Пілотная ініцыятыва Культурнай сталіцы

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

Гомель сёння жыве ў звычайным сталічным рытме- рытме Культурнай сталіцы Беларусі і Садружнасці Незалежных Дзяржаў 2011 года. І ўжо на гэты працяглы ўік-энд жыхарам горада над Сожам сумаваць не давядзецца: зірніце па доказы ў любую інтэрнэт-афішу...

/i/content/pi/cult/312/5406/pic_8.jpg

Насычанасць падзеямі засведчылі і два "пробныя" месяцы 2011-га, калі Гомель культурны не сыходзіў са старонак прэсы і экранаў ТБ. Гэты тэрмін стаў своеасаблівым пралогам да тых урачыстых падзей, што разгарнуліся за колькі гадзін да вясны - 28 лютага. Скажам, ідэю, прапанаваную прадстаўнікамі першай Культурнай сталіцы Беларусі - Полацка, як мага раней пачынаць прэзентацыю горада з ганаровым статусам у Мінску, гамяльчане відавочна ўзялі на ўзбраенне: яшчэ месяц таму першы праект акцыі Гомельскі палацава-паркавы ансамбль прэзентаваў у Нацыянальным гістарычным музеі.

Пра насычанасць падзеямі і своеасаблівую атмасферу абласнога цэнтра казаў у горадзе над Сожам міністр культуры Беларусі Павел Латушка ў час прэсканферэнцыі, якая адбылася ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі:

- Для нас вельмі важна актывізаваць культурнае жыццё ў самім Гомелі. Мы ініцыявалі Гомель як культурную сталіцу Садружнасці яшчэ і таму, што тут шмат фестываляў, конкурсаў.

Такая спрыяльная культурная насычанасць, па словах міністра, вынікае з таго, што горад стаў цэнтрам трохкутніка, які аб'ядноўвае Беларусь, Расію і Украіну. "Культура гэтых трох народаў аказвае вялікі ўплыў на развіццё ўсяго рэгіёна", - падкрэсліў Павел Латушка.

Зазначым: менавіта міждзяржаўны кантэкст сёлетняй Культурнай сталіцы стаў лейтматывам усіх урачыстасцей. На цырымоніі ўручэння сертыфікатаў, што адбылася на сцэне Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, міністр інфармацыі нашай краіны, сустаршыня Савета па гуманітарным супрацоўніцтве дзяржаў - удзельніц СНД Алег Праляскоўскі адзначыў, што Гомель стаў горадам, дзе стартаваў першы праект праграмы "Культурныя сталіцы Садружнасці", які праводзіцца ў рамках Года гісторыка-культурнай спадчыны ў СНД і святкавання /i/content/pi/cult/312/5406/pic_9.jpg20-годдзя арганізацыі.

- Усе ініцыятывы ў межах гуманітарнага супрацоўніцтва прыцягваюць грамадства, прыцягваюць людзей неабыякавых, у тым ліку і бізнесменаў, акумулююць рэсурсы - і людскія, і матэрыяльныя, - дадаў Алег Праляскоўскі.

А яшчэ ў час прэс-канферэнцыі міністр культуры Павел Латушка падкрэсліў, што самыя буйныя мерапрыемствы, акрамя фінансавай падтрымкі рэспубліканскага і рэгіянальных бюджэтаў, запланавана ажыццяўляць з улікам сродкаў спонсараў.

- Гэта пілотны праект. Нам важна, каб ён прайшоў на добрым узроўні і каб гэтая акцыя ў Гомелі і Ульянаўску мела добрую будучыню.

 І сапраўды, менавіта расійскі Ульянаўск стане горадам-партнёрам Гомеля ў рэалізацыі праграмы "Культурныя сталіцы Садружнасці". Адпаведны статус ён атрымае акурат 28 сакавіка. Але ўжо цяпер міністр мастацтва і культурнай палітыкі Ульянаўскай вобласці Ірына Котава запрасіла калег з Беларусі да супрацы. Па словах старшыні Гомельскага гарвыканкама Віктара Піліпца, хутка ўсе ўпэўняцца, што горад над Сожам не стане фармальнай сталіцай культуры. І ў доказ таму дадаў асноўныя пазіцыі з бліжэйшых планаў: "Адкрыем пасля рэканструкцыі ГЦК, новую выставачную залу галерэі Вашчанкі..."

/i/content/pi/cult/312/5406/pic_10.jpgПасля распачатай у апошні зімовы дзень у знакамітым Палацава-паркавым ансамблі выстаўкі твораў Вітольда Бялыніцкага-Бірулі з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея і запамінальнага гала-канцэрта жыхары Гомеля чакаюць сапраўднай феерыі культурных падзей. А іх запланавана больш за 160! Напрыклад, цягам 2011-га тут пабывае каля 25 творчых калектываў са статусам "нацыянальны". Вялікі і Купалаўскі тэатры, "Песняры", "Сябры", "Харошкi" - як бачым, гаворка ідзе найперш пра брэнды Беларусі. Мяркуецца таксама зняць дакументальную стужку пра Гомель...

Вядома ж, цікава даведацца і пра тое, чаго чакаюць жыхары Культурнай сталіцы ад распачатай акцыі. На сайце Гомельскага палацава-паркавага ансамбля з гэтай мэтай працуе адпаведнае апытанне. З яго вынікае цікавасць да буйных замежных выставачных праектаў, выступленняў калектываў класічнай музыкі, фестываляў і відовішчаў... А вось радок для прапаноў пакуль вольны. І запоўніць яго - самы час. Адкрытасць да ініцыятыў - гэта яшчэ адзін з бакоў шматаблічнай акцыі "Культурная сталіца Беларусі".

На здымках: у час урачыстасцей з нагоды адкрыцця Культурнай сталіцы Беларусі і СНД.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах