летапісе" за мінулы год. Дзевятнаццаць стужак ад розных рэжысёраў, 19 поглядаў на свет вакол нас, краіну, нашых сучаснікаў ды гістарычных асоб. 

 

Крыніца. Невычэрпная...

З гістарычнай асобы, бадай што самай легендарнай постаці беларускай мінуўшчыны, і пачаліся прагляды ў "Цэнтры-відэа". Міхаіл Жданоўскі- мастацкі кіраўнік "Летапісу" - найперш вядомы гледачу-спецыялісту як тонкі лірык, што часта звяртаецца ў сваёй творчасці да партрэтаў людзей мастацтва. Вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі Вітаўт Кейстутавіч, наадварот, успрымаецца сёння як пазбаўлены сантыментаў палітычны дзеяч, які жалезнай рукой стварыў і кіраваў вялізарнай краінай, што прасціралася "ад мора да мора". Тым не менш, менавіта Міхаіл Жданоўскі выступіў як аўтар поўнаметражнай стужкі "Паходня вайны", якая апавядае пра асобу князя.

Зразумела, непасрэдных сведчанняў пра часы Вітаўта, яго постаць вельмі мала, няма нават прыжыццёвых выяў вялікага князя. Недахоп ілюстрацыйнага матэрыялу - галоўная праблема стваральнікаў дакументальных стужак на гістарычную тэматыку. Міхаіл Жданоўскі скарыстаўся, здаецца, усімі магчымымі гравюрамі і карцінамі з варыяцыямі на тэму аблічча Вітаўта, здолеўшы зрабіць гэтыя застылыя ў часе выявы сапраўды жывымі для гледача. Прынамсі, абышлося без звыклай у наш час анімацыі - вобразы ствараюцца ды ажываюць у фантазіі захопленага перыпетыямі біяграфіі князя гледача.

Па форме "Паходня вайны" набліжаецца, хутчэй, да навукова-папулярнай тэлеперадачы, досыць папулярнага сёння жанру, што, аднак, не аказвае значнага ўплыву на якасць стужкі. Так, яна ўключае ў сябе шматлікія фрагменты інтэрв'ю з беларускімі, літоўскімі, украінскімі навукоўцамі, амаль цалкам пабудавана на іх маналогах, на дыктарскім тэксце, мае свой рытм, пэўную стратэгію. Здымкі сучасных "рыцарскіх турніраў" на Грунвальдскім полі і ва ўкраінскай крэпасці Хоцін з удзелам беларускіх аматараў гістарычнай рэканструкцыі ўстаўлены ў карціну і нібыта яднаюць сучаснага гледача з суровымі часамі Сярэднявечча.

Адзначым, попыт на сюжэты з айчыннай гісторыі /i/content/pi/cult/312/5421/pic_32.jpgсёння ці не самы высокі, асабліва- у маладога гледача. Праблема нацыянальнага кіно ў тым, як гэты попыт задаволіць: вытворчасць мастацкіх стужак не танная, а карціны кшталту "Паходні вайны" тую задачу хаця б часткова вырашаюць. Іншая справа, што сучасны тэлевізійны глядач прывык да больш шчыльнай, менш сур'ёзнай ды больш забаўляльнай размовы з шэрагу праграм a la Леанід Парфёнаў.

У гэтым сэнсе больш яркімі падаюцца работа Юрыя Цімафеева "Рэфарматар", аб ёй "К" пісала напрыканцы мінулага года, стужкі Ірыны Волах "Зямля і неба" і "Маляваны рай" Галіны Адамовіч. Абедзве апошнія створаны ў падобнай манеры з выкарыстаннем анімацыі і распавядаюць пра падобных па лёсе мастакоў - Язэпа Драздовіча і Алену Кіш. Найбольш удалай з усіх падаецца спроба Ірыны Волах: яе Язэп Драздовіч паўстае не толькі як мастак, але і як жывы чалавек. Прычым, у асноўным дзякуючы сведчанням дзвюх жанчын, якія засталі яго эпоху. З дапамогай не самай складанай тэхнікі, але вельмі ўдала ажыўленыя фантастычныя малюнкі самабытнага майстра. У выніку атрымаўся эмацыйны і адначасова змястоўны аповед з вельмі трапным выкарыстаннем хронікі. На апошняй амаль цалкам заснавана карціна Анатоля Алая "Георгій Жукаў. Вайна і мір маршала Перамогі" - гэта традыцыйная па форме кінапубліцыстыка, дзе, аднак, ёсць месца для невялікага гістарычнага адкрыцця - кадраў кінахронікі 1936 года, на якіх мы бачым генерала Жукава, што прамаўляе тосты за таварыша Сталіна за святочным сталом на беларускіх калгасных дажынках...

 

Неакрэслены сучаснік

/i/content/pi/cult/312/5421/pic_33.jpgКідаючы погляд на леташнюю прадукцыю "Летапісу", дакладна разумееш, што ў мінулым аўтары пачуваюцца больш упэўнена, балазе, кропкі над "і" ў гістарычных сюжэтах ім часцяком дапамагаюць расставіць прафесіяналы-вучоныя. Сучаснасць аказваецца куды больш мудрагелістай і неадназначнай. Знайсці ў ёй пункт адліку, каб адштурхнуцца ад яго, куды цяжэй. У апошніх стужках вытворчасці "Летапісу" гэтая праблема відавочная. Аўтары намагаюцца выбіраць цікавых, але, падаецца, аддаленых ад паўсядзённасці герояў-мастакоў, музыкаў, артыстаў у шырокім сэнсе, часцяком невядомых гледачу і слухачу.

Мы пісалі цягам года пра карціны Віктара Аслюка "Андрэй" і Кацярыны Махавай "Давеку". Герой жа работы Вольгі Дашук "Майстар" таксама займаецца творчасцю, толькі незвычайнай: стварае музычныя інструменты і ўнікальныя драўляныя гадзіннікі. Былы інжынер Дзяржынскага вузла сувязі Андрэй Мартынюк жыве разам з жонкай і двума сынамі ў сваім свеце, дзе пануе рэдкая для сучасных сем'яў гармонія. Рэжысёр стварыла ўдалы партрэт сучасных беларускіх інтэлігентаў, асоб, якіх трэба спярша адчуць на душэўна-духоўным узроўні, а ўжо потым зразумець. Відавочна, аўтарцы "Майстра" гэта ўдалося: яе стужка адрозніваецца пранікнёнай інтанацыяй: перад намі фільм стану, а не фільм дзеяння. А зафіксаваць яго стан, адчуванне - вельмі няпростая задача для рэжысёра, і Вользе Дашук яна ў дадзеным выпадку аказалася пад сілу.

У іншым ракурсе вырашаны кінапартрэт скульптара Валянціна Занковіча - аўтара вядомых не толькі на Беларусі кампазіцый у мемарыяльных комплексах "Хатынь", "Брэсцкая крэпасцьгерой", шматлікіх помнікаў на вуліцах нашых гарадоў. Рэжысёр Валерый Каралёў вырашыў даць слова самому герою - стужка пабудавана на маналогуаповедзе майстра аб сваім творчым жыцці. Перад гледачом паўстаюць асобныя эпізоды з багатай біяграфіі скульптара, асобныя фразы, думкі, работы. Але сказаць, што аўтару ўдалося паказаць унутраны свет творцы, у выніку ўсё ж нельга. "Спяваючая бронза Занковіча" распадаецца на фрагменты і вылучаецца адсутнасцю акрэсленага характару.

