Хронікі асабістага Раю

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

Значнай падзеяй мастацкага жыцця нашай краіны сталі прэм’еры дзвюх стужак Галіны АДАМОВІЧ — “Інакіня” і “Маляваны рай”. Першая апавядае пра гісторыю духоўнага станаўлення вядомага беларускага кампазітара Ірыны Дзянісавай і створана на студыі імя Святога Іаана Воіна, што дзейнічае пры Свята-Елісавецінскім манастыры ў Мінску. Пра саму студыю “Культура” пісала год таму, а зараз прапануе гутарку з адной з самых значных асоб сучаснай беларускай дакументалістыкі. Поўнаметражная стужка Галіны Адамовіч — не толькі адзін з лепшых яе твораў, але і вельмі важная для айчыннай дакументалістыкі работа. Тым больш зусім нядаўна яна ўзяла Гран-пры IV Міжнароднага праваслаўнага кінафестывалю “Сустрэча” ў расійскім Обнінску.

/i/content/pi/cult/312/5420/pic_30.jpgДа цікавага героя - у трэці раз

- Да асобы кампазітара Ірыны Дзянісавай вы звяртаецеся ўжо трэці раз - пасля выпуску перадачы "Лёс чалавека" і стужкі "Рэгент". Чаму вас прыцягвае менавіта гэтая творца?

 - На адным з сайтаў у Інтэрнэце я бачыла абмеркаванне стужкі гледачамі. Адна жанчына напісала нешта кшталту наступнага: маўляў, такую карціну можна зняць пра кожную з нас, бо шмат у каго трое дзяцей і няпросты жыццёвы шлях. Я сцвярджаю адваротнае: зусім не пра кожную, мая гераіня - унікальная. "Інакіня" - той рэдкі выпадак, калі магчыма на свае вочы прасачыць духоўнае развіццё Асобы, так званы Шлях. Нам удалося зафіксаваць надзвычай складанае ўзыходжанне чалавека да самога сябе. Маці Ірына - неверагодна таленавіты чалавек, які намагаецца зрабіць сваё жыццё духоўна больш дасканалым, таму яе гісторыя так кранае. Калі я даведалася, што Ірына стала інакіняй, то адразу ў гэта не паверыла. Вобраз жанчыны ў ружовым, з кароткай стрыжкай, цыгарэтай, той, якая плануе далейшае свецкае жыццё, быў вельмі яркі, стаяў у мяне перад вачыма. І раптам - такі паварот! Яна сама патэлефанавала мне і прапанавала зрабіць стужку на студыі імя Іаана Воіна. Ірына - вельмі таленавіты, прыемны чалавек. Пытання наконт адмовы ў мяне не ўзнікла: вялікае шчасце для рэжысёра - мець такую гераіню.

- Хто з вашых мінулых герояў больш за іншых пранік у ваш унутраны свет?

- Кожны па-свойму пакінуў зарубкі на сэрцы - сапраўднае кіно ствараецца на крыві, поце, слязах. Справа ў тым, што на герояў ніколі не выходзіш выпадкова - іх доўга выбіраеш, "прымерваешся"... Здымаць адно для грошай я не магу - герой павінен быць мне цікавы.

 

Канчатковы мантаж

- Вы адразу напісалі сцэнарый будучай поўнаметражнай стужкі. Ці з самага пачатку планаваліся эпізоды ў Маскве і Санкт-Пецярбургу?

- Адразу. Шмат чаго прапанавала сама маці Ірына, у тым ліку паездку на канцэрт яе сына Ігната ў Маскоўскай кансерваторыі. Той выступае ў знакамітым ансамблі ўдарных інструментаў пад кіраўніцтвам Марка Пякарскага, таму здымаць той канцэрт у любым выпадку было цікава. У Пецярбургу мы здымалі канцэрт капэлы, якой кіруе Ірына, фактычна ў яе альма-матар. Да таго ж, на ім прысутнічаў ейны былы муж. Уявіце сабе, як хвалявалася мая гераіня!

- Фільм зняты вялікім майстрам "кінавока" Таццянай Логінавай. Здаецца, ёй удалося зазірнуць у самае сэрца гераіні...

- У нас з Ірынай Дзянісавай даўнія, вельмі прыязныя адносіны, таму ніякіх забарон на здымкі не было. Адзіны момант узнік якраз у Санкт-Пецярбургу, калі яна адмовілася ад буйнога плана. У выніку нам удалося зняць патрэбны кадр, але, паразважаўшы, я выкінула яго з канчатковага мантажу.

- Дарэчы, ці моцна ён адрозніваўся ад першапачатковай версіі?

- Спачатку хронаметраж стужкі складаў адну гадзіну дзесяць хвілін. Але пасля водгукаў сяброў, што палічылі карціну занадта зацягнутай, я скараціла амаль пятнаццаць хвілін. У прынцыпе, такая вялікая працягласць - звыклая сітуацыя ў сучаснай дакументалістыцы, агульная тэндэнцыя. Да таго ж, маю гераіню трэба было паказваць у развіцці, таму адразу давялося ўключыць у стужку старыя кадры з "Лёсу чалавека". Арыгінальным прыём, пры якім героі глядзяць архіўныя кадры, не назавеш, але гледача трэба было нейкім спосабам увесці ў курс справы. "Жывая" рэакцыя гераіні на архіўныя здымкі з яе ўдзелам таксама была цікавай. Нейкія задумы не атрымалі рэалізацыі з-за фінансавых прычын. У тым ліку адмянілася паездка на Валаам - вельмі важнае месца, дзе адбылося духоўнае станаўленне маёй гераіні, яе вацаркаўленне.

