3 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у святочнай атмасферы, у коле вядомых дзеячаў культуры сталіцы, адбылося ўшаноўванне майстра, прысвечанае 80-гадоваму юбілею, які ён нядаўна адзначыў. Павіншавалі яго і сказалі добрыя словы пра яго выдатны талент, пра яго пачуццё глыбокай адказнасці за свой час, чалавечнасць і высокую грамадзянскасць міністр культуры Беларусі Павел Латушка, намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, народны мастак Беларусі Леў Гумілеўскі, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў.
Павел Латушка ў час свайго выступлення зачытаў тэлеграму Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, дзе гаварылася пра выдатны ўклад мастака ў нацыянальную культуру Бацькаўшчыны. І ад імя Кіраўніка дзяржавы міністр уручыў Маэстра цудоўны букет кветак.
У сваім слове ў адказ Георгій Георгіевіч горача падзякаваў усім за сардэчную ўвагу да яго асобы, за шчырыя адносіны людзей да яго мастацтва, якому ён аддаў амаль што 60 гадоў свайго творчага жыцця. І выказаў надзею, што яму яшчэ ёсць што сказаць "пра час і пра сябе".