“Модны капялюшык” неўтаймаванай “амазонкі”

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

Ася Грыгаровіч-Экстэр: ад кубафутурызму да чыстай канструкцыі

/i/content/pi/cult/312/5416/pic_21.jpgШляхі і раздарожжы - такая, на мой погляд, карта рускага авангарда, яго пошукі кампрамісаў з традыцыяй і адначасова поўнае адмаўленне яе. Справа ў тым, што зжыты, апошлены да таго часу рэалізм перасоўнікаў, і празрыстыя блакітнаружовыя сады містыцызму і залатыя рэтраспекцыі "мирискусников" далі да дзясятых гадоў ХХ ст. глыбокую расколіну: праз яе моцна прабіваюцца парасткі авангарда, г.зн. творчасць тых мастакоў, у каго ўсё наадварот - мінулае выклікае пазяханне, а сапраўднае быццё - толькі ў будучыні, якім бы цудоўным або вусцішным яно ні было. 

Творчасць Паўла Філонава, Міхаіла Ларыёнава, Наталлі Ганчаровай, якая бярэ пачатак у расійскім мадэрне, рыначным лубку ці антычным вазапісе, кажа, што сёй-той з іванаў усё ж помніць свой род і племя. Але палітра Казіміра Малевіча, Любові Паповай, Варвары Сцяпанавай, Надзеі Удальцовай, Вольгі Разанавай, віцябчан Веры Ермалаевай, Іллі Чашніка, Льва Юдзіна, Мікалая Суэціна і нашай гераіні- Аляксандры Экстэр, народжанай у беларускім Беластоку тагачаснай Гродзенскай губерні Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі, прадстаўляецца такой, быццам бы яе стваральнікі імкнуліся забыць усё, што да іх было, быццам бы яны ўсё пачыналі наноў.

Тым не менш, свет нігілізму Экстэр - яркі і дэкаратыўны, ён поўны надзей і варварскай разбуральнай радасці, у якой банальная рэальнасць не іграе больш ніякай ці амаль ніякай ролі. Тут іншая, свая рэальнасць - сутнасная. Тут, у гэтай краіне, з рэчаў і целаў нібы знята скура, і яны, рэчы і целы, ператвораны ў чыстыя ідэі, не здольныя раней выражацца ў "рэальнаматэрыяльнай" форме, увасабляюцца ў плоць і геаметрыю, у шалёныя дэкаратыўныя, як цыганская спадніца, фарбы. І змяшчаецца ўсё гэта ва ўмоўную паветраную прастору альбо ўмоўны вакуум і робіцца моцным і цвёрдым, устойлівым і аддзёртым ад свайго ж уласнага асяроддзя, як бурбалачкі паветра ў бутэльцы мінеральнай "Дарыды". Урэшце, у мастацтве Экстэр трапятала і проста паэзія, "як некалі", проста мара і проста цяпло чыёйсьці рукі, на стары яшчэ чалавечы манер - бадзёрая радасць без мудрагелістага жыцця, геніяльная магутнасць дыхання, дзякуючы якому на яе палотнах і дэкарацыях разгортваліся надзвычайныя плоскасці і паўставала сапраўды моцнае мастацтва, і была проста адзінота ў душы мастачкі, якая на фінішы жыцця чэрпала свае дзіўныя пластычныя формы выключна з самой сябе.

 Я заўсёды быў перакананы (і цалкам застаюся пры сваёй думцы), што створаны прыродай і людзьмі свет валодае невычэрпным багаццем выразных магчымасцей і вечна будзе служыць зыходнай кропкай твораў мастакоў. Але такая перакананасць зусім не азначае катэгарычнага адмаўлення мастацтва "чыстых форм" - камбінацый светлавых плоскасцей, геаметрычных фігур, ліній, рытмічных узораў. Гісторыя мастацтва ўжо даўно даказала, што "чыстыя формы" могуць быць асабістай галіной вобразна-асацыятыўнага мастацтва, якое развіваецца нароўні з традыцыйнай фігуратыўнасцю і на сваёй мове перадае ўспрыманне свету і быцця, апявае новую гармонію светабудовы ці драматычнае напружанне часу. Творчасць Аляксандры Экстэр сведчыць пра гэта з беспярэчнай выразнасцю.

Яркі творчы след мастачка пакінула практычна ва ўсіх галінах выяўленчай культуры - станковы жывапіс, графіка, кніжная ілюстрацыя, кераміка, наватарскія дэкарацыі да спектакляў у маскоўскіх тэатрах, эскізы касцюмаў марсіян для фантастычнага фільма "Аэліта" па аповесці Аляксея Талстога, парадная форма для чырвонаармейцаў, мадэлі для прамысловай вытворчасці тканін і адзення, афармленне ўсерасійскіх мастацка-прамысловых выставак і рэвалюцыйных свят у Кіеве і Адэсе. І, урэшце, яе можна па праву лічыць адной са стваральніц вядомага стылю "арт-дэко" і шалёнай прыхільніцай эстэтыкі канструктывізму. І яшчэ яна была выдатным педагогам, што пад кіраўніцтвам Лежэ і Азанфана выкладала ў французскай Акадэміі сучаснага мастацтва сцэнаграфію і жывапісную кампазіцыю. Дарэчы, сярод яе вучаніц была і маладая Надзея Хадасевіч з беларускай вёскі Зембін, будучая жонка Фернана Лежэ.

