НА АЛІМПЕ ТЭРПСІХОРЫ КАЦЯРЫНА — ПЕРШАЯ!

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

Салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Кацярына Алейнік заваявала Першую прэмію, залаты медаль і спецыяльны прыз на VIII Міжнародным харэаграфічным фестывалі-конкурсе “Танцавальны Алімп” у Берліне. Яе партнёрам па ўзыходжанні на новую прафесійную вяршыню быў Канстанцін Геронік...

/i/content/pi/cult/312/5401/pic_4.jpgПялёсткі балета

Пад грукат колаў з самога Алімпа

 Кацярына Алейнік - маладая салістка і, разам з тым, адна з самых тытулаваных зорак Беларускага балета. Нядаўна збор яе шматлікіх конкурсных перамог папоўніўся яшчэ некалькімі ўзнагародамі. Гэтым разам - на "Танцавальным Алімпе", VІІІ Міжнародным харэаграфічным фестывалі-конкурсе ў Берліне.

Слова "алімпіяда" ўжо даўно не ўспрымаецца выключна спартыўным спаборніцтвам. Берлінскі Алімп апанавалі артысты балета з усяго свету, а на самую вяршыню ўзышлі менавіта нашы танцоўшчыкі - салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Кацярына Алейнік і Канстанцін Геронік, якія выступалі ў пары. Яны атрымалі першую прэмію, залаты медаль і спецыяльны прыз старшыні журы і патрона гэтага спаборніцтва, дырэктара Берлінскага балета Уладзіміра Малахава. Ну, а дадатковай узнагародай, вельмі значнай для кожнага артыста, стаўся для іх удзел у гала-канцэрце "Танцавальнага Алімпа".

Трэба спадзявацца, наступныя "Танцавальныя Алімпы" будуць штурмаваць і іншыя нашы салісты. Бо конкурс гэты вельмі прэстыжны, з 2005 года ўваходзіць у Асацыяцыю міжнародных конкурсаў артыстаў балета, якую ўзначальвае Юрый Грыгаровіч, а таксама ў іншыя міжнародныя суполкі, у тым ліку пад эгідай UNESCO.

Цікава, што адной з мэтаў правядзення гэтых "алімпійскіх спаборніцтваў" з'яўляецца стварэнне "Тэатра свету" - маладзёжнай міжнароднай харэаграфічнай трупы, складзенай з пераможцаў конкурсу розных гадоў. Гэтай ідэі як мага лепей пасуе дэвіз фестывалю: "Танец - мова свету". Не патрабуючы перакладу, пластыка як "гаворка цела" зразумелая прадстаўнікам усіх народаў і нацый. Чарговым доказам гэтай думкі і, адначасова, дадатковым пацвярджэннем прызнання нашай харэаграфічнай школы стала запрашэнне Кацярыны Алейнік выступіць у партыі Кітры ў вільнюскай пастаноўцы балета "Дон Кіхот". Між іншым, яна ўжо танцавала ў Вільнюсе - летась, таксама ў "Дон Кіхоце". І яшчэ- у гала-канцэрце. А калі запрашаюць некалькі разоў запар, гэта шмат пра што гаворыць - найперш, пра запатрабаванасць і папраўдзе высокі ўзровень сусветнага кшталту.

 Ну, а наша размова з маладой прымадоннай атрымалася тэлефоннай - пад грукат чыгуначных колаў у якасці акампанементу: яна ехала на гастролі ў Вільнюс.

- Не паспелі нават адпачыць? З адной паездкі ў другую...

- Які там адпачынак? Да таго ж, гэта быў ужо мой восьмы конкурс, таму я да/i/content/pi/cult/312/5401/pic_5.jpg іх навучылася ставіцца больш спакойна. Мы танцавалі толькі па-дэ-дэ з "Дон Кіхота". Складанасць такіх конкурсаў, канешне, у тым, што ўсяго за адзін нумар ты павінен паказаць усё, на што здольны. Затое не паспяваеш стаміцца. Так што, вярнуўшыся, ужо 25 лютага мы з Косцем Геронікам танцавалі "Дон Кіхота" на роднай сцэне. У яго гэта была прэм'ера!

- А вас у партыі Кітры я бачыла неаднойчы - яшчэ з часоў, калі вы займаліся ў Харэаграфічным каледжы. Танцавалі вы яе і пад час леташніх гастроляў нашага тэатра ў Мексіцы.

- Так, але з вельмі вопытным майстрам Канстанцінам Кузняцовым. У Вільнюсе спектакль - 5 сакавіка, а ўжо 6-га ў мяне - "Пахіта". Вядома, у Мінску. Таму вельмі чакаю свята 8 Сакавіка - найперш, як выхаднога дня, каб проста адпачыць.

- І што, больш нічога святочнага?

- Чаму ж? Як і любой жанчыне, мне прыемна атрымліваць знакі ўвагі, кветкі, падарункі - дарэчы, не толькі раз на год, а куды часцей. Я вельмі люблю кветкі, асабліва ружы. Яны адразу ўзнімаюць настрой, ствараюць атмасферу нейкай пяшчоты, утульнасці і - урачыстасці. Яны ўвогуле для мяне - бы нейкі сімвал балета: трапяткія пялёсткі і вострыя шыпы...

Фота з архіва Кацярыны Алейнік.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"