- Ці шмат змяненняў унесла ў канчатковы варыянт стужкі сама гераіня?

- Зразумела, я паказвала Ірыне працоўны варыянт і атрымала шэраг заўваг: далася ў знакі розніца паміж поглядамі людзей па розныя бакі манастырскай агароджы. Асабіста я - чалавек свецкі, таму мяне цікавілі моманты, што прывабліваюць гледача. Да таго ж, кожная са знятых намі рэпетыцый хору, якім кіравала Ірына, доўжылася адну - дзве гадзіны, а ў карціну траплялі толькі лічаныя хвіліны.

- Ці можаце раскрыць чытачам газеты "Культуры" яшчэ які-небудзь сакрэт з аўтарскай "кухні" вашай новай стужкі?

- Адной з найбольш важных сцэн у "Інакіні" з'яўляецца запіс пострыгу Ірыны. Здымаў яго манастырскі аператар яшчэ да нас, таму давялося скарыстацца работай непрафесіянала. Каб зрабіць гэты фрагмент якасна, узялі некалькі запісаў іншых абрадаў пострыгу і зманціравалі. Але на экране гэта не заўважна. Трэба адзначыць, вынікам свайго супрацоўніцтва са студыяй імя Іаана Воіна я вельмі задаволена. Наша стужка мае значны глядацкі поспех: тысячны наклад DVD-дыскаў ужо раскуплены, хоць звычайна для гэтага патрабуецца каля года. Адбыліся нацыянальныя прэм'еры стужкі на фестывалі "Лістапад" і на прэзентацыі студыі ў Мінску, карціна ўдзельнічала ў кінафоруме "Міжнародная кінаасамблея на Дняпры" ў Днепрапятроўску. "Інакіню" прадэманстравалі на канале "ЛАД", нехта размясціў яе ў Інтэрнэце... Цяпер і фільм, і яго гераіня сталі вядомыя далёка за межамі Беларусі... Думаю, прычына поспеху яшчэ і ў тым, як на студыі імя Іаана Воіна працуюць са сваёй прадукцыяй, рэкламуюць яе, загадзя друкуюць афішы і флаеры. Нашай Нацыянальнай студыі ў гэтым плане трэба павучыцца ў калег.

 

Кіно - усё ж не тэлебачанне

- Раскажыце, калі ласка, пра вашу новую карціну, якую вы толькі што знялі на студыі "Летапіс"...

- Карціна "Маляваны рай" - кароткі аповед аб вельмі цікавай мастачцы Алене Кіш, якая працавала на Беларусі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Яна хадзіла па вёсках, як Язэп Драздовіч, і прапаноўвала сялянам намаляваць дыван... Цяпер яе, як і Ніко Пірасмані, лічаць адным з лепшых прадстаўнікоў інсітнага мастацтва. Трагедыя Алены Кіш была ў тым, што жанчыну як мастака ў тыя часы грамадства не ўспрымала, а калі з'явіліся фабрычныя дываны, перасталі прапаноўваць ёй працу, і яна скончыла жыццё самагубствам... Мы стварылі гэтую стужку з адной з самых таленавітых нашых аніматараў - Ірынай Кадзюковай, якая "ажывіла" работы Алены Кіш у кадры. "Маляваны рай" - супрацьпастаўленне хронікі 1940 - 1950х з іх масавасцю і творчасці чалавека, які маляваў свой асабісты Рай. Мне вельмі крыўдна, што аб тым жа Пірасмані ведае ўвесь свет, а пра нашу Алену Кіш - збольшага спецыялісты. Спадзяюся, з выхадам гэтай карціны становішча зменіцца.

- Вы верыце, што калі як след працаваць з гледачом, то дакументалістыка можа зноў стаць папулярнай?

- Фестывалі дакументальнага кіно ў Амстэрдаме і Екацярынбургу збіраюць процьму гледачоў. Тое ж самае назірала колькі тыдняў таму ў, здавалася б, правінцыйным Днепрапятроўску. Жыхары многіх гарадоў прызвычаіліся да якаснага кінапаказу на вялікім экране. У Мінску, на жаль, нават на "Лістападзе", з яго вельмі цікавай дакументальнай праграмай, у залах ёсць пустыя месцы...

- Ці паспрыяе сітуацыі, скажам, з'яўленне ў нас асобнага міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно?

- Несумненна. Шмат хто з гледачоў нават не ўяўляе сабе, што такое сапраўдная дакументалістыка на вялікім экране. Калі мы паказваем свае стужкі ў мінскіх кінатэатрах, у некаторых гледачоў здараецца нешта кшталту шоку ад незвычайнага для іх відовішча...

- Якія рысы павінна мець сучасная дакументалістыка, улічваючы, што большая частка ранейшых яе функцый "адышла" да тэлебачання?

 - Тое, што робіць тэлебачанне, я не называла б кіно ў поўным сэнсе слова. Сапраўдная дакументалістыка заўсёды будзе запатрабавана. І сёння ад нас, дакументалістаў, залежыць, якой убачаць краіну нашы нашчадкі.