Пра час і пра сябе

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

Георгій Паплаўскі… Імя гэтага творцы, народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Расійскай акадэміі мастацтваў, вядомае не толькі ў нашай краіне, але і ў многіх кутках планеты, куды даляцеў ягоны шчыры мастакоўскі голас.

/i/content/pi/cult/312/5413/pic_18.jpg3 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у святочнай атмасферы, у коле вядомых дзеячаў культуры сталіцы, адбылося ўшаноўванне майстра, прысвечанае 80-гадоваму юбілею, які ён нядаўна адзначыў. Павіншавалі яго і сказалі добрыя словы пра яго выдатны талент, пра яго пачуццё глыбокай адказнасці за свой час, чалавечнасць і высокую грамадзянскасць міністр культуры Беларусі Павел Латушка, намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, народны мастак Беларусі Леў Гумілеўскі, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў.

Павел Латушка ў час свайго выступлення зачытаў тэлеграму Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, дзе гаварылася пра выдатны ўклад мастака ў нацыянальную культуру Бацькаўшчыны. І ад імя Кіраўніка дзяржавы міністр уручыў Маэстра цудоўны букет кветак.

У сваім слове ў адказ Георгій Георгіевіч горача падзякаваў усім за сардэчную ўвагу да яго асобы, за шчырыя адносіны людзей да яго мастацтва, якому ён аддаў амаль што 60 гадоў свайго творчага жыцця. І выказаў надзею, што яму яшчэ ёсць што сказаць "пра час і пра сябе".

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"