“Лялькамерон”: і звонку, і знутры

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

У Беларускім тэатры “Лялька” новы спектакль — “Дэкамерон”, імправізацыі на тэмы Дж.Бакачыа ў пастаноўцы Віктара Клімчука. Да гэтага знакамітага твора звярталіся розныя рэжысёры, больш альбо менш знакамітыя і з рознымі адносінамі да класікі.

/i/content/pi/cult/312/5404/pic_7.jpgКласікі? З пункту гледжання аддаленасці ад нашых дзён - так: вядома, "Дэкамерон" напісаны ў сярэдзіне ХІV стагоддзя. А вось калі прыгледзецца да самога тэксту, відавочна, што структура яго - зусім сучасная і надзвычай нагадвае постмадэрнісцкія творы. Яго можна чытаць з любога моманту: сэнс складваецца, бы кубік Рубіка, іроніяй прасякнуты ў ім кожны радок, а насычанасць эротыкай часам пераходзіць мяжу. А самае галоўнае, аповед вядзецца ад імя не аднаго аўтара, і сутнасць навел-серый раскрываецца ў залежнасці ад настрою чытача.

Лялечная сцэна, як ніякая іншая тэатральная прастора, дазваляе сёння найбольш блізка падысці да самага зерня віртуальнай рэальнасці. Папершае, тут існуе гульня з аб'ектам (лялькай). Па-другое, ва ўзаемадзеянні жывога чалавека (акцёра) і марыянеткі ці верхавой лялькі ажыццяўляецца эфект прысутнасці вось у гэтую самую хвіліну ўнутры створанай рэальнасці, якую адначасова можна назіраць і знаходзіцца ўнутры яе. І лагічна, што рэжысёр Віктар Клімчук скарыстаўся магчымасцю надаць візуальнасць некаторым з бакачыеўскіх матываў. Розныя гледачы (з рознымі густамі, ведамі і падрыхтоўкай) убачаць у спектаклі сваё. Хтосьці ўразумее толькі знешняе аблічча масавай культуры з яе ўлюбёнымі тэмамі бясконцых высвятленняў адносін паміж жонкамі, мужамі ды палюбоўнікамі. Хтосьці падзівіцца бліскучаму феерверку жоўта-зялёна-чырвоных фарбаў, што ўспыхвае ў пралогу і пераліваецца цягам усяго спектакля, весела і радасна дражнячы вочы. Хтосьці спасцігне поўню тонкай іроніі, якая прасякае тэкст і пластыку пастаноўкі і падаецца абсалютнай акцёрскай імправізацыяй...

У Віктара Клімчука галоўнай робіцца буфонная інтанацыя карнавала. Гэта дазваляе яму стварыць вонкавую абалонку "Дэкамерона": гарадскі рэнесансны анекдот, які, тым не менш, дапасуецца да сучаснасці. Яна прасякнута ноткамі рамантычнымі, іранічнымі, а часам і шаржыраванымі. Стыль пастаноўшчыка пазнаецца адразу: у спектаклях для дарослых Клімчук з'яўляецца прыхільнікам філасофскіх тэкстаў. Рэжысёр нагрувашчвае спектакль: эпізодаў шмат, паслядоўнасць іх неабавязковая, логіка мантажу часам не выяўляецца, і, здаецца, ягоныя партытуры надзвычай вязкія. Так ствараліся "Ладдзя Роспачы" Ул. Караткевіча, "Сказ пра Гаўрылу з-пад Полацка" П. Сінкевіча, "Жураўлінае пяро" Д. Кінасіты... Гэткі аўтарскі почырк справакаваны ягоным успрыняццем часу і прасторы, а таксама сцэны і жыцця. Тэмп пастаноўкі нагадвае подых і рух вулканічнай лавы: доўгі, пругкі, цяжкі, шырокі. І такі стыль падтрыманы мастакамі Алесем і Ганнай Сідаравымі, чые сцэнічныя прадметы маштабнасцю сваёй кантрастуюць з крохкімі вытанчанымі лялькамі-марыянеткамі.

Кожная з сюжэтных ліній, абраных рэжысёрам, праходзіць ад пачатку да фіналу, яны рухаюцца ў часе паралельна і таму існуюць як бы сінхронна. Усё разыгрываецца выключна лялькамі, і галоўная інтанацыя тут - буфанада. Рамантычная ж нота знешне ўвасабляецца з дапамогай анімацыі: калі закаханыя маладыя ўздымаюцца над шырмай, іх фігуры робяцца мультымедыйнымі, плывучы ў небе з зоркамі ў далонях. Акцёры тэатра ў вобразах акцёраў у яркіх бліскучых карнавальных касцюмах і галаўных уборах таксама маюць свой сюжэт: яны выходзяць на плошчу-сцэну, і пачынаецца магія тэатральнай рэпетыцыі, дзе ўжо валадарыць інтанацыя плошчавага фарсу рэнесанснага тэатра. Гэтая сюжэтная лінія вонкава абрамляе лялечныя эпізоды, спалучае іх паралельныя лініі. А па сутнасці, менавіта акцёры іграюць камедыю з лялькамі, ствараюць віртуальную рэальнасць спектакля, з'яўляючыся і назіральнікамі, і ўдзельнікамі гульні.

Герой у вобразе Аўтара (Алесь Маханькоў) падобны на дырыжора, рэжысёра або акцёра-пратаганіста, які і задае ўсю танальнасць спектакля. Ён жа - каментатар таго, што адбываецца з акцёрамі і марыянеткамі, а да ўсяго - актыўны ўдзельнік падзей, творца іранічных адценняў у спектаклі, рухавік дзеяння. І ясна, што менавіта ён змацоўвае ўсе лініі пастаноўкі.

Сэнс "Дэкамерона" Бакачыа - супраціўленне смерці і сцвярджэнне права на зямную радасць. Сутнасць спектакля, створанага віцебскімі лялечнікамі, - адчуванне і п р ы н я сенне на сцэну фее р в е р к у артыстызму, непасрэднасці і любові. У тым ліку, і да тэатра.

Таццяна КАТОВІЧ

Віцебск

На здымку: сцэна са спектакля "Дэкамерон".