Тыя ж недахопы можна знайсці і ў іншай карціне Уладзіміра Цэслюка "Цярновыя вянкі Алімпа", дзе вядзецца гаворка аб маладых беларускіх тэнісістах, і ў стужцы "У зямлі мой лёс" таго ж Валерыя Каралёва. Гэты рэжысёр узяўся расказаць пра галоўнага агранома паспяховай гаспадаркі "Сноў" Уладзіміра Бабра. Фрагменты маналога галоўнага героя, даволі выпадковыя і не вызначальныя, як падаецца, у разуменні яго асобы, не даюць уражання аб канкрэтнай персоне паспяховага сельскага менеджара сучаснага прадпрыемства. Аўтар відавочна не вытрымаў заяўленую канцэпцыю "адзін дзень з жыцця". Свайго героя ён прадстаўляе занадта павярхоўна, фрагментарна паказваючы яго дома і на працы. Як і вышэйзгаданай стужцы Уладзіміра Цэслюка, карціне Валерыя Каралёва востра не хапае цэнтральнага канфлікту, на якім было б магчыма грунтаваць сюжэт.

 

У пошуках новай музы

 Відавочна, што ў мінулым годзе перад беларускімі дакументалістамі стаяла тое самае пытанне, што апошнія некалькі гадоў: якім чынам вылучыць сваё мастацтва ў плыні тэлевізійнага журналізму, які сёння часцяком называюць "дакументалістыкай". Цана гэтага пытання надзвычай высокая: на шляху да высокамастацкага, "фестывальнага" кіно, разлічанага на невялікую колькасць прыхільнікаў, можна згубіць выхад на шырокага гледача, закрыць сабе шлях на тэлебачанне, якое цяпер не толькі вельмі жорстка ставіцца да якасці прадукцыі, але і актыўна падганяе яе пад жорсткія межы свайго "фармату".

Да гонару большасці аўтараў "Летапісу", яны актыўна эксперыментуюць, шукаюць новыя формы у, здавалася б, даўно вядомых жанрах. Як і раней, лідарам у гэтым сэнсе можна лічыць Віктара Аслюка. Ён у кожным сваім творы ідзе на відавочную рызыку быць незразумелым, але, часцей за ўсё, выходзіць пераможцам. І пераможцам у літаральным сэнсе: амаль кожная яго карціна атрымлівае станоўчыя водгукі сярод прафесіяналаў на прэстыжных міжнародных кінафорумах. А значыць, падтрымлівае прэстыж нацыянальнага кіно ў свеце. Як і творы Міхаіла Жданоўскага ды Галіны Адамовіч, якія заўсёды вылучаюцца высокім прафесіяналізмам. Можна толькі вітаць з'яўленне на студыі новых імёнаў Юрыя Цімафеева і Кацярыны Махавай, якія смела робяць свае крокі ў прафесіі дакументаліста.

Між тым, у стужках некаторых аўтараў "Летапісу" больш старэйшага пакалення відавочна пэўная разгубленасць - быццам па інерцыі яны здымаюць свае карціны па рэцэптах трыццацісаракагадовай даўніны, калі актуальнымі былі відавыя кінаальманахі. У гэтым сэнсе з'яўленне новай, лічбавай тэхнікі адыграла толькі адмоўную ролю: аўтары, якія раней працавалі выключна з кінаплёнкай, не спраўляюцца з новай часава-прасторавай парадыгмай. Дакументалістыка, як, дарэчы, і кіно ігравое, імкліва змяняецца, яе эвалюцыйны шлях пакуль непрадказальны. Таму гэты перыяд вымагае ад кінематаграфістаў асаблівай творчай актыўнасці, таго, чаго не стае некаторым айчынным аўтарам.

Тое, што часы змяняюцца, можна заўважыць і па адносінах да дакументальных стужак на Нацыянальнай студыі. Калі раней гатовая кінапрадукцыя часцяком выглядала сіратліва, пакінутая аўтарамі пасля прэм'еры, то цяпер з ёй працуюць! Адзначым: рэдактура "Летапісу" добра падрыхтавалася да агляду за год - невялічкая зала "Цэнтра-відэа" была перапоўнена гледачамі. Думаецца, акцыя - толькі пачатак працы па папулярызацыі нашай сучаснай дакументалістыкі. Стан яе заслугоўвае пільнай ўвагі.

Антон СІДАРЭНКА

Кадры са стужак прадастаўлены прэс-службай Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".