"Утрапёная амазонка", "скіфская вершніца" /i/content/pi/cult/312/5416/pic_22.jpg- так называлі Экстэр сучаснікі. Акрамя ўсяго іншага, Ася (яе сямейнае імя) была проста цудоўнай і камунікабельнай жанчынай, якую любілі і паважалі ўсе, хто з ёй сустракаўся або працаваў: ад Пікаса да Таірава, ад Бурлюка да Лентулава, ад Малевіча да Кандзінскага, ад Брака да Р. Дэланэ, ад Дзягілева до Меерхольда, ад Пастэрнака да Ахматавай. Ганна Андрэеўна нават прысвяціла прыгажуні Экстэр цудоўны верш "Стары партрэт": "Тонки по-девичьи нежные плечи,/ Смотришь надменноупрямо./ Тускло мерцают высокие свечи,/ Словно в преддверии храма./ В чьих это пальцах дрожала палитра/ В этом торжественном зале?" Так, у пальцах Экстэр гэтая чарадзейная палітра - палітра непапраўнага рамантыка з гарачым сэрцам і не менш гарачымі вачыма.

У наш век халоднага прагматызму і ледзянога цынізму Экстэр не ў модзе. Або, скажам так, амаль забытая. Каб не такія выдатныя даследчыкі творчасці мастачкі, як французскі крытык, прафесар і заснавальнік парыжскага таварыства "Аляксандра Экстэр" Андрэй Накаў (яго манаграфія "Alexandra Exter" выдадзена ў Парыжы ў 1972 годзе) і расійскі мастацтвазнаўца Георгій Каваленка (куратар даволі скандальнай нядаўняй выстаўкі "Рэтраспектыва", з цяжкасцю сабранай з некаторых захаваных у прыватных калекцыях тэатральных і станковых твораў Экстэр), дык мы наогул бы не ведалі пра мастакоўскія і жыццёвыя перыпетыі гэтай унікальнай жанчыны, а здавольваліся б толькі кароткамі ўспамінамі і сціплымі рэцэнзіямі на яе выстаўкі, якія праходзілі і пры жыцці мастачкі, і - пасля 70-х гадоў, калі авангард быў у Расіі ў нейкай ступені рэабілітаваны. Так, некалькі гадоў таму з вялікім поспехам у Маскве была разгорнута экспазіцыя "Амазонкі рускага авангарда", у якой зіхацеў раздзел іскрамётнага, мажорнага мастацтва нашай зямлячкі. А яшчэ раней яе невялічкая камерная выстаўка экспанавалася ў маскоўскім Тэатральнам музеі імя Бахрушына (я яе бачыў) - але хто яе сёння помніць?! Дапоўню, што значная частка яе спадчыны, асабліва што тычыцца жывапісу, была страчана ў час бязлітаснай грамадзянскай вайны на Украіне.

Наогул кажучы, жыццёвая гісторыя выдатнай мастачкі сусветнага маштабу - сучасніцы вялікіх драматычных рэвалюцыйных і сацыяльных метамарфоз першай паловы ХХ ст.- не была ціхамірнай. Яна нарадзілася 6 студзеня 1882 года ў горадзе Беластоку ў беларускай сям'і калежскага асэсара Аляксандра Грыгаровіча. Але праз чатыры гады сям'я пераехала ў Кіеў, дзе і прайшло яе малалецтва і юнацтва. Тут тата ўладкаваў дзяўчынку ў прыватную жаночую гімназію Святой Вольгі, якую яна закончыла ў апошні год XIX cт. А потым да 1906 года (з трохгадовым перапынкам) займалася ў Кіеўскім мастацкам вучылішчы ў вядомага педагога Мікалая Мурашкі. У час вучобы па вушы закахалася і выйшла замуж за свайго маладога кузена, прысяжнага паверанага пры Кіеўскім акруговым судзе, рэспектабельнага адваката Мікалая Яўгенавіча Экстэра. Так яна і ўвайшла ў гісторыю сусветнага мастацтва пад гэтым імем. Тады ж матэрыяльна паспяховая і нястомная Ася арганізавала на мансардзе свайго дома № 27 па вуліцы Фундуклеўскай (цяпер вул. Багдана Хмяльніцкага) нейкі багемны "вулей", які стаў месцам сустрэч прадстаўнікоў кіеўскага авангарднага мастацтва і нараджэння маніфестаў авангардызму ХХ ст. Многія з новых сяброў месяцамі "гасцявалі" ў гэтым "вуллі", а муж, які абагаўляў Асю, ніколі не ўмешваўся ў яе мастакоўскія справы. Тут яна пазнаёмілася і пасябравала з А. Архіпенкам, А. Лентулавым, Д. Бурлюком, А. Багамазавым, А. Карэвым, М. Якаўлевым, дзякуючы якім здабыла першапачатковую ўласную палітру, заснаваную на гучным спалучэнні жоўтага і чырвонага, сіняга і аранжавага. Словам, задаткі будучай зоркі авангарду развіваліся ў Кіеве ў ідэальнай атмасферы.

У 1907 годзе яна ўпершыню прыехала ў Парыж, дзе паступіла ў мастацкую акадэмію Гранд Шам'ер. Потым зняла майстэрню ў горадзе на Сене, якая стала на доўгі час, да 1914 года, яе галоўным месцам творчых пошукаў і эксперыментаў. Пачынала з імпрэсіянізму ("Нацюрморт з вазай", "Тры жаночыя фігуры"), потым захапілася пуантылізмам і жывапісам Ван Гога. Праз Гіёма Апалінэра пазнаёмілася з Пабла Пікаса, Жоржам Бракам, Фернанам Лежэ, і дзякуючы ім звярнулася да кубізму, у якім убачыла ідэальную форму абагульненай гармоніі, і да тэарэтычных футурыстычных маніфестаў Філіпа Марынеці. Маладая, нястомная, непаседлівая жанчына стала, па сутнасці, першай мастачкай, якая імкнулася да таго, каб з творчасцю французскіх кубістаў і італьянскіх футурыстаў пазнаёміліся і на яе радзіме. І гэтую "акцыю" яна ажыццяўляла з двух бакоў: праз сваю ўласную творчасць, якая ўключала элементы гэтых мастацкіх рухаў, і дзейнасцю ў якасці прапагандыста. Напрыклад, першая манаграфія пра Пікаса на рускай мове была напісана крытыкам І. Аксёнавым па яе ініцыятыве і з яе непасрэднай дапамогай. Паралельна ў Луўры Экстэр вывучала творчую спадчыну француза Ніколы Пусэна. Гэты выдатны класіцыст XVII ст. зачараваў яе яснай рытмічнай ураўнаважанасцю карцін, у якіх не было ніводнай лішняй дэталі. Па вялікім рахунку, калі глядзець у корань, думаю, менавіта Пусэн перш за ўсё прывёў Экстэр да кубізму, што можна пабачыць у яе палотнах "Мост. Сеўр", "Гавань", "Бераг Сены". Адначасова яна самастойна, не азіраючыся па баках, эксперыментавала з колерам і рухам, што наглядна паказала ў вельмі дынамічных пейзажных кампазіцыях "Фларэнцыя", "Горад уначы".

Пасля першага наведвання Парыжа Ася практычна кожны год праводзіла тут па некалькі месяцаў. У 1912 годзе нават паказала свае кубістычныя творы на 28-й выстаўцы "Салона Незалежных" разам з Маркам Шагалам. Але, будучы ад прыроды натурай пачуццёвай, яна імкнулася ў сваім кубізме пераадолець халодны, манахромны "пікасаўска-бракаўскі" рацыяналізм, каб выявіць у сваіх карцінах чароўную эмацыйнасць, гучны, звонкі, жывы колер, які, па сутнасці, і стаў сапраўдным "героем" яе жывапісу. У яе паліфанічным кубізме выразна расквечваецца жыццярадасны, карнавальны пачатак: у спадаючых каскадах колеравых плоскасцей, у незлічоных зменлівых кантрастах, у мностве светлавых рэфлексаў. Экстэр быццам бы гуляе ўласцівасцямі колеру і святла: шчыльнасцю, празрыстасцю, лёгкасцю. Яна шмат шукае, свядома можа перайсці ад аднаго стылю да другога, захоўваючы аднак сваё мастакоўскае шматтэмбравае "я". Хтосьці з крытыкаў жартаваў: "Як дамы з кожным сезонам мяняюць свае капялюшыкі, так дакладна спадарыня Экстэр стварае з імпрэсіянізму, кубізму, футурызму модны капялюшык для кожнага сезона ў жывапісе".

1910-я гады былі для Экстэр вельмі плённымі. Мабыць, самымі жыватворнымі ва ўсім яе жыцці. Старалася не прапускаць авангардныя выстаўкі, такія як "Бубновы валет", "№4", "Трамвай В", "Трохкутнік", "Магазін", "Саюз моладзі", "Звяно". Восенню 1919 года разам з Шагалам, Фалькам, Лісіцкім, Пэнам, Кандзінскім, Малевічам, Канчалоўскім прыняла ўдзел і ў Дзяржаўнай выстаўцы карцін мясцовых і маскоўскіх мастакоў у Віцебску, якая экспанавалася ў клубе Борахава на Гогалеўскай вуліцы, 10...

 (Заканчэнне будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"