Спонсарства — пад канкрэтныя мэты

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

У Беларусі пашыраюцца магчымасці па выкарыстанні спонсарскай дапамогі ў сферы культуры. Адпаведны Указ № 77, накіраваны на пашырэнне магчымасцей прадастаўлення і выкарыстання бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі ў сферы культуры, 28 лютага падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Гэтым нарматыўным прававым актам пашыраны пералік мэт дзейнасці ў сферы культуры і мастацтва, для рэалізацыі якіх можа быць прадастаўлена такая дапамога. Цяпер спонсарскія сродкі можна будзе накіроўваць на развіццё выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, манументальнага, музычнага, тэатральнага, харэаграфічнага, эстраднага, цыркавога і іншых відаў мастацтва (уключаючы стварэнне новых твораў, падрыхтоўку канцэртных праграм, пастаноўку спектакляў, правядзенне выставак).

Ва Указе таксама замацавана магчымасць прадастаўлення спонсарскай дапамогі на правядзенне алімпіяд, конкурсаў, фестываляў, аглядаў, спаборніцтваў, іншых мерапрыемстваў, якія арганізуюцца па рашэнні не толькі Кіраўніка дзяржавы, Урада, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, але і ўсіх рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання.

Акрамя таго, гэтым нарматыўным прававым актам унесены тэрміналагічныя ўдакладненні ва ўказы Прэзідэнта Беларусі ад 1 ліпеня 2005 года № 300 і ад 26 ліпеня 2005 года № 339 у сувязі з прыняццем Указа ад 19 кастрычніка 2010 года № 542 "Аб правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў".

Указ дасць магчымасць павялічыць прыток пазабюджэтных сродкаў у сферу культуры, што будзе садзейнічаць развіццю ўсіх відаў прафесійнага мастацтва і павышэнню мастацкага ўзроўню фестываляў і іншых творчых акцый.

Гэты ўказ уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання.

Паводле паведамлення Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 

 

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 77, падпісаны 28 лютага, спецыяльна для "К" пракаменціраваў начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл Казловіч.

Па ягоных словах, гэты дакумент стварае спрыяльныя ўмовы для прыцягнення дадатковых сродкаў у галіну культуры, што, безумоўна, прывядзе да актывізацыі ўсёй сферы і будзе садзейнічаць стварэнню новых цікавых і яркіх праектаў.

- Да таго ж, калі параўноўваць 2010 год з мінулымі гадамі, - зазначыў Міхаіл Казловіч, - аб'ёмы спонсарскай дапамогі, што былі прыцягнуты на мерапрыемствы ў сферы культуры, павялічыліся ў некалькі разоў. У гэтым і ў наступных гадах, паводле прагнозаў начальніка ўпраўлення мастацтваў, аб'ёмы спонсарскай дапамогі таксама будуць павялічвацца.

У той жа час, заўважыў Міхаіл Казловіч, галіна сёння не можа поўнасцю перайсці на спонсарскую дапамогу і адмовіцца ад бюджэтных сродкаў.

- Бюджэтнае фінансаванне для сферы культуры ўсё адно неабходнае, каб яна нармальна развівалася, - падкрэсліў суразмоўца "К". - Спонсарская дапамога стане не асноўным, а дадатковым стымулам развіцця.