Чароўная флейта

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

У Мінск прыбыла флейта “ад Уладзіміра Співакова”.

Маэстра перадаў яе ў бестэрміновае карыстанне лаўрэату міжнародных конкурсаў, стыпендыяту спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, студэнтцы 2-га курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Юліі Шчасновіч.

Гэты падарунак можна лічыць рэхам Міжнароднага фестывалю "Уладзімір Співакоў запрашае", які праходзіў у нас летась у снежні. Увогуле, Фонд Уладзіміра Співакова ў свой час падтрымаў віяланчэліста Івана Карызну, флейтыстку Таццяну Кармазінаву... Ведаючы такі высокі ўзровень беларускай выканальніцкай школы, У.Співакоў пад час свайго прыезду на фестываль паслухаў яшчэ адну выхаванку прафесара, загадчыка кафедры драўляных духавых інструментаў БДАМ Барыса Нічкова.

 - Здзівіць Співакова цяжка, - распавёў Барыс Уладзіміравіч. - Тым больш, што яго дачка - флейтыстка, і ён надзвычай тонка разбіраецца ва ўсіх асаблівасцях флейтавага выканання, дэталёва ведае рэпертуар. Была і такая аб'ектыўная складанасць, як узрост: Юліі 20 гадоў, а Фонд Співакова падтрымлівае музыкантаў да 18ці. Тым не менш, сустрэча адбылася. Уладзімір Тэадоравіч паслухаў Баха, потым Фантазію на тэмы з оперы "Кармэн", распытаў тое-сёе, узяў пашпартныя дадзеныя - і папрасіў яго пачакаць. Вярнуўшыся, апроч іншага, сказаў: "Вам добрая флейта патрэбна".

Вось такая гісторыя ў гэтага інструмента. Флейту, дарэчы, выбірала дачка Співакова. І праз Пасольства Расіі ў Беларусі інструмент перадалі ў наша Міністэрства культуры. У хуткім часе павінна адбыцца прэзентацыя атрыманай флейты, а таксама запланаваная гастрольная паездка.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"